https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прыязджаюць на адпачынак у айчынных аграэкасядзібах і з далёкіх Аўстраліі і Новай Зеландыі</p>

Правесці выхадныя дні ці адпачынак можна па-рознаму. Варыянтаў шмат — ваяж на марское ўзбярэжжа, тур на ўік-энд у суседнія краіны ці проста паездка на дачу. Усё большую папулярнасць набывае турызм у сельскай мясцовасці. Летась нашы аграсядзібы прынялі на 40 працэнтаў гасцей больш, чым у 2011 годзе. Вынікі развіцця сельскага турызму ў краіне абмяркоўваліся ўчора на спецыяльнай прэс-канферэнцыі.

— Паслугамі беларускіх сядзіб карыстаюцца не толькі нашы суайчыннікі, але і госці амаль паўсотні краін. Ахвотней за ўсіх прыязджаюць турысты з Расіі. Завітваюць у нашу глыбінку і госці з Германіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, — прыгадвае начальнік аддзела маркетынгу і якасці турыстычных паслуг Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Юлія Копаць. — Прыязджаюць на адпачынак у айчынных аграэкасядзібах і з далёкіх Аўстраліі і Новай Зеландыі, паведамляе «Звязда».

Усяго ж аграсядзібы летась прынялі 185 тысяч людзей. Лідарамі па прыёме гасцей сталі Мінскі і Лагойскі раёны. У той жа час сельскіх турыстаў замала было ў Капыльскім, Смалявіцкім, Клецкім, Старадарожскім і Чэрвеньскім раёнах. Як лічыць начальнік аддзела арганізацыйнай працы, аздараўлення насельніцтва і турызму ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама Інга Малашкевіч, гэтыя перакосы трэба згладжваць як мага хутчэй.

А на гэтым шляху ўзнікаюць свае перашкоды. І першая складанасць — фінансавая. Так, у 2009 годзе крэдыты на развіццё гаспадарак атрымалі 37 сядзіб, а вось у мінулым годзе пазычыць грошы ў банках змаглі толькі дзесяць. Звязана гэта з патрабаваннямі банкіраў да сумы штомесячнага заробку заяўнікаў, які ў сельскай мясцовасці вельмі высокім назваць не выпадае. І таму на крэдыт прэтэндаваць цяжка.

Тым не менш цяпер у Беларусі працуе 1775 сельскіх сядзіб. А іх сумарная выручка склала летась 44 мільярды рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам у два разы. Нейкую долю тут адыгралі інфляцыйныя працэсы. Але і асартымент паслуг сядзіб павялічыўся, гэта заўважна. Калі раней шмат турыстаў праводзілі ў такой сядзібе адну-дзве ночы, то зараз усё больш людзей прыязджаюць туды на адпачынак ужо на тыдзень, а то і болей. А гэта адбываецца ў многім за кошт таго, што шэраг сядзіб аб'ядноўваюцца і ствараюць кластары. Гэта значыць, што турыст можа атрымаць усе паслугі ў адным раёне — размясціцца, наведаць крамы, кавярні, музеі, культурныя мерапрыемствы. І канкурэнцыя ў такім бізнэсе толькі павялічваецца — за мінулы год на карце краіны з'явілася 275 новых аграсядзіб, што адбіваецца і на цэнах, і на якасці паслуг.

Пакуль што адкрытым застаецца пытанне аб сертыфікацыі сельскага турызму. Калі гарадскія гатэлі змагаюцца за максімальна большую колькасць зорак, то для вясковых сядзіб прапанаваны свой варыянт паказчыку якасці — не зоркі, а пеўні. Але перш чым займець права павесіць іх на фасадзе, трэба выехаць на месца і правесці адпаведную ацэнку. А грошы на гэта не выдаткоўваюцца. Таму, на думку Юліі Копаць, тут не абысціся без садзейнічання мясцовых органаў улады. І не толькі ў сертыфікацыі, але і наогул у намаганнях больш актыўнага развіцця сістэмы турызму ў сельскай мясцовасці. Тады і прагрэс тут будзе рухацца куды хутчэй.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

https://www.traditionrolex.com/8