Чатыры ўнікальныя слуцкія паясы прывязуць у Мінск са Львова

25.04.2013 - Новости

Чатыры ўнікальныя слуцкія паясы прывязуць у Мінск са Львова

Дзве знакавыя выставы адначасова рыхтуецца прадставіць наведвальнікам Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. 8 мая адкрыюцца экспазіцыі «Партрэты кіраўнікоў і магнатаў Вялікага княства Літоўскага» з музеяў Львова і Луцка і «Слуцкія паясы са збору Львоўскага гістарычнага музея»

Дзве знакавыя выставы адначасова рыхтуецца прадставіць наведвальнікам Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. 8 мая адкрыюцца экспазіцыі «Партрэты кіраўнікоў і магнатаў Вялікага княства Літоўскага» з музеяў Львова і Луцка і «Слуцкія паясы са збору Львоўскага гістарычнага музея», паведамляе «Рэспублiка».

На думку дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова, тандэм экспазіцый дазваляе стварыць шматмернасць ладу той эпохі: убачыць культурны сімвал Беларусі — знакамітыя залататканыя слуцкія паясы і на партрэтах сучаснікаў і стваральнікаў гэтай вялікай культурнай традыцыі.

— Упэўнены, што наведвальнікі музея змогуць ацаніць цудоўныя творы беларускіх майстроў, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным здабыткам. Мяркую, што і экспазіцыя партрэтаў, і слуцкія паясы выклічуць у кожнага з нас пачуццё гонару, нацыянальнай самасвядомасці і натхняць нас, беларусаў ХХІ стагоддзя, на высакародныя ўчынкі, цікавыя ідэі і жыццё, якім пасля можна будзе ганарыцца, — адзначае Уладзімір Пракапцоў.

Слуцкія паясы — культурны сімвал і гонар Беларусі, прызнаная ва ўсім свеце нацыянальная рэліквія беларускага народа. Па-майстэрску выкананыя шэдэўры ствараліся на працягу сярэдзіны XVIII — першай паловы XIX стагоддзя на мясцовых мануфактурах, самая вядомая з якіх размяшчалася ў Слуцку.

Сёння ў музеях Беларусі захоўваецца толькі 11 цэлых паясоў, 5 з іх, бясспрэчна, выкананы ў Слуцку. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся пры вытворчасці паясоў, цалкам страчаныя. Летась у нашай краіне прынята Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012—2015 гады. Выстава слуцкіх паясоў са збору Львоўскага гістарычнага музея — адзін з праектаў гэтай дзяржпраграмы, і, акрамя знаёмства з беларускімі традыцыямі, дае шырокія магчымасці спецыялістам у вывучэнні ўсіх тонкасцей і асаблівасцей вырабу нашага нацыянальнага шэдэўра.

На выставе ў Мінску пакажуць чатыры ўнікальныя паясы. Два з іх — са Слуцкай мануфактуры перыяду Лявона Маджарскага з адпаведнымі пазнакамі. Адзін пояс выкананы на фабрыцы Францішка Маслоўскага (1758—1830 гг.) у Кракаве, пра што таксама сведчыць метка. Чацвёрты пояс не мае сігнатур, але выкананы па лепшых узорах твораў Лявона Маджарскага.

Для экспазіцыі «Гістарычныя партрэты князёў і магнатаў Вялікага княства Літоўскага» найбуйнейшымі музеямі Львова прапанавана 65 твораў. Гэта выявы вышэйшых дзеячаў Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага XIV—XVIII стагоддзяў: каралёў Уладзіслава Ягайлы, Стэфана Баторыя, Уладзіслава Вазы. З магутных магнацкіх родаў ВКЛ найбольш шырока прадстаўлены партрэты Радзівілаў. Большасць партрэтаў Сапегаў, Тышкевічаў, Сангушак, Пацеяў, верагодна, з іх сямейных галерэй, беларускія гісторыкі, даследчыкі і аматары мастацтва ўбачаць упершыню. Бясспрэчна, прыцягнуць увагу наведвальнікаў і выявы вядомых прыгажунь свайго часу — Барбары Радзівіл, Элеаноры Марыі Аўстрыйскай, жонкі караля Яна III Марыі Казіміры Сабескай і іншых.

Абедзве выставы арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Украіны і Пасольствам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. Генеральным партнёрам двух знакавых праектаў выступіла замежнае прыватнае прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Компані».

Ірына СВІРКО

Рубрики: Выставки

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах