https://www.traditionrolex.com/8
<p>Змены ў вонкавым абліччы сінагогі цягам апошняга года заўважыў, пэўна, кожны гродзенец. Даведацца больш пра працэс аднаўлення будынка маглі ўдзельнікі экскурсіі па сінагозе і музеі гісторыі яўрэяў, якая прайшла ў межах Фэсту экскурсаводаў</p>
Змены ў вонкавым абліччы сінагогі цягам апошняга году заўважыў, пэўна, кожны гродзенец. Даведацца больш пра працэс аднаўлення будынка маглі ўдзельнікі экскурсіі па сінагозе і музеі гісторыі яўрэяў, якая прайшла ў межах Фэсту экскурсаводаў, паведамляе «Твой стыль».

Старшыня яўрэйскай грамады Барыс Максавіч Квяткоўскі (на здымку ніжэй) распавёў аб гістарычных і рэлігійных момантах жыцця яўрэяў, паказаў сінагогу знутры.

Першае, што кідаецца ў вочы: сінагога нібыта падзелена напалову: «так было» і «так стала». Частка сцен звонку выглядае ледзь не як навабуд, дыхтоўна патынкавана, рэшта застаецца ў кепскім стане.

2

«Дзіўна, што такую веліч дагэтуль не аднавілі!..» – паціху гаворыць побач выкладчыца ўніверсітэта, якая прывяла на экскурсію замежных студэнтаў. Хаця храм вярнулі грамадзе яшчэ ў 1991 годзе, грунтоўнае аднаўленне сінагогі і стварэнне музея пачалося ў кастрычніку 2011 года. Цяпер ладзіцца ўжо чацвёрты музейны пакой.

3

Унутры таксама вядуцца рамонтныя работы. Шмат зроблена ў параўнанні з тым, што было да рэканструкцыі. Хаця галоўная малітоўная зала для людзей звонку можа мала нагадваць месца для размовы з Богам. Яна бела-шэрага колеру, тынкоўка ў многіх месцах асыпалася, ля сцяны ляжаць будматэрыялы.

4

5

6

Адноўлены сімвалічныя іудзейскія аздабленні (зорка Давіда, гронкі гранатаў, надпіс імя Бога Яхвэ). «Калі мы сюды зайшлі, – расказвае старшыня яўрэйскай грамады Барыс Максавіч Квяткоўскі, – тут увогуле не захавалася ніякіх надпісаў!»

Стварэннем музея займаецца яго дырэктар Беньямін Ерузалім (на здымку справа). Існуе меркаванне, што яўрэі – згуртаваны народ, які здольны аб’яднацца ў цяжкі час, дапамагчы ў патрэбе «сваім». Аднак прыкладна трыста пяцьдзясят гродзенскіх яўрэяў (набажэнствы наведвае каля дванаццаці) фінансава не ў стане аднавіць святыню.

7

«А дзе ўсе тыя, хто з’ехаў за мяжу?! Дзе гэтыя дзве тысячы яўрэяў, што жывуць у Бостане?!» – усклікае дырэктар.

Адначасова спадар Беньямін адзначае дапамогу з боку беларусаў і не толькі. Гісторыкі Святлана Марозава, Віктар Саяпін, Вольга Сабалеўская, Іна Соркіна, каталіцкі святар Юзаф Макарчык спансуюць музей тэматычнымі матэрыяламі. Налічваецца сто восемдзесят дакументаў з архіваў, якія перакладаюцца з польскай і нямецкай моў валанцёрамі ці за невялікія грошы. Фатограф Яўген Фалееў прапанаваў зрабіць фільм. Падобныя музеі з усяго свету дасылаюць сваю інфармацыю, дзеляцца досведам. Хтосьці падараваў набор нацыянальных лялек. Дырэктар музея плануе зрабіць адмысловы традыцыйны яўрэйскі пакой, дзе знайшлося б месца лялькам.

8

Спадар Беньямін звярнуўся да чытачоў «Твайго стылю» і ўсіх гродзенцаў з просьбай аб дапамозе ў аднаўленні музея. Можна падзяліцца артэфактамі ці гісторыямі былых часоў. Ёсць патрэба ў фізічнай працы, шукаюць чалавека, які б мог дэкараваць «яўрэйскі пакой». Безумоўна, вітаецца фінансавая падтрымка – мінімальна, каб зрабіць здымкі і заламінаваць іх, у планах набыць яшчэ тры наборы лялек.

Спадар Беньямін гаворыць, што саромеецца ставіць скарбонку для ахвяраванняў, якая стаіць у сінагозе. Замест гэтага ў хуткім часе плануецца зрабіць платныя экскурсіі. Прапанаваць сваю дапамогу можна спадару Беньяміну Ерузаліму па тэлефоне (+375 44) 740-22-43, (+375 29) 782-61-14.

9

Падчас экскурсіі выявілася яшчэ адна канфліктная тэма. З аднаго боку яўрэяў лічаць таленавітымі людзьмі, самі сябе яны называюць «абраным народам», а ксёндз Юзаф Макарчык з францысканскага касцёла дык наогул на адным сходзе шакаваў прысутных меркаваннем, што мы ўсе паходзім ад яўрэяў.

З другога – страх быць яўрэем чытаецца ў беларускім менталітэце. Як адзначыў Барыс Максавіч, калючы дрот адгарадзіў не толькі зоны канцлагераў, але і сэрцы: падчас вайны беларусы схавалі вельмі мала яўрэяў з-за боязі перад фашыстамі: калі выкрывалі тых, хто хаваў яўрэяў, забівалі ўсю сям’ю.

10

Расстрэлы ў Гродне адбываліся і побач з сінагогай. Дагэтуль пры раскопках там знаходзяць чалавечыя косці. Малады чалавек, які добраахвотна дапамагае пры аднаўленні сінагогі, на пытанне, ці адносіць сябе да грамады, паспяшаўся адказаць: «Не. Ці ж я падобны?!»

11

Што датычыць вядомых гродзенскіх яўрэяў, іх налічваецца каля ста чалавек. Аднак пытанне ўдзельніцы экскурсіі аб славутым тэатральным мастаку сусветнай велічыні Леоне Баксце (аб ім нядаўна пісаў «Твой стыль») засталося без адказу. Беньямін Ерузалім абяцаў у бліжэйшы час знайсці больш інфармацыі аб гэтым гродзенцы.

12

Пры аповедзе гісторый пра ацалеўшых у фашысцкіх канцлагерах Фелікса Зандмана, Анатоля Ванюкевіча, нядаўна памерлага Рыгора Хасіда хтосьці з наведвальнікаў пачаў плакаць. «Не плачце, бо і я зараз з вамі пачну», – паспрабаваў апанаваць эмоцыі дырэктар.

Другая маладая жанчына, разглядаючы экспазіцыі, з усмешкай прамовіла: «Як усё цікава, толькі ў фільмах такое бачыла».

13

Лічыцца, што ў Гродне яўрэі пачалі жыць ад ХІІ ст. Першыя дакладныя звесткі адносяцца да канца XIV ст. Першы будынак гродзенскай сінагогі быў пабудаваны ў канцы ХVІ ст. па праекце італьянскага архітэктара Санці Гучы. Пасля некалькіх пажараў цяперашні храм быў адбудаваны на пачатку ХХ ст. Ён значна пацярпеў падчас Вялікай Айчыннай вайны, да 1991 года выкарыстоўваўся як сховішча.

Марына Харэвіч

Здымкі аўтара

https://www.traditionrolex.com/8