<div class="article_txt_intro">
<p class="introduction"><span class="zoomMe">З амаль 1200 экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, атэставаных Міністэрствам спорту і турызму Беларусі, толькі адзін мае бэйдж на беларускай мове — Васіль Грынь з Заслаўя.</span></p>
</div>

З амаль 1200 экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, атэставаных Міністэрствам спорту і турызму Беларусі, толькі адзін мае бэйдж на беларускай мове — Васіль Грынь з Заслаўя.

Усе астатнія ківаюць на двухмоўе і задавольваюцца візітоўкамі па-расійску. У працы з арганізаванымі мясцовымі групамі спадар Грынь таксама карыстаецца выключна беларускай мовай і ніколі не чуў, каб некаму гэта замінала, паведамляе радыё «Свабода».

Напрыканцы мінулага года турыстычны партал Tio.by распачаў акцыю «Збяром 100 подпісаў, каб бэйдж экскурсавода быў беларускамоўным!» За кароткі час ініцыятыву падтрымала больш за 300 чалавек. Але, нягледзячы на ўзнятую хвалю «за мову!», ахвочых рэалізаваць задуму на практыцы так і не знайшлося. Апроч аднаго. 21 снежня 2012 года Васіль Грынь падаў дакументы з просьбай выдаць яму бэйдж на беларускай і англійскай мовах, і ўжо наступнага дня на загад Нацыянальнага агенцтва па турызму просьба была задаволена. Такім чынам, з 972 экскурсаводаў і 202 гідаў-перакладчыкаў беларускамоўны бэйдж ёсць толькі ў Васіля Грыня. Сам ён такую дыспрапорцыю каментуе проста — ніхто не хоча «напружвацца»:

«У кантэксце гісторыі з маім беларускамоўным бэйджыкам сітуацыя з аднаго боку даволі недарэчная, а з іншага — вельмі характэрная, на жаль, для Беларусі, для беларускай ментальнасці ўвогуле. Прынамсі, цяперашняй. Шуму было ўзнята шмат, на сайце «Туризм и отдых» абмяркоўвалася. А фактычна можна ўсё зрабіць проста ў адпаведнасці з адміністрацыйным парадкам: напісаць заяву на беларускую мову — і выдадуць табе бэйдж адпаведнага ўзору. Праўда, некалькі разоў давялося падыйсці да адміністратараў, якія ў агенцтве выдаюць гэтыя бэйджыкі — былі нейкія памылкі, трэба было адкарэктаваць. Проста настояў на сваім. Прытым не тое, што я там нечага кулакамі дамагаўся. Сказаў, каб зрабілі, яны і напісалі — у адпаведнасці з заявай, афіцыйна аформленай. І калі казаць канкрэтна, дык — а якая тут праблема? Проста ці адсутнасць ведаў, ці неразуменне элементарных законаў, як гэта ўсё робіцца. У выніку выходзіць такая вось валтузня, калі крыку многа, а справы мала».

На думку суразмоўцы, найперш не хапае самасвядомасці самім беларусам (і не толькі задзейнічаным у турыстычнай галіне). З іншага боку, маглі б выказаць большую зацікаўленасць і дзяржаўныя структуры, уніфікаваўшы моўнае пытанне на карысць беларускай мовы — усё ж гаворка не пра простую паперку, а пра нацыянальную візітоўку экскурсавода:

«Чаму на інтэрнэт-старонках усе такія апантаныя, выступаюць за беларускую мову і ўсё такое, а на справе ніхто не падумаў, не пастараўся ажыццявіць гэта ў рэальнасці, не проста выступаючы на сайце якім-небудзь ананімусам? Тут проста пытанне кожнага канкрэтнага чалавека. Бо не трэба чагосьці баяцца, а пайшоў і зрабіў. І я лічу, што прынамсі бэйджыкі павінны быць па-беларуску. Гэта нават расійскаму турысту павінна быць зразумела. Калі для тых жа расіян працуеш на рускай мове і калі ў цябе бэйджык напісаны па-беларуску (з транскрыпцыяй імя і прозвішча лацінкай), то гэта толькі дадае вагі, саліднасці: ты ёсць беларускі гід, ты мясцовы і тут працуеш. Канечне, была б мая воля, зрабіў бы, каб у абавязковым парадку пісалася па-беларуску, але ва ўсялякім разе цяпер можна прынамсі выбіраць. Чаму людзі не выбіраюць, не афармляюць — зноў жа, пытанне. Бо з усяго таго гвалту ў інтэрнэце, які, я таксама чакаў, выкліча моцную хвалю, атрымаўся нейкі воплеск, не болей».

Паводле суразмоўцы, асабіста ён яшчэ не сутыкаўся з выпадкамі непрымання беларускай мовы ўнутранымі турыстамі, таму экскурсавод у пэўнай ступені можа быць менавіта папулярызатарам роднай мовы:

«Канечне, многа залежыць ад асобы самога гіда. Калі для беларусаў ладзіш экскурсію, для дарослых, і калі чалавек тут жа ідзе на нейкую здзелку з сумленнем — «по-русски легче, зачем высовываться», галоўнае, матэрыял данесці, — гэта адна справа. А калі чалавек талковы, таленавіты гід, цікава расказвае, то для беларускага турыста гэта яшчэ больш дадае цікавасці самой экскурсіі. Я не сустракаў яшчэ ніводнай беларускай групы, якая, напрыклад, не ўспрымала б беларускую мову. Хутчэй наадварот. Ну, а расійскія турысты — ясна, што плацяць, каб ім расказвалі на іх мове. Таму зразумела, што расіянам трэба па-руску, брытанцам — па-англійску, палякам — па-польску. І гэта нармальна».

Афармленне беларускамоўнага бэйджыка — не першы для Васіля Грыня прыклад выяўлення нацыянальнай адметнасці. Гэткім жа чынам ён разабраўся з напісаннем дадзеных у пасведчанні кіроўцы:

«Я сябе ў гэтай сітуацыі, шчыра кажучы, у нейкай ступені недарэчна адчуваю. Гэта што, я самы разумны, выходзіць, аказаўся? Элементарная рэч: узяў, пайшоў, напісаў заяву, атрымаў бэйдж па-беларуску. Гэтак жа сама я зрабіў з пасведчаннем кіроўцы — у мяне цяпер правы па-беларуску. Ну, лішні раз звярнуў увагу міліцыянера, які сядзіць, выпісвае дакументы — хачу мець дакументы на беларускай мове, звяртаю вашу ўвагу. І ўсё, маю правы па-беларуску. Сам ім напісаў лацінкай транскрыпцыю, а таксама на кірыліцы. Гэта што тычыцца такіх вось лакальных праблем. А калі больш глабальна, то, канечне, праблемы з беларускай мовай ёсць у краіне — перадусім у тым, што мова ўсё менш і менш выкарыстоўваецца. Але гэта ўжо больш маштабнае пытанне, якое ў дадзеным выпадку не хачу асабліва і каментаваць. Бо гэта крышку з іншай, агульнай тэмы сучаснай Беларусі».

Васіль Грынь паўтара дзясятка гадоў займаецца турыстычнымі паслугамі і ўвесь гэты час застаецца беларускамоўным экскурсаводам, гідам, інструктарам. Дарэчы, падчас традыцыйнага красавіцкага Фэсту экскурсаводаў запачаткаваў новы від падарожжаў па родным Заслаўі:

«Я ў гэтай галіне больш за 15 гадоў. Пачынаў з актыўнага адпачынку, з горных лыжаў, цяпер больш працую па Беларусі: экскурсіі, водны турызм — на каяках, на каноэ, арганізуем сплывы. Я сам жыву ў Заслаўі і сёлета падчас Фэсту экскурсаводаў упершыню ўдзельнічаў у велаэкскурсіі. Мода на веласіпеды пашыраецца, і тое ж Заслаўе ў такім фармаце даволі зручнае для велападарожжаў. Паколькі яно моцна раскіданае і пешшу даволі доўга хадзіць, то на веласіпедзе хутка і камфортна. Прэцэдэнт Заслаўя можа паказаць, што ў перспектыве і іншыя беларускія мястэчкі можна маркіраваць, як у Еўропе, з тым, каб былі абазначаныя веласіпедныя маршруты. І калі ўлады крыху паспрыяюць, то будзе досыць перспектыўна. Тым больш што патроху ідзе папулярызацыя, пашыраецца рух, таму гэта можа быць прэцэдэнтам добрай справы развіцця і турызму, і актыўнага ладу жыцця. У тым жа Мінску ўжо досыць шырокае кола людзей, якія захапляюцца веласіпедамі вельмі сур’ёзна, многія з добрай фізічнай падрыхтоўкай. Таму дастаткова цікавая ідэя распачаць такія экскурсіі ў Заслаўі».

У адказе, атрыманым рэдакцыяй партала Tio.by з Міністэрства спорту і турызму, гаворыцца: паколькі дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі з'яўляюцца беларуская і руская, ведамства, кіруючыся заканадаўствам, дае магчымасць спецыялістам асабіста выбіраць адну з дзяржаўных моў для афармлення бэйджа. Паколькі бэйдж мае два бакі, адзін з якіх аформлены лацінкаю, каб зручней было замежнікам у часе экскурсій, кожны сам вольны вызначыць, на якой мове будзе аформлены другі бок — зыходзячы з таго, з якімі групамі ён працуе, і ў адпаведнасці з уласнай самасвядомасцю. Свядомасці, мяркуючы па ўсім, пакуль што якраз і бракуе.

Ігар Карней