https://www.traditionrolex.com/8
<p>Рапрацоўваецца праект турыстычнага комплекса ў раёне Замчышча</p>
Рапрацоўваецца праект  турыстычнага комплекса ў раёне Замчышча, паведамляе «Рэгіянальная газета».

Гэта – трэцяя частка размовы з Уладзімірам Сівухай.

Глядзіце таксама першую і другую часткі размовы

– Ці гатовая Маладзечаншчына прымаць турыстаў?

– Быць гатовымі мы не можам, таму што няма рэсурсаў. Але нам трэба прыцягваць турыстаў і пад іх фарміраваць інфраструктуру, а не наадварот.

Ёсць праект, які мы ўжо распрацоўваем, – турыстычны комплекс у раёне Замчышча. Ён пачынаўся з супольнай ініцыятывы дырэктара музкаледжа імя Агінскага Рыгора Сарокі і маёй. Вялікую працу па аднаўленні гісторыі славутага роду зрабіў Мікалай Тамашэўскі.

Малады ўдзельнік праекта Павел Сапоцька арганізаваў серыю канцэртаў «Музыка княжаскага роду Агінскіх», у межах міжнароднай праграмы «Шляхамі паланэзаў Агінскага». Дзякуючы гэтаму з музыкай нашага земляка бліжэй пазнаёмяцца ў Літве, Беларусі і Расіі.

– Які лёс замчышча?

– У гэтым комплексе мы хочам раскрыць эпоху Агінскага, гісторыю Беларусі і Маладзечна. Яго раскрыюць будынкі, мерапрыемствы, творчыя людзі, якія спрычыняцца да праекта. Гэта дазволіць стварыць комплекс сусветнага ўзроўню.

Тут мусіць быць гасцініца, арганізаванае харчаванне, забаўляльныя цэнтры, у тым ліку дзіцячыя.

Мы хочам арганізаваць пляцоўку для творчых людзей, каб паэтам, мастакам было дзе ладзіць сустрэчы, праводзіць пленэры. Яны змогуць там прадаваць свае творы, арганізоўваць імпрэзы.

Праз Маладзечна прайшло безліч вядомых асоб. Напрыклад, Барыс Кіт – аўтар амерыканскай праграмы высадкі чалавека на Месяц. Ён звязаны з многімі сусветнымі праектамі, якія правяло NASA. А ці ведаюць маладзечанцы пра яго?

У комплексе павінна быць шмат атрыбутыкі часоў Агінскіх, персанал, апрануты ў стылі таго часу, а кожны наведвальнік зможа сфатаграфавацца ў цікавых касцюмах.

– А які будзе галоўны відовішчны аб’ект? Замчышча ж сёння  – гэта руіны.

– Мы цяпер дамаўляемся аб набыцці сучаснага абсталявання, якое дазволіць у прасторы ствараць аб’ёмныя анімацыі. І гэта будзе надзвычай відовішчна!

Я хачу адысці ад скульптур і іншых традыцыйных форм. Бачу гэта так: чалавек ідзе па алеі, а побач з ім успыхваюць галаграмы знакамітых людзей.

Яшчэ хочам распрацаваць турыстычны маршрут Маладзечна–Вільня. А таксама арганізаваць адпачынак нашых турыстаў у літоўскай Паланзе. Мы накіраваныя на тое, каб турыстычныя патокі ішлі ў абодва бакі.

– Што з гэтых планаў рэальна здзейсніць да 2015 года, калі будзем святкаваць 250-годдзе нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага?

– Мы можам паспець стварыць гэты комплекс. Зрэшты, мы маем такі шанец. Для гэтага неабходны людзі, якія могуць удзельнічаць і якія маюць неабходныя сродкі. Праект патрабуе энтузіястаў.

Гэта вельмі сур’ёзны праект, які належыць гораду.

Зоя ХРУЦКАЯ

https://www.traditionrolex.com/8