Віктар Марціновіч: Як Мінск стаў Вегасам

03.05.2013 - Новости

Віктар Марціновіч: Як Мінск стаў Вегасам

Колькі казіно вы згадаеце на ўсёй працягласці праспекта Гедыміна ў Вільні? Я прыпамінаю адно (!). Супастаўце гарадскі ландшафт у цэнтры Мінска з тым, што бачым у Кіеве ці Варшаве, і прыйдзеце да дзіўнай высновы: наш горад пераўтварыўся ў рэгіянальную сталіцу азартных гульняў! У Нью-Вегас Усходняй Еўропы

Апошнім часам, шпацыруючы па Мінску, увесь час натыкаешся на аб’екты, што прыйшлі як быццам з іншага вымярэння, паведамляе Budzma.org. На будынкі і дызайн, публіка ды атмасфера вакол якіх выразна кантрастуе з навакольным ландшафтам. Зацемненыя ці наогул заклееныя постэрамі вокны. Ахова на ўваходзе. Бляск неонавай рэкламы над дзвярыма. Нейкія рахманыя хемулі ў кактэйльных гарнітурах, што папыхваюць кубінскімі цыгарамі наводдаль, нібы вырашаючы, вяртацца ў гэтае царства пароку ці не. Гісторыі ад кіроўцаў таксі – пра тое, як адзін такі, рахманы, пакінуў $300 за паездку ад праспекта Пераможцаў да гатэля на Незалежнасці, бо яму нерэальна пашанцавала ў покер.

І вось ты мінаеш будынак, вока праз адчыненыя дзверы паспявае схапіць нейкую экзатычную сцэнку, нібыта з «Джэймса Бонда»: прыгажуня-блондзі ў чырвонай сукенцы побач з апранутым у смокінг карлікам-арангутанам, які цягне красуню ўглыб гэтай пячоры… І трэба прайсці некалькі крокаў, каб зразумець: усё добра. Гэта не глюк і не вар’яцтва. Гэта сапраўды робіцца пасярод нашага прыбранага, вымытага, савецкага-савецкага гораду. Гэта называецца «росквіт ігорнага бізнэсу».

Вы, можа, не канцэнтраваліся на гэтым і не бачыце размаху з’явы: зараз у пэўных месцах цэнтра немагчыма 15 хвілін прайсці, каб не трапіць на чарговае, з размахам збудаванае казіно, не адчуць подых вельмі спецыфічнай атмасферы. Ды што цэнтр? Нават у мінскіх спальніках грувасцяцца slot-хаўзы!

Колькі казіно вы згадаеце на ўсёй працягласці праспекта Гедыміна ў Вільні? Я прыпамінаю адно (!). Супастаўце гарадскі ландшафт у цэнтры Мінска з тым, што бачым у Кіеве ці Варшаве, і прыйдзеце да дзіўнай высновы: наш горад пераўтварыўся ў рэгіянальную сталіцу азартных гульняў! У Нью-Вегас Усходняй Еўропы.

Я не кажу, што гэта дрэнна. Я кажу, што гэта не спалучаецца з тым разуменнем Мінска, якое я маю ў галаве. Прыбраны горад пад слоганамі  «парадку», «чысціні», «бяспекі». Горад, у якім дзейнічае дзяржаўная камісія «па маральнасці». І тут раптам – сталіца казіно.

Заўважым: у дадзены момант вірлівая энергія рулеткі яшчэ стрымліваецца ў межах агульнагарадскога настрою. Мінск сёння – не інфраструктура абслугі «гульнявых дамоў». Наадварот, усе гэтыя дамы пакуль змешчаны ў гарадское асяроддзе на правах гета, музею, у які можна зайсці, нават зрабіць дробную стаўку, назіраючы за дзівакамі навокал (я так аднойчы прайграў $70).

Але ўсё можа хутка змяніцца. Бо занадта ж шмат іх стала. І занадта ж спецыфічная публіка – расійскія азартныя гульцы, на якіх уся гэтая «прэлесць» разлічана (бо росквіт казіно ў нас пачаўся адразу пасля ўвядзення абмежавання на гэты тып бізнэсу ў Расіі).

Уласна, калі адкінуць прамежкавыя варыянты кшталту прафесійных гульцоў, ёсць два асноўныя тыпы наведвальнікаў гульнявых дамоў. Першы – ціхі і бяспечны, з’яўляецца разнавіднасцю інтэлігента-вар’ята. Ён увасоблены ў такіх асобах, як рускі пісьменнік Дастаеўскі (рулетка) ці амерыканскі пісьменнік Букоўскі (скачкі). Грошай няма, жадання зарабляць – таксама. Але ёсць наіўная вера ў цуд і вялікае пісьменніцкае ўяўленне. Уяўленне + вера ў цуд + адсутнасць грошай = псіхічная хвароба. Яны цягнуцца да рулеткі, пазычаюць грошы, спадзеючыся, што «гэтым разам» перамогуць. Вялікай праблемы іх залежнасць не стварае, наадварот, час ад часу з’яўляюцца добрыя тэксты («Гульца» Дастаеўскі напісаў праз доўг, які мусіў аддаць). На атмасферу ў горадзе яны не ўплываюць, бо ўвесь іх «дзвіж» адбываецца ўнутры іхніх дэпрэсіўных асоб.

Другі тып гульцоў – болей атмасферны. Гэта супербагаты шызоід, які не можа дакладна сказаць, колькі грошай мае. Бо частка – у маёмасці, частка – у акцыях, частка – у розных валютах на рахунках па ўсім свеце. Ён – такі ж неадэкватны, як «Дастаеўскі-type», але ягоныя звышмагчымасці, абумоўленыя звышпрыбыткамі, робяць яго своеасаблівым суперменам. Асабліва ў такім сціплым горадзе, як Мінск. Адзін такі распавёў мне, чаму мае фізічную патрэбу ў казіно: ён страціў магчымасць адчуваць асалоду ад чалавечых радасцей. Амаль кожны свой сказ ён распачынаў словамі «калі зарабляеш свой першы мільён у 21 год…» – і гэтак далей. Ён расчараваўся ў жанчынах і каханні – бо той лад жыцця, які ён вядзе, забівае ў чалавеку сэрца. Ён не атрымлівае асалоды ад ежы і напояў, ён нудзіцца ў вандроўках. Адзінае, што можа разварушыць яго, прымусіць кроў рухацца трошкі хутчэй, – свет чыстага памнажэння нулёў (ці поўнага, спусташальнага пройгрышу). Свет, дзе грошы спаборнічаюць з грашыма, дзе няма ніякага фізічнага насычэння, толькі адрэналін. Дзе ўсё быццё рэдукавана да адчування эпікфэйлу, калі губляеш чарговую звышвялікую стаўку ці эйфарыі, калі раптам «з нічога» атрымліваеш суму, якой звычайнаму чалавеку дастаткова, каб пражыць жыццё.

Менавіта гэтыя чудзікі задаюць новую мелодыю, якая сталася чутнай у пэўных частках Мінска: яны ідуць, пакідаючы за сабой шлейф з баксаў, істэрыкі і тагасветнасці, адрынаючы ўсе нашыя ўяўленні пра тое, што каштоўнае ў жыцці, а што – не. Зараз такіх – адзінкі. Але іх дастаткова, каб горад часам рабіўся непазнавальным, а Сяргей Календа напісаў сваю цудоўную кніжачку «Кантынентальны сняданак», у якой ёсць нарысы гэтага, іншага Мінска. Мінска азартных гульняў, spa-салонаў, арабскіх шэйхаў ды шампанскага па тысячы долараў за бутэльку.

І апошняе. Любая невялічкая з’ява ў вялікай сістэме з часам змяняе ўсю сістэму. Калі вы думаеце, што для нашага горада, дзе яшчэ некалькі год таму на замову ветэранаў з плошчаў здымалі шыльды крам нямецкай вопраткі, бо вопратка – нямецкая, гэта ўсё пройдзе незаўважаным, вы памыляецеся! Некалькі гадоў таму я трапіў на ўспаміны амерыканца, які згадваў, як правёў сваё дзяцінства, дзяжурачы ля ўваходу ў казіно Лас-Вегаскага Стрыпу. Бо сярод гульцоў лічыцца вельмі добрай прыкметай, калі ля ўваходу ў казіно аказалася дзіця. І таму дзіцяці, у выпадку вялікага кушу, можна сунуць кішэнных грошыкаў. Дык не пераўтварыліся б мы ўсе ў такіх lucky-боеў, што чакаюць грошыкаў ад заезджага расіяніна на ўваходзе ў казіно, якое некалі было нашым горадам.

Віктар Марціновіч

Рубрики: Общество

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах