<p>Музей «Замкавы комплекс «Мір» і Кіева-Пячэрскі запаведнік будуць супрацоўнічаць</p>
Музей «Замкавы комплекс «Мір» і Кіева-Пячэрскі запаведнік будуць супрацоўнічаць, паведамляе «Культура». Падчас візіту дэлегацыі замкавага комплексу «Мір» да ўкраінскіх калег адбыліся перамовы і падпісана адпаведная дамова. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара музея па навуцы Андрэй Янушкевіч.

Ён адзначае шчырую цікавасць украінскіх калег да беларускіх культурных рэалій і канкрэтна — дзейнасці замкавага комплексу «Мір». Паводле ягоных слоў, патрэба ў абмене вопытам паміж дзвюма культурнымі ўстановамі, якія з’яўляюцца брэндамі сваіх краін, даўно наспела. І Мір, і Кіева-Пячэрскі запаведнік уваходзяць у Спіс Сусветнай спадчыны UNESCO, а значыць, мусяць адпавядаць высокаму міжнароднаму стандарту. Гэта датычыцца кваліфікацыі кадраў, справаводства, арганізацыі навуковых доследаў і турыстычнага сэрвісу. Тут беларусам і ўкраінцам ёсць што абмеркаваць, чым падзяліцца.

Дамова прадугледжвае сумесныя выстаўкі, стажыроўкі беларусаў у Кіеве і ўкраінцаў у Міры, вучоба рэстаўратараў, абмен інфармацыяй аб дзейнасці і культурнымі акцыямі па лініі UNESCO, іншыя сумесныя мерапрыемствы.

Па словах Андрэя Янушкевіча, для беларусаў можа быць цікавай выстаўка, прысвечаная вайне 1812 года, што зараз праходзіць у Кіева-Пячэрскім запаведніку. Яе экспазіцыя адпавядае прынцыпам універсальнасці і праз гэта дае аб’ектыўнае ўяўленне пра характар вайны.

Украінцы гатовыя прадставіць у Міры калекцыю ікон. Папярэднія перамовы пра экспанаванне згаданых выставак у замкавым комплексе ўжо адбыліся. Андрэй Янушкевіч гаворыць, што Украіна — не адзіны вектар творчых кантактаў Міра. У прыватнасці, рыхтуецца сумесная выстаўка з Акадэміяй навук Літвы.

П. В.