<p>Эксперт установы «Стратэгічная думка» Аляксей Харкевіч лічыць, што суседняя Украіна куды больш актыўна выкарыстоўвае патэнцыял экстрэмальнага турызму, чым Беларусь</p>

Фота на фоне саркафага разбуранай Чарнобыльскай АЭС, паездка ў горад-прывід атамшчыкаў Прыпяць – ва Украіне развіваецца экстрэмальны турызм. За вандроўку ў «зону» многія цікаўныя гатовыя плаціць грошы. У Беларусі пра перспектывы развіцця «радыяцыйных» тураў нічога не чуваць. Тэрыторыі, з якіх эвакуявалі грамадзян пасля выбуху 4-га рэактара АЭС, з'яўляюцца рэжымнымі і дагэтуль практычна бязлюднымі. На ўездзе ў зону стаяць папярэджвальныя і забараняльныя знакі. За нелегальнае пранікненне прадугледжаны штрафы, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Эксперт установы «Стратэгічная думка» Аляксей Харкевіч лічыць, што суседняя Украіна куды больш актыўна выкарыстоўвае патэнцыял экстрэмальнага турызму, чым Беларусь.

«Ні для каго не з'яўляецца сакрэтам, што менавіта ва Украіне знаходзяцца асноўныя аб'екты турызму, звязаныя з ядзернай катастрофай. Дзясяткі тысяч людзей кожны год наведваюць горад Прыпяць, робяць фотаздымкі на памяць у двухсотметровай адлегласці ад ЧАЭС. У Беларусі мала хто задумваецца пра падобныя падыходы да распрацоўкі экскурсійных маршрутаў. Хаця і ў нас некаторыя месцы ўяўляюць вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць», – заўважае эксперт. Аляксей Харкевіч адразу прыгадаў палац ХІХ стагоддзя, які знаходзіцца на адселенай тэрыторыі. Палац Герардаў – помнік псеўдарускага стылю ў вёсцы Дзям'янкі Добрушскага раёна.

«Думаю, што турыстам было б цікава ўбачыць палац Герардаў у постапакаліптычным антуражы. Такая сабе гатовая дэкарацыя для твораў братоў Стругацкіх», – падкрэслівае Аляксей Харкевіч. Але ў эксперта не надта многа падстаў для аптымізму, бо на дзяржаўным узроўні тэматыкай радыяйцыйных тураў практычна ніхто не займаецца.

Паводле Аляксея Харкевіча, пры распрацоўцы падобнага турыстычнага прадукта вельмі важны комплексны падыход. «Людзям, якія будуць гэтым займацца, варта дэтальна прапрацаваць алгарытм турыстычнага прадукта. Тут таксама важная падрыхтоўка патэнцыйнага спажыўца. А ў нас, звярніце ўвагу, прайшло 27 год з моманту катастрофы, але нават ніводнага мастацкага фільма па чарнобыльскай праблематыцы не знялі. Тэма мэтанакіравана не разіваецца», – падсумоўвае Аляксей.

Студэнтка аднаго з гомельскіх універсітэтаў Марына са сваёй сям'ёй ездзіць у зону адсялення штогод. Праўда, зусім не ў якасці турыстаў. «Мы ездзім у вёску Шапатовічы Чачэрскага раёна. Вёска была адселена праз чатыры гады пасля катастрофы на ЧАЭС. Падчас Радуніцы, дзесьці ў красавіку мы ездзім туды, паколькі там наша радзіма. У гэты час уваход у зону – па пашпартах, але цалкам легальны». На пытанне, ці баяцца перасяленцы радыяцыі, Марына адказвае: «Гэта ж не звер які, каб яе баяцца. Радыяцыю нельга ўбачыць».

На Гомельшчыне ў зонах адчужання, пацярпелых ад ядзернай катастрофы, прыбыванне людзей дазволена толькі на Радуніцу і ў Дзень Перамогі, 9 Мая. У астатнія дні аматары прыгод дабіраюцца да адселеных раёнаў нелегальна. Некалькі год таму Ірына трапіла ў «зону» падчас гульні «Схватка». Дзея адбывалася ў ваколіцах вёскі Свяцілавічы Веткаўскага раёна, дзе моладзь шукала вытокі гаючай крыніцы.

2

«Адна з умоў «Схваткі» – гэта гульня ў закінутых пабудовах. А дзе яшчэ штосьці такое цікавае можна знайсці, як не ў выселенай зоне? У адным месцы мы нават сустрэлі бабулю з дзядулем. Яны вядуць гаспадарку, трымаюць кароў, курэй. А ўвогуле ўражанне ад зоны вельмі яркае. З аднаго боку ўсё разбуранае. Але тыя ж цагляныя дамы, мне здаецца, былі проста расцягнутыя марадзёрамі, а не разбурыліся самі. У такія раёны варта ездзіць, каб адчуць маштабы катастрофы», – лічыць Ірына.

Гамяльчанка Соф'я распавядае пра два варыянты з наведваннем зоны.

Соф'я:

– Каб бесперашкодна прайсці блокпасты, трэба пры сабе мець дакументы. Ну, і пажадана, каб у вас з сабой былі кветачкі. Гэта патрэбна для таго, каб праваахоўнікі зразумелі, што вы едзеце наведаць могілкі сваіх продкаў на Радуніцу, а не проста ў забаўляльную паездку. Да самога Чарнобыля можна даехаць на дызелі. Дабіраешся да апошняй станцыі, а потым цягнешся 3 км пешшу па рэйках.

Паводле Соф'і, многія ейныя знаёмыя ездзяць у Чарнобыль для атрымання новых уражанняў. Абавязковай фішкай такой вандроўкі з'яўляецца харчаванне ў дзеючай сталоўцы атамнай электрастанцыі.

Некаторыя беларускія турыстычныя аператары прапаноўваюць паездкі ў Чарнобыль. Цана на такую вандроўку складае ў сярэднім 130 долараў. У гэтую суму ўключаны транспартныя выдаткі, атрыманне дазволу на наведанне закрытага аб'екта, прыезд на тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС і паслугі экскурсавода. Аднак сёлета турыстам, якія хочуць паехаць у зону адчужання, давядзецца чакаць да надыходу мая з-за працяглай зімы. З пацяпленнем, калі сыйдзе снег, турфірмы абяцаюць аднавіць маршруты ў месца найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва.

Мікола Бянько

Фота: meridian28.com