https://www.traditionrolex.com/8
<p>Аб гэтым ішла размова на рэспубліканскім семінары на тэму «Праблемы і перспектывы развіцця паляўнічага турызму ў Рэспубліцы Беларусь» з удзелам работнікаў лясной гаспадаркі, прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі, сродкаў масавай інфармацыі. Усіх іх сустракалі ў паляўнічым комплексе «Вязычын» ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас», на базе якога прайшло мерапрыемства</p>

Нягледзячы на тое, што выраз «паляўнічы турызм» сёння ўжо здаецца ўстойлівым, пытанні спалучэння паляўніцтва і турызму  з парадку дня  не зняты, паведамляе «Бярэзінская панарама».

Аб гэтым ішла размова на рэспубліканскім семінары на тэму «Праблемы і перспектывы развіцця паляўнічага турызму ў Рэспубліцы Беларусь» з удзелам работнікаў лясной гаспадаркі, прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі, сродкаў масавай інфармацыі. Усіх іх сустракалі ў паляўнічым комплексе «Вязычын» ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас», на базе якога прайшло мерапрыемства.

Ва ўсіх лясгасах Міншчыны, як адзначалі напачатку семінара галоўны ляснічы, першы намеснік генеральнага дырэктара Мінскага ДВЛГА Яўгеній Крыскевіч і начальнік аддзела аховы лесу, паляўніцтва і паляўнічага турызму Сяргей Сенькевіч, створаны паляўнічыя комплексы, аднак стопрацэнтнай загружанасці, а значыць, і поўнай аддачы, ад іх пакуль няма. У гэтым могуць дапамагчы турыстычныя агенцтвы, паколькі на месцах не хапае вопыту і не заўсёды ёсць магчымасць, каб развіваць паляўніцтва як турыстычную паслугу.

Абмеркаванне асноўнай тэмы было заяўлена на пасяджэнне «круглага стала», аднак пачалося яно ўжо ў час знаёмства з паляўнічым комплексам. Бярэзінскі лясгас, прычым адзін з першых у вобласці і толькі за ўласныя сродкі, пачаў уладкоўваць комплекс у Вязычыне з такім разлікам, каб сюды прыязджалі адпачываць. За кароткі час маляўнічы куток Бярэзіншчыны, сам па сабе багаты наваколлем, гарманічна з прыродай ажывіўся сучасным комплексам. Тут ёсць усё неабходнае для жадаючых зліцца з прыродай і ў той жа час не адчуць бытавых нягод: утульныя домікі для пражывання – з кухняй, спальнымі месцамі і абавязкова з камінам, лазня з выхадам да возера. На тэрыторыі комплексу створана экалагічная сцежка, ёсць цір, вальеры з дзікай жывёлай і нават пастаянная жыхарка – мядзведзіца. Зімой тут можна пакатацца на лыжах, а ўлетку – на веласіпедзе, на катамаранах – па возеры. Сёлета плануецца ўладкаваць дзіцячую пляцоўку,  паколькі летась пачалося ажыўленне сямейнага адпачынку.

2

У планах Бярэзінскага лясгаса, як паведаміў яго дырэктар Сяргей Чэмка, знаёмячы з комплексам і арганізацыяй у цэлым, адкрыццё вальернага палявання з лука. Летась у вальеры каля комплекса былі створаны аглядавая пляцоўка, назіральныя вышкі. Паляўнічая гаспадарка займае крыху больш за 94 тысячы гектараў, дзе працуюць інжынер-паляўнічазнаўца і 8 егераў. У мінулым годзе было арганізавана 17 паляўнічых тураў з удзелам замежных грамадзян, і ўжо сёлета – 5. Едуць як пастаянныя замежныя паляўнічыя, так і новыя, летась з удзелам «першаадкрывальнікаў» бярэзінскіх лясоў з іншых краін прайшло 7 тураў. У большасці гэта расіяне, і спрацоўвае ў асноўным «сарафаннае радыё», таму ёсць «неўзаранае поле» для тураператараў. Пакуль жа лясгасы часцей напрамую працуюць з жадаючымі прыехаць на паляванне ў Беларусь.

3

Летась у сталічнай вобласці, як адзначыў ужо на пленарным пасяджэнні галоўны паляўнічазнаўца Мінскага ДВЛГА Максім Мігун, з удзелам замежных грамадзян было наладжана 76 паляўнічых тураў. Асноўная частка даходу ад іх паступае ў кастрычніку–снежні, калі адкрыты ўсе віды палявання. Астатні час задзейнічана значна менш, хаця ў гэтым напрамку можна працаваць круглы год.

У цэлым па абласным аб’яднанні паляўнічыя ўгоддзі займаюць 23,4 працэнта ўсяго ляснога фонду (756,7 тысячы гектара), дзе ў пэўны час дазваляецца паляванне на дзікага кабана, лася, казулю, аленя, глушца, цецерука і інш. Аднак на глушца і цецерука попыт паляўнічых пераважае над прапановай.

Расійскія грамадзяне прыязджаюць папаляваць і забраць трафей  і мяса, паляўнічых з Заходняй Еўропы больш цікавяць трафеі. Дарэчы, самы вялікі трафей – рогі лася вагой у 12 кілаграмаў – быў здабыты ў бярэзінскіх лясах. Менавіта ў Бярэзінскім лясгасе летась сустракалі і першых прадстаўнікоў з арабскіх краін. У гэтым годзе тур з імі намечаны на 12 красавіка.

З кожным годам павялічваецца даходная частка ад прадастаўлення паляўнічых паслуг, летась па Мінскім ДВЛГА яна склала 5 мільярдаў 728 мільёнаў рублёў, у Бярэзінскім лясгасе паляўнічая гаспадарка прынесла 862 мільёны рублёў. Аднак даход можа быць большым, калі за справу па пошуку і прыцягненні кліентаў возьмуцца спецыялісты сваёй справы. Асноўная ж задача паляўнічазнаўцаў – праводзіць біятэхнічныя мерапрыемствы, наладжваць ахову ўгоддзяў, арганізоўваць паляванне.

З другога боку, сёння ўсё больш складана прыцягваць турыстаў адным паляваннем, таму неабходна развіваць іншыя напрамкі, у прыватнасці экалагічны турызм. З гэтай мэтай на тэрыторыях паляўнічых комплексаў ствараюцца экалагічныя сцежкі і маршруты, якія нясуць пазнавальную і забаўляльную функцыі. Не менш запатрабаванымі сталі  ціры для трэніровак, падрыхтоўкі паляўнічых. А калі хтосьці з замежных паляўнічых або адпачываючых пажадае наведаць Нясвіж, Мірскі замак або іншыя гістарычныя месцы Беларусі? Зноў жа, карты самі просяцца ў рукі тураператараў.

4

Значыць, паняцце паляўнічага турызму, нягледзячы на тое, што гэта тавар эксклюзіўны,  можна пашыраць і развіваць, патэнцыял для гэтага вялікі. У той жа час прадстаўнік аднаго з турагенцтваў выказаў асцярогу наконт матывацыі для доўгатэрміновай работы. Можа здарыцца так, што тураператар патраціць час, сілы і сродкі на пошук кліента, а на  наступны год і далей ён, кліент, будзе звязвацца напрамую з лясгасам.

Усе кропкі над «і» ў гэтым пытаннні расставіў галоўны ляснічы, першы намеснік генеральнага дырэктара Мінскага ДВЛГА, расказаўшы пра ўжо існуючы вопыт у сталічнай вобласці – у заключаным  дагаворы загадзя вызначаецца ўмова, па якой кліент можа паўторна прыязджаць толькі праз турыстычнае агенцтва.

– Мы зацікаўлены ў доўгатэрміновым супрацоўніцтве і пастаянных наведвальніках, – адзначыў Яўгеній Крыскевіч.  – Хаця і кліентам, пасля таго як яны наведаюць адно месца некалькі разоў, у наступны раз захочацца новых уражанняў, таму пра пастаянства тут можна гаварыць адносна. Нельга не бачыць перспектывы супрацоўніцтва з турыстычнай індустрыяй, гэта наспела  само па сабе. Пакуль жа мы «варымся ва ўласным соку», хаця ёсць пэўная база для развіцця турызму. У кожнай паляўнічай гаспадарцы створаны буклеты, якія мы можам прадаставіць. Адначасова ў паляўнічых комплексах можам размясціць інфармацыю пра найбольш цікавыя месцы Беларусі.

У сваю чаргу турыстычныя фірмы могуць прадастаўляць нямала паслуг замежным паляўнічым, пачынаючы ад сустрэчы ў аэрапорце і заканчваючы дапамогай у афармленні дакументаў на вываз трафея.

У час семінара паляўнічы турызм нездарма неаднойчы называлі эксклюзіўным прадуктам, ён прадугледжвае шмат умоўнасцей – увоз праз мяжу, правоз па тэрыторыі краіны і захаванне паляўнічай зброі, праверка, вываз трафея і інш. З гэтымі і іншымі ўмовамі і абмежаваннямі, адпаведнымі заканадаўчымі нормамі на пасяджэнні падрабязна пазнаёмілі галоўны інспектар аддзела арганізацыі мытнага дэкларавання і выпуску тавараў Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Кацярына Шатохіна, кансультант  дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Кірыл Глушчанка, кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці  Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вячаслаў Сіпач. Аб арганізацыі работы ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў, якое займае больш за 60 працэнтаў паляўнічых угоддзяў і мае ў саставе каля 8 тысяч членаў арганізацыі,  расказаў намеснік начальніка ўпраўлення паляўніцтва і рыбалоўства Вадзім Круцько.

Каб зрабіць паляўнічы турызм больш прыбытковым, неабходна працаваць над яго іміджам. Такую асноўную выснову зрабіла, падводзячы вынікі семінара, начальнік аддзела якасці і вучэбна-аналітычнай работы Нацыянальнага агенцтва па турызме Галіна Кабяк. Нацыянальнае агенцтва можа забяспечыць інфарматыўнасць, сувязь з заканадаўчай базай, пералік паслуг. З такой дапамогай і сумеснымі намаганнямі магчыма, па прапанове ўдзельнікаў семінара, стварыць брэнд паляўнічага турызму Рэспублікі Беларусь.

Ала АЛЬФЕР, фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8