https://www.traditionrolex.com/8
<p>Але нават калі набыць білет атрымаецца, то вылет з Мінска абыйдзецца ўдвая даражэй, чым з Каўнаса</p>

Але нават калі набыць білет атрымаецца, то вылет з Мінска абыйдзецца ўдвая даражэй, чым з Каўнаса.

Абяцаннем адкрыць новыя авіямаршруты парадавала напярэдадні сезона адпачынку «Белавія». Зараз, каб паляцець на грэчаскія астравы Кос і Закінтос, у Араксас ці сіцылійскую Катанію, на іспанскую Пальма-дэ-Маёрку ды ў Ціват, што ў Чарнагорыі, няма патрэбы ехаць у аэрапорты Вільні ці Варшавы тое ж можна будзе зрабіць з Мінска.

Але па якім кошце, цікавіцца «Еўрарадыё» ў намесніка генеральнага дырэктара айчыннага авіяперавозчыка Ігара Чаргінца. І не атрымлівае адказу!

Ігар Чаргінец: «Гэта чартарны рэйс. Адрозненне звычайнага рэйса ад чартарнага ў тым, што ён замаўляецца заказчыкам, звычайна гэта тураператар. Мы яму выдаём кошт чартарнага рэйсу за ўвесь самалёт, а па якім кошце ён прадае месца гэта ўжо яго справа».

Тураператару, папярэджвае Чаргінец, прадаваць «пустыя» білеты на рэйс сэнсу няма – толькі ў дадатак да нейкага экскурсійнага тура ці адпачынку ў гатэлі. Разам з усімі іншымі дадатковымі паслугамі – харчаваннем, пражываннем, аўтобусам…

Набыць «чартарны» білет, да прыкладу, на Пальма-дэ-Маёрку можна, супакойваюць «Еўрарадыё» ў турыстычнай кампаніі, якая і замовіла ў «Белавія» такі чартар. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі ад турыстычна-экскурсійных пасажыраў застануцца вольныя месцы.

Турфірма: «Зараз ідзе ранняе браніраванне пад туры  білеты мы пачынаем прадаваць толькі з сярэдзіны красавіка, калі ў нас будзе выстава. Толькі тады можна будзе набыць. Пры наяўнасці білетаў, канешне».

Усе месцы ў самалёце на рэйс 13 чэрвеня занятыя тымі, хто набыў туры. На пазнейшыя даты пакуль па некалькі вольных месцаў ёсць, але на тое, што яны застануцца да дня вылету, суразмоўца «Еўрарадыё» раіць турыстам-дзікунам асабліва не спадзявацца. Тым не менш называе лічбу, за якую білет на Пальма-дэ-Маёрку можна будзе набыць шчасліўцу 420 еўра ў два бакі.

«Еўрарадыё» цікавіцца: за колькі можна злётаць на гэты іспанскі курорт з Каўнаса? Авіякампанія RyanAir прапануе нам зараз набыць білеты ў абодва бакі ў чэрвені за 726 літаў. Сёння гэта крыху больш за 200 еўра. Прычым тут ты сам выбіраеш дату вылету, а не падладжваешся пад турыстычны чартар.

124083

Такая ж сітуацыя з коштам чартараў і ў іншых накірунках.

Зміцер Лукашук

https://www.traditionrolex.com/8