https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мы не толькі сталі нацыяй з самай вялікай колькасцю шэнгенскіх віз на аднаго чалавека, але і ўладальнікамі найбольшага ліку мульцівіз за ўсю гісторыю краіны: амаль кожная другая віза, якую выдавалі ў консульствах краін Шэнгенскага пагаднення на тэрыторыі Беларусі ў 2012 годзе, была шматразовай. А агульная колькасць пашпартоў, у якіх з’явілася такая віза, вырасла да 326 тысяч</p>

У мінулым годзе беларусы паставілі рэкорд. Мы не толькі сталі нацыяй з самай вялікай колькасцю шэнгенскіх віз на аднаго чалавека, але і ўладальнікамі найбольшага ліку мульцівіз за ўсю гісторыю краіны: амаль кожная другая віза, якую выдавалі ў консульствах краін Шэнгенскага пагаднення на тэрыторыі Беларусі ў 2012 годзе, была шматразовай. А агульная колькасць пашпартоў, у якіх з’явілася такая віза, вырасла да 326 тысяч, паведамляе Generation.by.

Беларусы плацяць за шэнгенскія візы немалыя грошы і вельмі часта чакаюць на сваю візу болей за два тыдні. Пры гэтым нават трапіць у пасольства па візу складана: у некаторых консульствах, напрыклад, польскім, «электронныя чэргі» расцягваюцца на месяцы, што некалькі разоў станавілася прычынай разбіральніцтваў паміж беларускімі і польскімі чыноўнікамі. Як кажуць польскія дыпламаты, яны б з радасцю выдавалі і болей віз, аднак працоўных рук проста не хапае. Палякі просяць дазволу ў беларускага боку павялічыць свой штат, але беларускае МЗС дазвол не дае.

Аднак палякам ёсць чым ганарыцца: яны выдаюць беларусам болей за ўсіх віз тыпу «С». Толькі ў мінулым годзе было наштампавана 291 тысяч запаветных налепак з фоткай у пашпарт. Але гэта меней за палову ад агульнай колькасці віз, што займелі беларусы. Увогуле ў 2012 ў Беларусі шэнгенскія краіны выдалі амаль 700 тысяч віз — на 100 тысяч болей, чым у мінулым.

У каго папрасіць мульцівізу?

Лягчэй за ўсё, паводле статыстыкі консульстваў, атрымаць шэнгенскую візу ад італьянцаў (7 з 10 віз, што выдаваліся ў італьянскім консульстве, былі шматразовымі) і палякаў. Прычым найбольшыя шанцы займець жаданы «шэнген» пры звароце менавіта ў брэсцкае консульства Польшчы.

А вось да літоўцаў па шматразовы «шэнген» лепей не звяртацца — здабыць, найверагодней, атрымаецца толькі аднаразовую візу. Толькі кожная трэцяя віза, якую выдаюць літоўцы, аказваецца шматразовай. Параўнайце з доляй выдадзеных беларусам у мінулым годзе мульцівіз: амаль кожная другая з іх дазваляла часцей за адзін раз вандраваць па ЕС. Затое ў Літвы, пасол якой у Беларусі некалькі месяцаў таму стаў галоўным дыпламатам краіны, ёсць іншая нагода для гонару. Як кажуць прадстаўнікі літоўскага пасольства, каля 40% літоўскіх віз для беларусаў бясплатныя.

Найменшая верагоднасць атрымаць шматразовую шэнгенскую візу ў пасольстве Чэхіі: толькі 13% з усіх віз дазвалялі вандраваць у ЕС некалькі разоў. Таксама малыя шанцы ў выпадку Францыі (14%) і Германіі. З невялікіх краін ахвотна даюць шматразовыя візы ў эстонскім кансуляце (з 26 тысяч віз амаль 14 — шматразовыя). Шведы таксама ахвотна давалі «шэнген», пакуль іх не выгналі з Мінска.

Нягледзячы на тое, што на тысячу беларусаў прыпадае 73 шэнгенскія візы, што робіць нашу краіну першай па гэтым паказчыку ў свеце (ужо трэці год запар — пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму паміж ЕС і Македоніяй), мы далёка не першыя па абсалютнай колькасці «шэнгену» ў пашпартах. Лідзіруюць, як няцяжка здагадацца, Кітай і… Расія. Расіяне ў мінулым годзе таксама паставілі рэкорд і займелі без малога 6 мільёнаў віз у ЕС. Прычым некаторыя краіны, як Фінляндыя, напрыклад, выдавалі амаль выключна шматразовыя візы. Толькі ў Піцеры такіх наштампавалі болей за мільён.

Сакрэт поспеху расіян просты: ЕС і Расія ўжо даўно падпісалі адмысловае пагадненне, якое дазваляе іхнім грамадзянам вельмі хутка і танней за беларусаў (за 35 еўра) атрымліваць візы ў шматлікіх консульствах і візавых цэнтрах. І ўжо хутка, як абяцаюць расіяне, візы могуць быць увогуле адмененыя. Тады беларусам, мабыць, лягчэй будзе атрымаць расійскі пашпарт, чым штогод (у лепшым выпадку) збіраць дакументы і грошы на чарговы «шэнген».

Што трэба, каб атрымаць шматразовы «шэнген»

Большасць краін Шэнгену выдаюць візы толькі з-за наступных падстаў:

- на падставе службовых сувязяў (будзьце гатовы паказаць кантракты паміж арганізацыямі, працоўную кніжку);

- праз існаванне сваякоў (бацькі, родныя браты і сёстры, дзеці) або шлюбных сувязяў (муж/жонка — грамадзяне краіны ЕС);

- некаторыя краіны, напрыклад, Літва, выдаюць шматразовыя візы тым, хто валодае нерухомасцю ў гэтай краіне (у той жа Літве — мінімум 14 кв. метраў на чалавека).

Калі вышэйзгаданага ў вас няма, можна паспрабаваць спецыфічныя варыянты:

1. Польская віза «за пакупкамі»

У польскіх консульствах у Мінску, Брэсце і Гродне можна атрымаць візу «за пакупкамі». З ёю можна вандраваць па Польшчы і іншых краінах Шэнгену да 90 дзён у паўгода. Для яе афармлення спатрэбіцца запрашэнне з польскай крамы. Каштуе такі дакумент у сярэднім 15 долараў.

Часцей за ўсё жадаючныя адкрыць мульцішэнген просяць прывезці такое запрашэнне родных ці сяброў, якія ўжо ездзяць з мэтай шопінгу ў суседнюю краіну. Хаця ёсць і «прафесійныя» распаўсюднікі падобных запрашэнняў у Беларусі. Такой паперай можна скарыстацца цягам 3 месяцаў з моманту пачатку запрашэння.

Каб займець менавіта шматразовы «шэнген», часам можа спатрэбіцца доказ таго, што вы ўжо нешта набывалі ў польскай краме і вярталі за гэта падатак (схема tax-free). З такім квітком нават без пацверджання наяўнасці грошай на банкаўскім рахунку цяпер лёгка атрымаць шматразовы «шэнген» у польскім консульстве ў Мінску. Але 60 еўра заплаціць усё ж прыйдзецца.

Падрабязней пра шматразовыя польскія візы

2. Звярнуцца да пасярэднікаў

Калі да польскіх крамаў альбо візавых супрацоўнікаў Польшчы ў вас трывалая непрыхільнасць, можна скарыстацца паслугамі пасярэднікаў. Адмысловыя людзі папросяць ад вас толькі фота, пашпарт ды трохі грошай: 140–200 еўра і 60 еўра для консульства.

Куды лепей па візу не хадзіць

Але не ўсім шанцуе ў справе атрымання віз. Некаторым беларусам у візах адмаўляюць. У мінулым годзе найчасцей такая сітуацыя здаралася з тымі, хто звяртаўся па візу да эстонцаў і чэхаў. Зрэшты, колькасць адмоў не такая вялікая — каля 3%. Найменшая верагоднасць атрымаць адмову ў консульстве Венгрыі: з 11 296 зваротаў па візы толькі 12 чалавекам у ёй адмовілі.

Агулам, толькі кожны 200-ы беларус, што ў мінулым годзе падаваўся па візы, атрымаў у ёй адмову. Беларусы лічацца законапаслухмянымі вандроўнікамі, таму верагоднасць таго, што ім адмовяць у візе, зусім невялікая. А вось украінцам адмаўляць у «шэнгене» ў 6-7 разоў часцей. Хаця і гэта не самы горшы варыянт. У некаторых краінах, як, напрыклад, Грузіі, да чвэрці ўсіх жадаючых атрымаць візу замест яе бачаць у пашпарце штамп «адмоўлена».

Чаму шэнгенская віза такая дарагая і яе часам так цяжка атрымаць

Мабыць, кожнага беларуса, які калі-небудзь стаяў пад пасольствам у чаканні візы, цікавіць пытанне, калі ж у Еўрасаюз можна будзе ездзіць проста па пашпарце. Тое робяць многія грамадзяне многіх краін свету, напрыклад, венесуэльцы ці албанцы. Яшчэ некалькі гадоў таму першыя месцы ў спісе самых частых атрымальнікаў віз у ЕС займалі сербы і македонцы. А цяпер жыхарам Балканаў таксама не патрабуюцца ніякія візы.

Гэтыя краіны выканалі патрабаванні ЕС па зменах у правілах міграцыйнага кантролю, выдачы біяметрычных пашпартоў, а таксама прадэманстравалі жаданне падзяляць еўрапейскія каштоўнасці, у тым ліку і ў пытанні павагі да правоў чалавека. Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму — першы крок да таго, каб дзяржавы прыйшлі да адмены віз. Украіна, Расія, Грузія і Малдова ўжо падпісалі такія пагадненні з ЕС. Цяпер грамадзяне гэтых краін плацяць за шэнгенскія візы 35, а не 60 еўра, як беларусы.

Еўрапейская камісія прапанавала падпісаць аналагічнае пагадненне і беларускім уладам. Але апошнія не спяшаюцца спрашчаць жыццё сваім грамадзянам: кажуць, што не хочуць губляць грошы, якія зарабляюць на беларускіх візах для замежнікаў.

Зрэшты, ёсць і добрыя навіны. У адсутнасці сігналаў з беларускага афіцыйнага боку ЕС рэкамендаваў усім консульствам Шэнгенскай зоны як мага мацней спрасціць правілы выдачы віз беларусам. І некаторыя краіны ўжо з радасцю выконваюць гэту рэкамендацыю.

Алесь Герасіменка

https://www.traditionrolex.com/8