https://www.traditionrolex.com/8
<p>18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА ўжо 30-ы раз будзе адзначацца Міжнародны дзень помнікаў і мясцін. І ўжо традыцыйна Беларусь адзначае гэтае свята па-асабліваму: Фэстам экскурсаводаў</p>

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА ўжо 30-ы раз будзе адзначацца Міжнародны дзень помнікаў і мясцін. І ўжо традыцыйна Беларусь адзначае гэтае свята па-асабліваму: Фэстам экскурсаводаў.

20-21 красавіка ў 5-ы (юбілейны!) раз па ўсёй Беларусі пройдзе Фэст экскурсаводаў – шэраг бясплатных экскурсій, якія будуць праведзены спецыялістамі і аматарамі па небанальных мясцінах і тэмах.

У гэтым годзе Фэст экскурсаводаў праводзіцца пры падтрымцы Дэпартамента па турызму Міністэрства спорта і турызма Рэспублікі Беларусь.

 Фэст у Мінску

Ідэйным і натхняльным цэнтрам фэста з’яўляецца Мінск, і таму менавіта тут за 2 дні пройдзе каля 50 экскурсій. Сярод іх ёсць як «старажылы» – экскурсіі, якія ўжо не адзін год нязменна збіраюць аншлагі (напрыклад, экскурсія «Мінск татарскі» Арсена Сівіцкага), так і навінкі (напрыклад, экскурсія «Вясельны Мінск» Людмілы Скрадаль або «Шарм міжваеннага Мінска» Паўла Махінава і Аляксандры Валодзінай).

Вялікую папулярнасць маюць храмавыя экскурсіі. У гэтым годзе пройдзе 9 экскурсій па самых старых хрысціянскіх храмах Мінска. Весці гэтыя экскурсіі будуць выключна прадстаўнікі храмаў і святары.

Ідэя фэста заключаецца ў тым, каб пазнаёміць жыхароў раёнаў і нават канкрэтных вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень, але няшмат чаго пра іх ведаюць. У гэтым годзе будуць праведзены экскурсіі спецыяльна для жыхароў раёнаў Зялёны Луг, Вяснянка, вуліцы Інтэрнацыянальнай, Кастрычніцкай плошчы і раёна Мінскай Кальварыі.

Асобна ў Мінску варта адзначыць экскурсіі, якія пройдуць на англійскай, нямецкай, сербскай, польскай і іспанскай мовах, для замежных гасцей сталіцы.

Некаторыя мінскія экскурсіі будуць мець элементы тэатралізацыі, дзякуючы ўдзелу народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» (БДПУ імя Максіма Танка).

 Экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

Вялікім праектам Фэста экскурсаводаў-2013 стаў сацыяльны накірунак: у Мінску пройдуць экскурсіі для людзей з парушэннямі зроку (праект «Дотык да Мінска»), слыху і інвалідаў-калясачнікаў. 28 красавіка пройдзе «круглы стол» па праблемах экскурсійнага абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Удзел у «круглым стале» возьмуць прадстаўнікі гарадскіх улад, Міністэрства спорта, Нацыянальнае агенцтва па турызму, грамадскія арганізацыі. Спадзяемся, што гэты праект будзе жыць і актыўна развівацца і па-за межамі фэста.

Экскурсіі ў рэгіёнах

Не адстаюць ад Мінска ў гэтым годзе і рэгіёны. Бясплатныя экскурсіі ў межах фэста пройдуць у кожным абласным цэнтры і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі: Полацк, Крычаў, Любань, Крупкі, Маладзечна, Барысаў, Браслаў, Астравец, Ліда, Орша, Глыбокае і іншыя. Усяго каля 30 гарадоў і больш за 50 экскурсій!

Веласіпедныя экскурсіі

Павялічылася колькасць веласіпедных экскурсій. Для прыхільнікаў актыўнага адпачынку яны пройдуць у Мінску, Заслаўі, Брэсце і Давыд-Гарадку.

Праект Holiday.by «Экскурсаводы і краязнаўцы Беларусі» адзначыць адмысловым прызам аўтара той экскурсіі, якая найбольш спадабаецца турыстычнаму парталу.

Арганізатарамі Фэста экскурсаводаў-2013 выступаюць ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», ГА «Беларускі фонд культуры», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя Максіма Танка), МГА «Гісторыка», інтэрнэт-партал HOLIDAY.BY, ініцыятыва «Дотык да Мінска».

У якасці крэатыўных партнёраў да сёлетняга фэста далучыліся турыстычныя кампаніі Greenteam, «Мярцана», «Тандэм Тур».

Запрашаем усіх на фэст і віншуем з Днём помнікаў і гістарычных мясцін!

ДАДАТКОВА 

Арыгінальная назва свята для пошуку больш падрабязнай інфармацыі ў інтэрнэце: International day for Monuments and Sites

Кантакты з аргкамітэтам:

Галоўны каардынатар: Цімох Акудовіч (+375 29) 557-11-24

Каардынатар па Мінску: Валянціна Кароткіна (+375 29) 896-97-85

Каардынатар па рэгіёнах: Яўгенія Быц (+375 33) 341-36-12

Каардынатар экскурсій для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: Людміла Скрадаль (+375 25) 916-05-94

Сайт акцыі: http://fest.icomos.by/

https://www.traditionrolex.com/8