https://www.traditionrolex.com/8
<p>«ДАХ» гэтага года — гэта настальгія па «Тахелесе», успаміны пра яго</p>

Зноў, бадай, усе залы Музея сучаснага выяўленчага мастацтва насялілі творы жывапісу, графікі, фатаграфіі, музыкі, інсталяцыі, перформансу, кіно і паэзіі з усяго свету, паведамляе «Звязда».

Зноў мастакі і пракуратары-гладыятары (як яны самі сябе называюць) фестывалю «ДАХ» Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч, натхнёныя знакамітай берлінскай арт-сядзібай «Тахелес», вырашылі паказаць мінчанам сусветнае сучаснае мастацтва. Праўда, сёлетні «ДАХ» мае крыху невясёлую афарбоўку... Гэта амаль некралог. І нават лозунг фэсту адпаведны: «ДАХ-КРАХ-ХХ»: «Напрыканцы канца...»

А справа ў тым, што ў верасні 2012 года тэрыторыю, на якой месціўся берлінскі «Тахелес» і дзе збіраліся, жылі, стваралі мастакі з усяго свету і шмат хто з Беларусі, выкупіў адзін з самых буйных нямецкіх банкаў. Вядома, трымаць там мастакоў яны палічылі справай нявыгаднай і сталі гвалтоўна іх адтуль высяляць. У выніку «Тахелес» ператварыўся ў вандроўную сядзібу. І невядома, колькі яшчэ яна праіснуе.

— Мне здаецца, што ў дачыненні да мастацтва ў свеце адбываюцца нейкія незваротныя працэсы, — мяркуе мастак-перформер і адзін з куратараў «ДАХу» Зміцер ЮРКЕВІЧ. — Быццам нехта проста хоча ўзяць усё мастацтва пад кантроль на сусветным узроўні. Таму што мастакі — гэта заўжды неспакойна, а мастацтва прымушае думаць. У Берліне амаль адначасова, акрамя «Тахелеса», закрылі яшчэ дзве арт-сядзібы.

Таму «ДАХ» гэтага года — гэта настальгія па «Тахелесе», успаміны пра яго. І таму Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін адкрывалі фестываль неадназначным перформансам: мастакі вылезлі праз акно музея, аббеглі будынак і толькі потым запрасілі гледачоў на выставу, дзе нас сустрэла «Развітанне з Радзімай» Міхала-Клеафаса Агінскага ў выкананні скрыпача. Мастакі развітваюцца з «Тахелесам», сваім домам, дахам, радзімай і перадаюць нам адтуль прывітанне. Цяпер іх дом перасоўны, калі такое, наогул, магчыма. Хаця Уладзімір Караткевіч і пісаў, што кожны носіць сваё неба з сабою.

Экспазіцыя «Даху» будзе мяняцца з пэўнай перыядычнасцю. Акрамя таго, па вечарах плануецца правядзенне імпрэз электроннай і жывой музыкі, так званых паэтычных чытанняў у авангардным музычным суправаджэнні, на якіх можна будзе пачуць Вольгу Гапееву, Арцёма Кавалеўскага, Ярылу Пшанічнага, Змітра Вішнёва, напрыклад. Адбудуцца пасяджэнні «круглых сталоў» на тэму сучаснага мастацтва, перформансы...

Што тычыцца непасрэдна самой экспазіцыі, то яна нагадвае, хутчэй, не дах, а паддашак. Мастацкія творы без традыцыйнага афармлення «рамка-шкло», раскіданыя паўсюль кавалкі чорнай тканіны, нейкія кардонкі і паперкі ды і непасрэдна самі жывапісныя працы ствараюць атмасферу нейкага хаосу, высялення наспех, нават уцёкаў. Гэта можна было б звязаць з трагедыяй «Тахелеса», але такая атмасфера была ўласцівая ўсім «ДАХам». Прынамсі, у гэтым можна было пераканацца ў 2010 і 2011 гадах, калі «ДАХ» ладзіўся ў сталічным Палацы мастацтва.

У пэўным сэнсе творы выставы — гэта нешта жывое. Ты трапляеш у залу музея і адчуваеш пах фарбаў, што сёння здараецца рэдка або з-за празмернай канцэптуальнасці і лічбавасці твораў, або проста таму, што яны схаваны пад шкло. На «ДАХу» пахне майстэрняй. І разам з тым, гэта ячшчэ і мінус. Таму што ствараецца ўражанне нейкай незавершанасці, недаробленасці. І — вяртання ў мінулае. Сам «Тахелес» быў створаны ў 1990 годзе. І на «ДАХу», такое адчуванне, уяўленні пра мастацтва з тых часоў не змяніліся...

Сёлетні фестываль куратары рыхтавалі ўсяго 4 месяцы, тады як звычайна рыхтуюць каля года. Але вось менавіта куратараў і не хапае «ДАХу», як мне здаецца. Экспазіцыя вельмі вялікая, ды яшчэ і зменная. А большасць замежных твораў падпісана на мове арыгінала: італьянскай, нямецкай, французскай. Імёны замежных мастакоў не гавораць нічога, і такім чынам глядач проста выпадае з кантэксту: хто гэтыя аўтары, што яны хацелі сказаць, чаму вось тут вісіць партрэт Ангелы Меркель, гэта прызнанне ў любові альбо жэст крытыкі? І наогул, не магу сказаць, што ўсё гэта нешта новае, што яно абуджае. Гэта проста абстрактны дэвіянтны жывапіс, у нечым наўмысна правакацыйны, але даволі традыцыйны ў сваёй правакацыйнасці. І вось тут бачыцца крызіс не толькі «ДАХу», але і сучаснага мастацтва ў цэлым.

Стракатасць і жаданне спалучыць неспалучальнае — яшчэ адна характарыстыка фестывалю. Невялічкі закуток залы музея прысвечаны асобе Тадэвуша Рэйтана — ліцвіна, дэпутата ад Наваградскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага на Варшаўскім экстраардынарным Сойме 1773 года. Арганізатары перакананы: тое, што ў Польшчы Рэйтана лічаць за свайго, а ў Беларусі пра яго практычна не памятаюць і яго сядзіба ў Грушаўцы ў занядбаным стане, — вялікая памылка і сорам. І таму на выставе паспрабавалі прадставіць розную інфармацыю пра Рэйтана: копіі дакументаў, згадкі ў прэсе, партрэты ды іншыя звесткі, якія могуць пераканаць наведвальнікаў «ДАХу» ў тым, што Рэйтан нарадзіўся ў Беларусі, пачуваўся беларусам і бараніў сваю Бацькаўшчыну, колькі хапала сіл.

1

Вось так поруч з інсталяцыямі існуе на фестывалі такі краязнаўчы асветніцкі куток, які сімвалізуе яшчэ і тое, што, акрамя ўсяго іншага, ХХ «ДАХ» прысвячаецца і Тадэвушу Рэйтану. Фестываль будзе працаваць да 15 мая, і, наведаўшы музей, вы зможаце атрымаць самаробную, раздрукаваную на прынтары, чорна-белую праграмку, якая павярхоўна выконвае функцыю гіда, куратара і дарадцы па мерапрыемствах фестывалю.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

https://www.traditionrolex.com/8