https://www.traditionrolex.com/8
<p>Хто і навошта будзе ездзіць на абяцаных кіраўніком краіны цягніках, застаецца загадкай</p>

«Еўрарадыё» праверыла мэтазгоднасць яе будаўніцтва практычным шляхам. Аўтобусы туды ходзяць напаўпустыя.

Білеты ў аэрапорт ёсць у вас?

Вам на які рэйс?

Мне б на бліжэйшы. Але на які ёсць, на той і давайце.

На ўсе ёсць. З вас 16 600.

Гэта фрагмент маёй размовы з касіркай аўтавакзала «Цэнтральны», адкуль штодня адпраўляецца 14 аўтобусаў у накірунку аэрапорта. Першы — а 4-й гадзіне раніцы. Апошні ў 22.35. Ёсць яшчэ аўтобусы з «Маскоўскага» (таксама 14). Адна нязручнасць — аўтобусы не дазваляюць паспець на першыя рэйсы. Самалёт у Вену, напрыклад, вылятае з Мінска ў 5.30 раніцы. Паспець на яго можна толькі на ўласным транспарце альбо на таксі. Самы эканомны варыянт — начаваць на нязручных крэслах.

1

Расклад руху аўтобусаў у аэрапорт з «Цэнтральнага»

У аэрапорт еду з мэтай праверыць мэтазгоднасць пабудовы туды чыгуначнай галіны. У тым, што яна неўзабаве з’явіцца, сумнення амаль няма — слова кіраўніка краіны і не такое рабіла. Пакуль аб гэтым думаю, да перона пад’язджае вялікі белы «МАЗ», а ў яго пакуецца прыкладна 15 чалавек — больш за дзве траціны месцаў застаюцца вольнымі. Выязджаем у 11.45. Праз 20 хвілін першы прыпынак — аўтавакзал «Маскоўскі». Жыць яму засталося нядоўга, але пакуль комплекс яшчэ карыстаецца папулярнасцю. Прычым настолькі, што мой аўтобус стаіць тут ажно 10 хвілін, прыняўшы на борт яшчэ дзясятак пасажыраў. Яшчэ столькі ж заходзіць у аўтобус ля метро «Уручча».

На паветраных падарожнікаў новыя пасажыры зусім не падобныя — у руках невялікія пакеты з прадуктамі, у некага заўважаю нават рыдлёўку. Таямніца хутка раскрываецца — да аэрапорта аўтобус даязджае амаль пустым, большасць пасажыраў выходзіць на прамежкавых прыпынках.

2

З’ехаць з «паветранай брамы краіны» аказалася яшчэ прасцей. Не паспяваю дайсці да прыпынку, як мяне акружае некалькі сур’ёзных людзей у скураных куртках — таксісты. «Едзем са мной! Цэнтр, любы гатэль, куды трэба?» — чую ад самага настырнага. Каштуе такая паслужлівасць нятанна — за дарогу да плошчы Незалежнасці таксіст хоча з мяне ажно 400 тысяч. Убачыўшы ўсмешку на маім твары, мужык ганарліва сыходзіць. На яго месцы тут жа з’яўляецца новы, гатовы завезці мяне ў сталіцу «за меншы кошт».

Дыспетчар адной са службаў таксі гаворыць, што даехаць за меншы кошт насамрэч можна. Тысяч, прыкладна, за 300.

«Дакладна не скажу… 4900 за кіламетр па горадзе і 7400 — загарадны тарыф. Ад кальцавой да аэрапорта прыкладна 250 тысяч. Плюс тое, што па горадзе праедзеце».

Нятанна. Нядаўна за гэтыя грошы я даляцеў самалётам з Барселоны да Варшавы. Таму вяртаюся ў сталіцу аўтобусам. Дарога ад аэрапорта да бліжэйшай станцыі метро займае прыкладна 30 хвілін і каштуе мне 10 тысяч. Аўтобус зноў напалову пусты. Хто і навошта будзе ездзіць на абяцаных кіраўніком краіны цягніках, для мяне застаецца загадкай.

3  

Расклад руху аўтобусаў з аэрапорта ў Мінск

Алесь Пілецкі

https://www.traditionrolex.com/8