https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пад вустрыцы і адмысловае віно прадстаўнік адміністрацыі італьянскага рэгіёна Апулія спадар Малацеста рэкламуе нераскручаны накірунак беларусам</p>

Пры роўных коштах беларусы аддаюць перавагу замежнаму адпачынку. Дый у айчынных санаторыях на іх не вельмі і разлічваюць, паведамляе Euroradio.

Пад вустрыцы і адмысловае віно прадстаўнік адміністрацыі італьянскага рэгіёна Апулія спадар Малацеста рэкламуе нераскручаны накірунак беларусам.

Малацеста: «У нас вельмі шмат месцаў, якія можна наведаць, шмат выдатных гатэляў з усімі выгодамі, шмат прыгожых мясцін, якія можна наведаць. Урэшце — выбітная кухня, вядомая на ўвесь свет!»

Але ці можа хай і нераскручаная, але Італія быць цікавая радавому беларусу коштам?

Прадстаўнікі беларускіх турфірм упэўніваюць: для сярэдняга класа. Праўда, у коштах крыху «блытаюцца».

1

«Кошт — ад 650 еўра на чалавека. Плюс віза. Гэта 8 дзён, 7 начэй, і, як правіла, гэта тры-чатыры зоркі», — заваблівае журналіста «Еўрарадыё» супрацоўніца кампаніі «Топ-тур» Вольга Якаўлева.

Намесніца дырэктара агенцтва «Планета мар» Галіна Сяргеева крыху астуджвае: «Жнівень будзе каштаваць 1500 еўра». Але два тыдні адпачынку на пачатку верасня каштуе 1 тысячу еўра на чалавека. І ўпэўнена заяўляе:

«Я скажу адну фразу, якая заб’е любога турыстычнага кліента Беларусі: людзі, якія пакаленнямі выраслі на Турцыі, сёлета могуць скарыстацца адпачынкам у Італіі, бо ён значна таннейшы за адпачынак у Турцыі. У Турцыі беларусы аддаюць перавагу Антальі, а яна па-вар’яцку дорага каштуе ў гэтым годзе. Італія ляціць на 14 начэй — за два тыдні адпачынку чалавек плаціць 1 тысячу еўра. У Турцыі ён так не адпачне!»

Што самае дзіўнае, і ў Беларусі — таксама! У гэтым упэўнівае размова з супрацоўніцай беларускай базы адпачынку «Чачэлі», што недалёка ад Мінска.

«Пражыванне цягам двух тыдняў будзе каштаваць мільёнаў 10. Толькі пражыванне — плюс харчаванне яшчэ. За гэта, у прынцыпе, можна з’ездзіць за мяжу».

Калі дадаць харчаванне, то кошт вырастае за рамкі 1 тысячы еўра.  Адпачынак за такія ці нават крыху меншыя грошы на радзіме беларускі турыст ніколі не прамяняе на адпачынак за мяжой, упэўнівае рэдактар газеты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік. І прычына толькі ў іншых краявідах ды моры.

Лілія Кобзік: «Мы маем пэўную атмасферу ў краіне. І гэтую атмасферу больш за ўсё адчувае менавіта сярэдні клас. І таму калі выбіраюць, куды паехаць летам з сям’ёй, то выбар адназначна на карысць замежжа».

А ёсць яшчэ непараўнальна высокі сэрвіс, змена клімату, іншыя краявіды і гэтак далей. Пакуль беларускія санаторыі і базы адпачынку выжываюць за кошт расіян. Дый шчыра прызнаюцца, што на іх найперш і разлічваюць.

Зміцер Лукашук 

Фота Зміцера Лукашука

https://www.traditionrolex.com/8