https://www.traditionrolex.com/8
<p>Паводле звестак акцыянернага таварыства «Літоўская чыгунка», змяненне месца пагранічных праверак зробіць падарожжа паміж сталіцамі Літвы і Беларусі больш камфортным, час у дарозе скароціцца на паўгадзіны — гэта значыць, да дзвюх з паловай гадзін</p>

З мая пасажыры цягніка Вільнюс—Мінск працэдуры мытнай і пагранічнай праверкі будуць праходзіць да пасадкі ў цягнік, у падземным пероне Вільнюскага чыгуначнага вакзала. Тут жа працэдуры праверкі пройдуць і пасажыры, якія прыехалі з Мінска. Раней для гэтых мэт цягнік спыняўся на прыгранічнай станцыі Кена.

Цяпер у адным з пешаходных тунэляў Вільнюскага вакзала ладзіцца абсталяванне, неабходнае для сучасных пунктаў пагранічнага і мытнага кантролю, у тым ліку сучасная сістэма кантролю багажу, паведамляе «Звязда».

«Гэтая апаратура зможа за адну гадзіну праверыць 700 адзінак багажу. Дзякуючы ёй, праверка пасажыраў не затрымае. Акрамя таго, для павелічэння бяспекі будуць усталяваны і сістэмы відэаназірання, якія фіксуюць рух пасажыраў, якія ад'язджаюць», — кажа Гедрус Зайцевас, адзін з дырэктараў фірмы «Фіма», якая ставіць тут апаратуру.

Прадстаўнікі мытні абяцаюць, што змяненне працэдуры праверкі не выкліча нязручнасцяў для пасажыраў.

«Новы рэжым кантролю будзе больш зручным. Да гэтага часу праверка пасажыраў і іх багажу праводзіцца ў цягніку, які стаіць на станцыі Кена, у выніку чаго працэдура перасячэння дзяржаўнай мяжы і афармленне мытных дакументаў зацягвалася. Цяпер прастояў цягнікоў не будзе. Новы парадак дазволіць таксама больш эфектыўна змагацца з увозам забароненых тавараў, або тых, якія маюць абмежаванне ў аб'ёмах. Праверка пасажыраў і іх багажу да гэтага часу праводзіцца выбарачна, праз фізічны агляд багажу, які выклікае падазрэнне. Пасля ўвядзення новага парадку ў Вільнюсе будзе правераны багаж усіх пасажыраў, таму ні ў кога не будзе магчымасці пазбегнуць мытнай праверкі», — сказаў карэспандэнту газеты «Звязда» прадстаўнік Мытнага дэпартамента Стасіс Вайцекаўскас.

Паводле звестак акцыянернага таварыства «Літоўская чыгунка», змяненне месца пагранічных праверак зробіць падарожжа паміж сталіцамі Літвы і Беларусі больш камфортным, час у дарозе скароціцца на паўгадзіны — гэта значыць, да дзвюх з паловай гадзін.

«Колькасць пасажыраў, якія едуць цягніком па маршруце Вільнюс—Мінск—Вільнюс, увесь час павялічваецца. У 2012 годзе паміж абедзвюма сталіцамі праехалі 269 тыс. чалавек. Гэта на 65,6% больш, чым у 2011 годзе. Сёлета толькі за першы квартал па гэтым маршруце праехала 76 тыс. пасажыраў, што на 30% больш, чым за першыя тры месяцы мінулага года, — сказаў карэспандэнту газеты «Звязда» генеральны дырэктар АТ «Літоўская чыгунка» Стасіс Дайлідка. — Мы імкнёмся не толькі якасна абслугоўваць пасажыраў (а іх паток увесь час павялічваецца), але і скараціць час паездкі. Сёлета мы плануем на гэтым маршруце пусціць новыя сучасныя дызельныя цягнікі, здольныя развіваць хуткасць да 140 км у гадзіну. Акрамя таго, мы пачалі электрыфікаваць участак чыгункі Новая Вільня — Кена. Беларускія чыгуначнікі будуць электрыфікаваць дарогу ад Маладзечна да дзяржаўнай мяжы. У выніку ад Мінска да Клайпеды дарога будзе электрыфікаваная. Дызельныя цягнікі заменім электрычкамі, якія могуць ехаць з хуткасцю да 160 км у гадзіну. У 2015 годзе з Вільнюса ў Мінск можна будзе даехаць за дзве гадзіны. Мы вельмі цэнім плённае супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай».

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС

https://www.traditionrolex.com/8