https://www.traditionrolex.com/8
<p>Сучаснага музейнага наведвальніка не здзівіш рознымі вечарынамі, прэзентацыямі, этнаграфічнымі святамі. Яго цікавасць трэба ўвесь час падтрымліваць. Супрацоўнікі Капыльскага краязнаўчага музея ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы з дзецьмі і дарослымі. І, як лічаць спецыялісты музейнай справы, яны выбралі правільны шлях, паколькі звычайныя экскурсіі і лекцыі практычна сябе зжылі</p>

Сучаснага музейнага наведвальніка не здзівіш рознымі вечарынамі, прэзентацыямі, этнаграфічнымі святамі. Яго цікавасць трэба ўвесь час падтрымліваць, паведамляе «Звязда». Супрацоўнікі Капыльскага краязнаўчага музея ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы з дзецьмі і дарослымі. І, як лічаць спецыялісты музейнай справы, яны выбралі правільны шлях, паколькі звычайныя экскурсіі і лекцыі практычна сябе зжылі.

Пра МАЗ і Ананас

— Праектнай дзейнасцю з выкарыстаннем інтэрактыўных прыёмаў, гульняў мы пачалі займацца тры гады таму, — расказвае дырэктар музея Валянціна Шуракова. — Першы праект «Зялёны маршрут «Міжрэчча Мажы і Морачы» ажыццявілі ў рамках сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». Праходзіць маршрут па вёсцы Семежава, заснаванай у ХV стагоддзі Радзівіламі на былым Екацярынінскім тракце. Гэты населены пункт можна назваць музеем пад адкрытым небам, дзе ў адзінае цэлае аб'яднаны і архітэктура, і народныя бытавыя традыцыі, і мова, і культура, і экалогія.

Турыст, падарожнік можа тут выбраць тое, што яму больш імпануе, лягло на душу. Напрыклад, наведаць музей ткацтва і атрымаць майстар-клас. Дарэчы, толькі ў Семежава прымянялася асаблівая тэхніка ткання чырвона-белых ручнікоў. Мястэчка славіцца і сваім абрадам «Калядныя цары», які ўвайшоў у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут знаходзілася Пакроўская царква пачатку ХVІІІ стагоддзя, сядзібна-паркавы комплекс Макраны, які належаў вядомаму роду Вайніловічаў. Магнаты калісьці нават вырошчвалі ананасы, якія экспартавалі за мяжу.

Менавіта ў гэтых мясцінах нарадзіўся Герой Беларусі, генеральны канструктар Мінскага аўтамабільнага завода Міхаіл Высоцкі. У музеі можна пачарпнуць шмат звестак пра айчыннае машынабудаванне, грамадскую, акадэмічную дзейнасць Міхаіла Сцяпанавіча.

2

— Калі адкрывалі музей, у яго была адзіная просьба: ніякай прэсы, — згадвае Валянціна Леанідаўна. — Гэты сціплы чалавек не хацеў, каб гаварылі, што ён пры жыцці стварыў сабе помнік. Хаця я заўсёды ўсім тлумачыла, што гэта музей не Высоцкаму. Гэта музей беларускай машыне. А дзякуючы працоўнай, навуковай працы Міхаіла Сцяпанавіча нашу краіну ведаюць ва ўсім свеце. Пры жыцці славутага земляка мы не паспелі зрабіць адну важную справу, а менавіта — паставіць «МАЗ» на радзіме канструктара. Але такая дамоўленасць з кіраўніцтвам завода ёсць. Вельмі хацелася б, каб нашы дзеці змаглі пасядзець за рулём волата, націснуць на педаль. Магчыма, у будучыні ў нас з'явіцца геніяльны паслядоўнік Высоцкага...

Пры рэалізацыі праекта з'явілася і яшчэ адна задума — па захаванні каларытнай, адметнай мовы семежаўцаў. Тут калісьці нават існаваў цэх жабракоў, дзе быў свой, нікому не зразумелы дыялект. Некаторыя слоўцы захаваліся ў мястэчку і да гэтага часу. «Чаму б не прапанаваць унесці мову ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны?» — лічыць дырэктар музея.

У Семежава распрацаваны і экалагічныя сцежкі, маршруты для веласіпедных прагулак уздоўж канала. Тым часам аматары рыбалкі могуць пасядзець з вудай, а прыхільнікі прыроды — азнаёміцца з рэдкімі відамі звяроў і птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу.

— Дарэчы, «зялёныя маршруты» даволі распаўсюджаны ў Еўропе. Гэта турыстычныя шляхі, якія праходзяць каля прыродных, гістарычных або іншых славутасцяў (напрыклад, рэкі, традыцыйныя гандлёвыя шляхі, прывабныя ландшафты і інш.). Па іх можна падарожнічаць рознымі спосабамі: на веласіпедах, лодках, конях, а зімой на лыжах і санях, — тлумачыць Валянціна Шуракова. — Такія маршруты найлепш прапагандуюць здаровы лад жыцця, робяць больш прывабным уязны турызм.

Ведай нашых!

Ураджэнцы Капыльшчыны, якія з'ехалі за мяжу, унеслі значны ўклад у развіццё сусветнай культуры. Пра гэта стала вядома пры рэалізацыі сумеснага праекта з прадстаўніцтвам зарэгістраванага германскага таварыства Dеutsсhеr Vоlkshосhsсhul-Vеrbаnd е.V.

— Гэтая старонка Капыльшчыны была малавядомая, а дзякуючы праекту сёння прадстаўлена ў экспазіцыі музея, — канстатуе Валянціна Шуракова. — На пачатку ХХ стагоддзя многія жыхары нашага краю эмігравалі ў краіны Заходняй Еўропы, ЗША. Некаторыя з іх вярнуліся назад, як, напрыклад, сям'я Пыліла з вёскі Вялешына. Іншыя прыжыліся на чужыне, пусцілі карані. Для нас, беларусаў, доўгі час былі невядомыя імёны славутых землякоў. Іда Маза з вёскі Вуглы стала знакамітай амерыканскай пісьменніцай. Яе пляменнік Марвін Духаў — кампазітар. Соф'я Тжачкоўская — паэтэса, Міхаліна Даманская — пісьменніца. Казімір Петрусевіч — дэлегат І з'езда РСДРП, вядомы адвакат. Ён абараняў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Танка, потым працаваў суддзёй Вярхоўнага суда Польскай Народнай Рэспублікі.

У выніку праекта сталі вядомыя не толькі імёны і лёс кожнага з эмігрантаў, але і сабраны новыя артэфакты, фотаздымкі, кнігі, дакументы. Як вынік, наладжана перасоўная выстава і выдадзены буклет. Супрацоўнікі музея наведалі з экспазіцыяй самыя аддаленыя куткі раёна. Для гэтага была магчымасць, паколькі дзякуючы праекту ўдалося набыць трансформеры для перасоўнай выставы.

«Трэцяе пакаленне» апякуецца
пра шчасце

«Трэцім пакаленнем» цяпер называюць маладых пенсіянераў: мужчын пасля 60 гадоў і жанчын пасля 55. На жаль, многія з іх засталіся па-за справамі.

— Гэта ненармальна, — лічыць Валянціна Шуракова. — У іх вялікі вопыт, жыццёвы патэнцыял. А самае галоўнае, яны выхавалі дзяцей, маюць шмат вольнага часу, каб аддаваць яго рабоце. Такіх людзей проста нельга страціць. І мы зрабілі для іх яшчэ адзін праект — «Апекуны шчасця». Для яго ажыццяўлення ў нас была база. Справа ў тым, што на працягу пяці гадоў у музеі праходзіць адукацыйнае мерапрыемства «Роля прадметаў побыту і этнаграфіі ў правядзенні беларускага нацыянальнага вяселля», існуючая экспазіцыя як бы створана пад яго.

Маладыя, што бяруцца шлюбам, цалкам праходзяць вясельны абрад сваіх продкаў. Яны пакідаюць музей з мноствам падарункаў: велізарным пшанічным караваем на індывідуальны заказ. Ім уручаюць кнігу «Памяць» Капыльскага раёна, каб яны, іх дзеці залатымі літарамі ўпісалі ў агульную гісторыю сваёй зямлі асабістыя здабыткі. Новаспечаныя сужэнцы атрымліваюць ляльку-куватку. Гэтая лялька-неразлучніца звязвае жонку і мужа ў адно цэлае. Акрамя таго, ім дораць куфэрак — прататып таго куфра, дзе захоўвалі пасаг нашы бабулі. А вырабляюць усе гэтыя сімвалы ўручную менавіта пенсіянеры, ці, як іх называе Валянціна Шуракова, сеньёры. Усе госці вяселля атрымліваюць вялікую імянную грамату, зробленую супрацоўнікамі музея, па якой іх дзеці могуць наведваць музей бясплатна. Гэты праект мае на мэце пераемнасць пакаленняў: малодшага (дзяцей, унукаў), сярэдняга (бацькоў) і старэйшага (бабуль і дзядуляў). Дзякуючы праекту з'явілася кніга «Апекуны шчасця», фільм «Калядныя сямейна-бытавыя абрады».

Прыватная
калекцыя яднае

На пачатку гэтага года музей распачаў новы праект «Выстаўкі з прыватных калекцый». Удзел у ім можа прыняць любы грамадзянін, якому ёсць што паказаць землякам і чым падзяліцца. Напрыклад, гэта могуць быць рэдкія значкі, манеты, паштоўкі, цацкі, прадметы побыту. Першай ластаўкай стала выстава «Лялькі з усяго свету».

— Уладальніца калекцыі — сястра нашай супрацоўніцы Аляксандра Мотуз, — распавяла Валянціна Леанідаўна. — Асабліва даспадобы выстава прыйшлася дзецям. Яны на карце шукалі, адкуль кожная лялька, вывучалі нацыянальныя строі розных краін. Для іх было заданне знайсці і намаляваць нашу беларускую ляльку, якая стаяла асобна. Затым дзеці выходзілі на вуліцу і запускалі ў паветра шары, у кожным з якіх было запрашэнне бясплатна наведаць выставу.

Зараз у музеі дэманструецца прыватная калекцыя загадчыка раённай стаматалогіі Уладзіміра Дварэцкага. Гэта 79 унікальных паштовак пачатку ХХ стагоддзя з вядомых друкарняў Санкт-Пецярбурга, Францыі і 10 паштовак маскоўскага выдавецтва «Мультыплікатар». Такіх няма нават у вядомых калекцыянераў. Экспазіцыю супрацоўнікі музея дапоўнілі калекцыяй алавяных салдацікаў з фондаў музея, што дазволіла зацікавіць дзяцей.

А нядаўна на Капыльшчыне закончыўся тыдзень духоўнасці. Як працяг, у музеі плануецца выстава абразоў Ядзвігі Сянько з Маладзечна, якія блаславіў Мітрапаліт Філарэт. Дапоўняць экспазіцыю паштоўкі 30-х гадоў жыхаркі вёскі Семежава на рэлігійныя тэмы.

Такі праект — добрая магчымасць для капылян азнаёміцца з творчасцю, захапленнямі і ўнутраным светам сваіх землякоў.

«Мы — маленькі музей»

Капыльскі краязнаўчы музей першым сярод раённых музеяў у 2000 годзе атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на стварэнне музейнай экспазіцыі. Установа двойчы перамагала ў намінацыі Мінаблвыканкама «Музейная справа» — у 2004 і 2009 гадах, а таксама ў намінацыі «Лепшы музей года». Чатыры гады таму калектыў вылучалі на атрыманне прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Узнагароду атрымаў музей Веткі. Тым не менш факт яскрава сведчыць пра заслугі капылян. У 2011 годзе дырэктар музея Валянціна Шуракова ўзнагароджана значком Міністэрства культуры «За асабісты ўклад у развіццё культуры Рэспублікі Беларусь», у 2013-м — ганаровай граматай аблвыканкама.

— Гэта вынік работы нашага невялікага калектыва. Мне пашанцавала працаваць з такімі спецыялістамі, як Таццяна Варанцова і Андрэй Лятчэня, генератарамі ідэй. Мы маленькі музей, але ў нас ёсць свае перамогі, — сказала Валянціна Леанідаўна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

https://www.traditionrolex.com/8