<p>Да мінулага года гродзенскія веласіпедысты штогод адкрывалі сезон, нагадваючы аўтамабілістам і пешаходам аб сваім відзе транспарту. У гэтым годзе гарвыканкам адмовіў у правядзенні велапрабегу 26 красавіка ў сувязі з парушэннем Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь»</p>
Да мінулага года гродзенскія веласіпедысты штогод адкрывалі сезон, нагадваючы аўтамабілістам і пешаходам аб сваім відзе транспарту. У гэтым годзе гарвыканкам адмовіў у правядзенні велапрабегу 26 красавіка ў сувязі з парушэннем Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», паведамляе «Твой стыль».

У лісце, тлумачачы афіцыйную прычыну адмовы, чыноўнікі спаслаліся на частку 4 артыкула 5 Закона:

«Заява аб правядзенні масавага мерапрыемства падаецца ў пісьмовай форме не пазней чым за 15 дзён да мяркуемай даты правядзення масавага мерапрыемства, за выключэннем выпадкаў падачы заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства...»

1

Юрыдычна гарадскія ўлады маюць рацыю па той прычыне, што арганізатары масавага мерапрыемства падалі заяву не за 15 дзён, а за 11.

Аднак некаторыя падрабязнасці гэтай гісторыі прымушаюць задумацца аб тым, ці не з’явілася гэтая прычына толькі адпіскай.

Па словах аднаго з арганізатараў велапрабегу Івана Найдзёнава, да падачы пісьмовай заявы ўсе ўмовы мерапрыемства, у тым ліку і дата, былі вусна ўзгоднены папярэдне ва ўсіх неабходных дзяржаўных інстанцыях.

 «26 красавіка мы планавалі адкрыць штогадовы веласезон: праехаць арганізаванай калонай па горадзе. Падалі заяву аб правядзенні масавага мерапрыемства ў гарвыканкам.

Аднак праз тыдзень, калі я зайшоў даведацца пра навіны, мне сказалі, што УУС Гродзенскага гарвыканкама адмовіла нам па той прычыне, што адзін з арганізатараў велапрабегу калісьці прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

Калі ж я атрымаў афіцыйны адказ, у ім была зусім іншая прычына».

Велаактывістам парэкамендавалі падаць новую заяўку, выключыўшы са складу арганізатараў чалавека, які мае адміністрацыйнае правапарушэнне.

Адна з арганізатарак велапрабегу Юлія Каляда мае свой погляд на сітуацыю, якая склалася.

«Я не ведаю такога артыкула ў заканадаўстве, які б забараняў чалавеку з адміністрацыйным правапарушэннем быць у складзе аргкамітэта масавага мерапрыемства.

Па-мойму, рашэнне Гродзенскага гарвыканкама хутчэй звязана з тым, што 26 красавіка ў горадзе могуць праводзіцца мерапрыемствы, звязаныя з памяццю аб Чарнобыльскай аварыі. Гарадскія ўлады не захацелі ў гэты дзень займацца яшчэ і веласіпедыстамі, вось і знайшлі прычыну адмовіць. Улічваючы той факт, што з некаторымі з заяўнікаў сустракаліся прадстаўнікі міліцыі для правядзення прафілактычнай гутаркі, афіцыйна прадстаўленая прычына адмовы ў лісце для мяне выглядае абсурдна».

У адпаведнасці з гэтай акалічнасцю была абрана новая дата – 10 мая і пададзена новая заяўка.

Аднак арганізатары сумняюцца ў тым, што мясцовыя ўлады дадуць правесці велапрабег і ў гэты дзень.

Іван Найдзёнаў: «Мы не можам цягнуць з адкрыццём, так як адкладаць далей ужо няма сэнсу. Наша мерапрыемства арыентавана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да такога віду транспарту, як веласіпед. Мы хочам, каб пешаходы, ДАІ і аўтаўладальнікі былі гатовыя да таго, што хутка на дарогах і тратуарах з’явіцца вялікая колькасць веласіпедаў».

Юлія Лыткіна