Якім будзе лепельскі Цмок, пакуль што сакрэт

10.04.2013 - Новости

Якім будзе лепельскі Цмок, пакуль што сакрэт

З распрацоўкай унікальнага брэнда на Лепельшчыне стане больш не толькі турыстаў, але і шчаслівых сямейных пар

З распрацоўкай унікальнага брэнда на Лепельшчыне стане больш не толькі турыстаў, але і шчаслівых сямейных пар, паведамляе «Народная газета».

Шэры, як фока

Канкурэнты з іншых рэгіёнаў могуць хоць локці кусаць. Але, як кажуць, хто першы, той лепшы. Тым больш лепельцы як ніхто іншы маюць поўнае права лічыць Цмока турыстычным сімвалам свайго раёна. Пра тое, што месцам яго пасялення было адно з лепельскіх азёр, можна прачытаць у рамане Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

«Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх (лагойскіх) сажняў... Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі, і на галаву лані», — апісвае класік цытатамі з летапісу апошняга беларускага Цмока.

Аднак лепельцы вераць, што Цмок жыве і цяпер. І не дзесьці там, а на Лепельскім возеры. Да сёння ходзяць сярод месцічаў легенды пра гэту дзіўную пачвару.

— Мяркуем, нашаму Цмоку ўжо больш за дзве тысячы гадоў. Відаць, жыве тут з часоў пасялення першых людзей, — гаворыць менеджар еўрапраекта «Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага турызму ў Расіі і Беларусі» з боку Беларусі Вольга Маханенка. — Ходзяць легенды, што Цмок і цяпер часам выходзіць з глыбіні возера, абарочваецца ў хлопца прыгожага і заляцаецца да дзяўчат. І калі яны дрэнна сябе паводзяць, карае.

Адбітак на твары

Мясцовы краязнавец Уладзімір Шушкевіч, які і выступіў з ініцыятывай паставіць на возеры скульптуру Цмока, а пасля развіваць гэты вобраз як сімвал і брэнд Лепельскага раёна, расказвае гісторыю яго бабулі, якая ў дваццатыя гады ХХ стагоддзя выйшла замуж. Бабуля была атэісткай, не верыла не толькі ў Бога, але і ні ў якія забабоны. І калі бацькі і людзі старэйшыя раілі ёй са шлюбнага стала занесці што-небудзь Цмоку на возера, каб было ўсё добра ў будучыні, не паслухалася, дазволу на шлюб у Цмока не выпрасіла і лёс атрымала надта няпросты. Іншую гісторыю можна пачуць па дарозе ў бок Полацка. Адна жанчына расказвала, што ў іх вёсцы жыла Зося, да якой заляцаўся Цмок. Калі яна аднаго разу штосьці не выканала па яго просьбе, Цмок ударыў яе, і адбітак лапы застаўся на твары Зосі назаўсёды. Жанчына нават фотакартку той Зосі паказвала. Калі ж пыталіся, дзе той адбітак, жанчына ўпэўнена адказвала: на той шчацэ, якой не бачна. Фотаздымак быў зроблены ў профіль.

— Цмок у беларускай міфалогіі лічыцца не толькі рэгулятарам вод, але і заступнікам сям’і, — расказвае Вольга Маханенка. — Сямейныя пары, якія жывуць у згодзе і каханні, заўсёды могуць разлічваць на яго падтрымку. Аднак хто бадзяецца, не выконвае свае абавязкі ці парушае клятву, павінен асцерагацца. Такіх Цмок карае. 

Замест замочкаў на мастах

Якім будзе лепельскі Цмок, пакуль што сакрэт.

— Хочам захаваць інтрыгу, — гаворыць Вольга Маханенка. — Адзінае магу сказаць, што наш Цмок будзе менавіта такі, як яго апісвае Караткевіч. Мяркуем, скульптура будзе ўсталявана недалёка ад Лепельскага возера ўжо гэтай восенню і будзе вышынёй ад паўтара да двух метраў. Магчыма, часткай скульптурнай кампазіцыі стане разгорнутая кніга са словамі Караткевіча. Упэўнены, з’явіцца традыцыя пакідаць ля скульптуры нейкія рэчы, кшталту замочкаў на мастах, запіскі з просьбамі аб моцных адносінах і шчаслівай будучыні. Як-ніяк, Цмок — заступнік сям’і. Можа, і разводаў стане менш у рэгіёне — будуць баяцца пакарання, — жартуе Вольга Маханенка.

Змееў камень

Пакуль жа ахвяраванні Цмоку ў выглядзе пацерак, манет лепельская моладзь прыносіць да Змеевага каменя (на здымку) на памежжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў.

— Гэта вялізная каменная камлыга, якая нагадвае сваёй формай Змея. Змей і Цмок вельмі роднасныя істоты. І калі гэта не адзін і той жа персанаж, то вельмі блізкія браты, — расказвае Вольга Маханенка. — Ёсць легенда, што гэты Змей быў вельмі ўмелым краўцом, які заляцаўся да адной дзяўчыны, лётаў да яе на Новалукомльскае возера. Аднойчы дзяўчына вырашыла не адпускаць свайго каханага, схавала яго крылы і не пабудзіла, калі прыйшоў час Змею адлятаць. Па дарозе дадому Змей быў пакараны за гэта Перуном, які паслаў на яго маланку. Некалькі разоў Змей падаў на зямлю, але неяк дапоўз да месца свайго жыхарства, там і загінуў.

Акрамя здзяйснення ўсялякага кшталту прынашэнняў плануецца, што на беразе Лепельскага возера будуць ладзіцца розныя імпрэзы, турыстычныя гульні, у раёне з’явяцца тэматычныя аграсядзібы, а мясцовыя рамеснікі вырабяць маленькіх сувенірных цмокаў. Дарэчы, ужо сёння ў мясцовым краязнаўчым музеі можна прыняць удзел у краязнаўчай анімацыйнай гульні «У гасцях у лепельскага Цмока»!

s000199_577188

Дзіўна, але не ўсе ў раёне падтрымліваюць з’яўленне ў горадзе сімвала Цмока. У прыватнасці, вернікі асцерагаюцца адраджэння язычніцкага культу.

— Былі людзі, якія выступалі супраць. Але гэта не рэлігія — турыстычны брэнд. Гэта наша гісторыя і культура, не ведаць якую сапраўды заганна. Чым больш мы будзем ведаць пра сябе, сваю краіну, тым больш будзем адкрытыя для свету, — упэўнена Вольга Маханенка.

Людміла Мінкевіч

Рубрики: Технологии

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах