Шпацыр па Карла Маркса.  Пяць прапаноў па пешаходнай вуліцы

01.05.2013 - Новости

Шпацыр па Карла Маркса. Пяць прапаноў па пешаходнай вуліцы

Перайменаваць вуліцу Карла Маркса ў вуліцу Уладзіміра Караткевіча і стварыць на ёй музей Караткевіча. Назвы кавярням і крамам на гэтай вуліцы падбіраць з твораў пісьменніка

Пешаходныя вуліцы ствараюць асаблівую атмасферу ў горадзе. Яны прызначаны не для таго, каб па ім некуды спяшацца або ісці выключна па справах. Гэта вуліцы для роздуму, адпачынку, рамантыкі. Менавіта яны ствараюць элітарны дух горада, нават яго твар, калі хочаце. Але ў сталіцы нашай краіны, як ні дзіўна, дагэтуль няма ніводнай такой вуліцы. Толькі Карла Маркса робіцца пешаходнай выключна на летні перыяд, і толькі па выхадных, паведамляе «Звязда».

Тое, што Карла Маркса найлепш падыходзіць для пешаходнай вуліцы, — бясспрэчна. У гэтым мы яшчэ раз упэўніліся, паўдзельнічаўшы ў экскурсіі, якую Беларускі камітэт ІСАMОS у асобе яго дырэктара Уладзіміра Гілепа ладзіў для намесніка міністра культуры Тадэвуша Стружэцкага і карэспандэнта «Звязды». Вёў экскурсію гісторык, урбаніст, выкладчык Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Іван Сацукевіч.

Атрымалася так, што цягам такой нядоўгай прагулкі кожны з нас чатырох зрабіў уласную прапанову адносна лёсу і далейшага развіцця першай пешаходнай вуліцы сталіцы. Ды яшчэ адну, пятую ідэю, раней прапанаваў архітэктар Юрый Градаў. З яе і пачнём.

1. Частку вуліцы Кірава, якая адыходзіць ад чыгуначнага вакзала, зрабіць лагічным пачаткам пешаходнай вуліцы, хоць гэта і не Карла Маркса.

Кірава абсалютна не загружана транспартам, таму, лічыць Градаў, гэта быў бы вельмі ўдалы пачатак пешаходнай вуліцы. Яна прымыкае да новага будынка чыгуначнага вакзала сталіцы, а з другога боку справа на рагу знаходзіцца будынак, узводзячы які, архітэктар Барыс Рубаненка так удала захаваў планіроўку Віленскага рынка, які некалі быў на гэтым месцы.

Ідучы па Кірава па левым баку, адразу трапляеш у Міхайлаўскі сквер. Гэта той самы сквер, у якім з'явіліся першыя «жывыя» скульптуры Уладзіміра Жбанава — «Дзяўчына з парасонам», «Незнаёмка», «Курэц». А далей пачынаецца ўжо сама вуліца Карла Маркса.

2. Будынак Белвідэацэнтра перадаць Нацыянальнаму гістарычнаму музею, зрабіць галерэю, якая злучала б абодва будынкі, і размясціць у ёй выставачную залу. У рарытэтных гаражах, якія знаходзяцца тут жа, зрабіць майстэрні з некалькімі адкрытымі калекцыямі для наведвання.

Такой задумай падзяліўся намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі і сказаў, што яе даволі рэальна спраўдзіць. Справа толькі за адсяленнем Белвідэацэнтра, для якога зусім хутка з'явіцца зручнае месца. А дворык за Нацыянальным гістарычным Стружэцкі прапаноўвае выкарыстоўваць як пляцоўку для канцэртаў. Тым больш што такая практыка тут ужо ёсць: на Дзень музеяў у гэтым дворыку ўстанаўліваецца пляцоўка і збіраецца вельмі шмат людзей.

Дарэчы, падчас нашай экскурсіі стала відавочна, што і іншыя невялічкія дворыкі на Карла Маркса можна ўдала выкарыстоўваць. Напрыклад, безыменны завулак, які некалі зваўся Захар'еўскім (па імені першага грамадзянскага губернатара), — лепш не прыдумаць, як зрабіць яго паэтычным дворыкам. Тым больш што ў доме, які размяшчаецца на рагу былога Захар'еўскага завулка і вуліцы Карла Маркса (сёння там знаходзіцца крама «Прадукты»), калісьці было першае ў Мінску таварыства прыгожых мастацтваў.

Увогуле Стружэцкі адзначыў, што неразуменне горадам магчымасцяў гэтай вуліцы яго проста бянтэжыць. Многія будынкі вельмі спантанна аддадзены розным установам. А павінны ў іх размяшчацца выставачныя залы, кавярні, сувенірныя крамы...

3. Перайменаваць вуліцу Карла Маркса ў вуліцу Уладзіміра Караткевіча і стварыць на ёй музей Караткевіча. Назвы кавярням і крамам на гэтай вуліцы падбіраць з твораў пісьменніка.

Ідэю перайменавання Карла Маркса ў вуліцу Уладзіміра Караткевіча любоўна песціць Уладзімір Гілеп. І ён упэўнены, што свайго абавязкова даб'ецца. Бо яшчэ больш насыціць гэтую вуліцу элітарнай атмасферай можна было б, падкрэсліўшы той факт, што менавіта тут жыў Караткевіч — каля сённяшняй станцыі метро «Купалаўская».

Тадэвуш Стружэцкі разважае так: «Імя Караткевіча сёння ва ўсіх на слыху, не выклікае ніякіх спрэчак і было б добра прынята мінчанамі». «Гэты чалавек, як магніт, прыцягвае да сябе цікавасць, — гаворыць Уладзімір Гілеп. — А дзе рабіць музей Караткевіча? Натуральна, на яго вуліцы!»

Іван Сацукевіч выказаў арыгінальную думку, што назвы да крамак, кавярняў на гэтай вуліцы можна было б падабраць з твораў пісьменніка. «Гэта была б унікальная містыка вуліцы, — упэўнены экскурсавод. — Ходзіш, і кавярня, напрыклад, у палацы шашак і шахмат называецца «Ладдзя», — і ты думаеш: чаму? З'явіўся б на гэтай вуліцы і «Замак Альшанскі», і многае іншае».

4. Аднавіць воданапорную вежу, якая некалі размяшчалася за Купалаўскім тэатрам, зрабіць у ёй музей вады і аглядную пляцоўку.

Такую прапанову агучыў Іван Сацукевіч. Ён расказаў, што дыяганальна насупраць тэатра, там, дзе зараз знаходзіцца ўваход у метро, некалі стаяла ўнікальная воданапорная вежа. Яна была значна прыгажэйшая, чым тая, што сёння захавалася на Грушаўцы. Сацукевіч прапануе зрабіць у адноўленай вежы музей вады ці штосьці падобнае, а наверсе — аглядную пляцоўку для гасцей горада. Бо гэта цудоўнае месца: побач Кастрычніцкая плошча, Аляксандраўскі сквер. «Фантан ёсць, тэатр ёсць, нулявы кіламетр паглядзелі — і ўсё, больш няма за што зачапіцца воку, — разважае Сацукевіч. — А калі зрабіць такую вежачку з музеем і агляднай пляцоўкай, чалавек зможа зайсці, патраціць грошы і хвілін 15–20 свайго часу».

5. Зрабіць Карла Маркса пешаходнай — ва ўсе сезоны і дні тыдня.

Гэта асабіста маё меркаванне. Бо меры, прынятыя напалову, не прыносяць жаданага выніку. Так і частковая «пешаходнасць» Карла Маркса не можа поўнасцю задаволіць патрэбу гараджан і гасцей сталіцы ў «адкрытай прасторы».

Калі мы гулялі па ёй, абмяркоўвалі ўсе маленькія ўтульныя дворыкі, якія можна «ажывіць», разглядалі каштоўныя з пункту гледжання архітэктуры будынкі, мне ўзгадалася Вільня. У былой сталіцы Вялікага княства ўсё дакладна так: функцыянальна, змястоўна, душэўна. Аказваецца, і ў нас так можа быць, толькі трэба прыкласці пэўныя намаганні.

Аднак вуліца напоўнілася б новымі кавярнямі, крамамі сувеніраў, пляцоўкамі для артыстаў толькі будучы свабоднай ад машын, святлафораў і знакаў пешаходных пераходаў. Іначай адкрываць падобныя месцы прадпрымальнікам і аматарам мастацтваў рызыкоўна, бо пры «няпоўнай свабодзе» вуліцы ад транспарту гэта можа быць нявыгадна. А натоўпы людзей з'явяцца тады, калі ўсё будзе створана для іх адпачынку.

Тым больш хочацца мець у цэнтры сталіцы прыгожую пешаходную вуліцу з элітарным духам, калі жыць даводзіцца ў спальным раёне. Суцэльныя шматпавярховікі, дарогі і пыл. Няўжо мы не маем права на кавалачак прыгажосці, утульнасці і спакою хаця б у сэрцы Мінска?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара

Рубрики: Общество

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах