https://www.traditionrolex.com/8
<p>У адным толькі Мінску бясплатныя экскурсіі наведала каля 2 тысяч чалавек</p>

У адным толькі Мінску бясплатныя экскурсіі наведала каля 2 тысяч чалавек, паведамляе «Звязда».

Сёлета штогадовая акцыя «Фэст экскурсаводаў» праходзіла ў пяты раз і стала рэкорднай як па колькасці экскурсій, так і па колькасці наведвальнікаў. Жыхары і госці сталіцы маглі выбіраць з 57 прапанаваных маршрутаў. Сярод іх былі як ужо «класічныя» («Плошча Незалежнасці», «Дубрава Чапскага», «Мінск татарскі»), так і новыя (экскурсія па мясцінах Станіслава Манюшкі з завяршальным міні-канцэртам ад гурта Dоuх Sоuvеnіr, «Светапіс»: дзяцінства мінскай фатаграфіі» — па адрасах фотамайстэрняў ХІХ—ХХ стагоддзяў, агляд архітэктуры мінскага «сталінскага ампіру» і іншыя).

Сёлета фэст разгарнуўся не на жарт, прапанаваўшы жадаючым экскурсіі на любы густ: пешаходныя, веласіпедныя, тэматычныя, інтэрактыўныя, аглядныя, храмавыя, на замежных мовах... Упершыню была арганізавана нават экскурсія ў электрычцы па маршруце Мінск — Заслаўе. Спецыяльна былі распрацаваны тры экскурсіі для дзяцей: па бібліятэцы імя Астроўскага, па Траецкім прадмесці і Лошыцкім парку.

Вялікім крокам падчас фэсту стала правядзенне экскурсій для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прадстаўнік праекта «Дотык да Мінска» Людміла Скрадаль распавяла, што ў Беларусі практыкі правядзення экскурсій для людзей з абмежаванымі магчымасцямі няма, і таму распрацоўваць усё даводзіцца літаральна на хаду. Адной з такіх распрацовак сталі спецыяльна створаныя барэльефы з макетамі мінскіх будынкаў для невідушчых. Таксама ў фэсце ўпершыню змаглі ўзяць удзел інваліды на калясках, для якіх вялікай праблемай з'яўляецца адсутнасць безбар'ернага асяроддзя. «Пасля экскурсіі пасыпаліся водгукі, што мы вывелі першых інвалідаў на вуліцу і даказалі, што гэта магчыма», — падзялілася Людміла Скрадаль.

Самай жа масавай сёлета стала экскурсія па Парку валуноў, якую праводзіў Зміцер Скварчэўскі. Пазнаёміцца з сакральнай традыцыяй у камені прыйшло больш за 160 жадаючых.

Да пятага Фэсту экскурсаводаў актыўна далучыліся і рэгіёны (гарады, мястэчкі і нават вёскі!), дзе сёлета адбылося 53 экскурсіі. У Гродне, Полацку, Брэсце з'явіліся свае міні-аргкамітэты фэсту. Дарэчы, менавіта Брэст праявіў ініцыятыву велапрабегу з экскурсіяй па фартах Брэсцкай крэпасці, у якой узяло ўдзел амаль 300 чалавек.

Галоўны каардынатар Фэсту экскурсаводаў Цімафей Акудовіч адзначыў, што ў гэтым годзе да экскурсій па мікрараёнах актыўна далучыліся мясцовыя жыхары. Для некаторых такіх экскурсій былі надрукаваны лістоўкі-анонсы, якія валанцёры расклеівалі на месцах. Такім чынам, фэст атрымаўся не толькі для абмежаванага кола людзей, але і для тых, хто не валодае шырокай інфармацыяй, але пабачыў яе ў сваім раёне, зацікавіўся і прыйшоў. Бо адна з галоўных мэт Фэсту экскурсаводаў — паказаць людзям, што мясціны, у якіх яны жывуць і якія ведаюць, таксама могуць быць цікавымі і адметнымі. «У нас пакуль што ёсць пэўныя праблемы з аховай гістарычных помнікаў. І адна з прычын гэтага — тое, што самі людзі недаацэньваюць гэтыя помнікі. Бо ніхто не спрачаецца, што Мірскі замак — гэта помнік. А вось што будынкі ў раёне Трактарнага завода маюць нейкую каштоўнасць, мала хто ведае. І нам вельмі важна, каб гэтае разуменне адрадзілася», — падкрэсліў Цімафей.

Нягледзячы на тое, што арганізатары фэсту дасягнулі пастаўленай мэты, вынікі акцыі аказаліся нечаканымі нават для іх саміх. «Сёлета мы павялічылі не толькі колькасць экскурсій, але і рэкламу. Чакалі, што будзе шмат людзей, і ўсім будзе зручна і камфортна. Але нашыя чаканні крыху не спраўдзіліся: людзей прыйшло больш, чым мы думалі, таму экскурсіі былі масавымі. Я ўсё ж спадзяюся, што тыя, хто хацеў, змаглі пачуць цікавую для сябе інфармацыю», — падзяліўся Цімох Акудовіч.

Акцыя Фэст экскурсаводаў развіваецца з кожным годам, пастаянна з'яўляюцца новыя маршруты і неардынарныя тэмы. За гэтыя пяць гадоў вырасла некалькі прафесійных экскурсаводаў, стартавай пляцоўкай для якіх стаў менавіта фэст. Кампанія не перастае пашырацца, а гэта значыць, што з кожным годам нас будуць чакаць усё новыя цікавыя звесткі з гісторыі такой роднай і такой незнаёмай Беларусі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

https://www.traditionrolex.com/8