Віктар Ісавецкі: Веларух на Брэстчыне пашыраецца

10.04.2013 - Новости

Віктар Ісавецкі: Веларух на Брэстчыне пашыраецца

Пра тое, якія ёсць магчымасці для веласіпедыстаў у Брэсце, якія веламаршруты найбольш цікавыя, куды з дапамогаю такога транспартнага сродка можна паехаць, ды шмат іншага распавёў кіраўнік велаклуба «КалаБОК» Віктар Ісавецкі

Новы веласезон пачынаецца на Брэстчыне ўжо ў бліжэйшыя выхадныя. Для горада над Бугам тэма веларуху робіцца ўсё больш актуальнай, да яго далучаецца ўсё больш велааматараў, паведамляе Беларускае  радыё «Рацыя».

Пра тое, якія ёсць магчымасці для веласіпедыстаў у Брэсце, якія веламаршруты найбольш цікавыя, куды з дапамогаю такога транспартнага сродка можна паехаць, ды шмат іншага распавёў кіраўнік велаклуба «КалаБОК» Віктар Ісавецкі.

– Персанальна для мяне і для шматлікіх сяброў клуба наш веласезон не спыняецца цягам года. Але для большасці веласіпедыстаў веласезон уяўляе магчымасць рухацца на веласіпедзе з вялікім задавальненнем. Перш за ўсё трэба, каб дарога была сухая, а тэмпература – другасная рэч. Канешне, больш прыемна, калі тэмпература +10 і вышэй градусаў, але гэта не так істотна.

РР: Ці вядомы вам прыблізныя лічбы велааматараў у горадзе над Бугам? Магчыма, якія іх узроставыя катэгорыі?

– Гэта перш за ўсё маладыя людзі, паколькі з кожным годам веласіпедыстаў усё больш і больш з'яўляецца на вуліцах горада. Але людзей старэйшага ўзросту на веласіпедах таксама вельмі шмат. Статыстычных звестак я не маю, але гэта бачна візуальна. І наш клуб пашыраецца, веласіпед робіцца модным не толькі ў нас у краіне, але ва ўсім свеце ў сувязі з тым, што растуць кошты на паліва. Акрамя таго, веласіпед дапамагае здароўю, ён дае станоўчыя эмоцыі – і менавіта дзякуючы гэтаму пашыраецца веларух.

РР: Ваш клуб аб’ядноўвае веласіпедыстаў. Чым вы займаецеся ў клубе, якая ваша асноўная дзейнасць?

– Перш за ўсё – гэта прапаганда здаровага ладу жыцця. Яна ўключае ў сябе рух, свежае паветра, новыя сустрэчы, новыя знаёмствы, вывучэнне гісторыі краіны, гісторыі свайго горада, мінулае і сучаснае, сувязі з замежнымі партнёрамі – з Расіі і Польшчы, а таксама з іншых краін, напрыклад, Украіны, Германіі, Галандыі.

РР: Раскажыце, калі ласка, пра супрацоўніцтва з бліжэйшымі нашымі краінамі-суседкамі.

– У нас вельмі добрыя адносіны з польскімі клубамі з Беластока (клуб «Эскапада»), з Бялай Падляскай («Бяльскі клуб ровэровы»), з горадам Мендыжэц Падляскі (клуб «Ураган») і з Люблінам. Гэта клубы, з якімі мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем, з якімі праводзім шэраг цікавых мерапрыемстваў. У мінулым годзе з клубам «Ураган» з Мендыжэца Падляскага было праведзена маштабнае мерапрыемства, у якім ўдзельнічалі веласіпедысты з чатырох краін – Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі. Вандроўка была з Пінска ў Кракаў працягласцю два тыдні, і мы прайшлі каля 900 кіламетраў.

РР: А што трэба, каб трапіць за мяжу на веласіпедзе?

– Перш за ўсё жаданне патрэбна. Ніякіх праблем няма. Але, канешне, жадання можа быць і мала, патрэбна яшчэ віза, што, канешне, з’яўляецца перашкодай. Але для велааматараў, для тых, хто жадае вандраваць, усе перашкоды можна пераадолець. Патрэбны веласіпед, трэба рухацца.

РР: Вядома, што ў Брэсце недастаткова ўмоў для таго, каб рухацца на веласіпедах. У мінулым годзе вы збіралі подпісы за тое, каб палепшыць гэтыя ўмовы. На якім этапе зараз знаходзіцца дыялог з мясцовай ўладай?

– Таксама ўдзельнічаем у развіцці веластруктуры Брэста. Увесь час у нас ідзе дыялог з уладамі, з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія нам аказваюць дапамогу ў развіцці веларуху ў Брэсце. Адносна таго, на якім этапе гэта праца зараз знаходзіцца, можна сказаць, што практычна ў кожным новым раёне або на кожнай вуліцы, што падлягае рэканструкцыі, ужо ў праекце закладзена веладарожка. Іншае пытанне, што гэтыя веладарожкі не зусім адпавядаюць сваім патрабаванням. Галоўны недахоп – гэта наяўнасць бардзюраў пры перасячэнні вуліцы. А так, калі казаць пра добрыя веладарожкі, то вось, напрыклад, на вуліцах Лейтэнанта Рабцава, Суворава, Кастрычніцкай рэвалюцыі – то бок колькасць якасных дарожак павялічваецца. Тут нельга сказаць, што нічога не робіцца. Робіцца. Канешне, хочацца большага, але не атрымліваецца зрабіць усё і адразу. Гэта натуральна.

РР: На вашу думку, якія самыя цікавыя маршруты можна арганізаваць на веласіпедзе па Брэсту і Брэсцкім раёне?

– У нас ёсць два такія прыродныя аб’екты – як Белавежская пушча і біялагічны заказнік «Палескае Прыбужжа» – Белае возера. Вось туды маршруты былі б выключна добрымі не толькі для брэстчан, але і для гасцей, для турыстаў. Ужо, канешне, нешта спрабуюць рабіць у Белавежскую пушчу – уздоўж дарогі пракладваецца веладарожка, але гэта не самы лепшы варыянт – рабіць яе ўздоўж дарогі. Усё ж такі тут ідзе транспарт. Хацелася б неяк, каб гэта было ўдалечыні ад асноўных трас. Тое ж самае і на Белае возера. У мінулым годзе мы спрабавалі пракласці маршрут бліз Белага возера, але прыехаў трактар і ўсё распахаў.

Віктар Ісавецкі лічыць, што з пракладкай веламаршрутаў на сённяшні час існуюць цяжкасці ў іх фіксацыі, але над гэтым актывісты клуба ўжо вядуць працу.

З Віктарам Ісавецкім гутарыла Аліса Поль

Рубрики: Активный Отдых Активный Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах