<p>Міжнароднае свята тэатральнага лялечнага мастацтва працягнецца да 13 мая. У ім бяруць удзел 12 тэатраў лялек з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы і Украіны</p>
Міжнароднае свята тэатральнага лялечнага мастацтва працягнецца да 13 мая. У ім бяруць удзел 12 тэатраў лялек з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы і Украіны, паведамляе «Твой стыль».

Тэатры-удзельнікі выступяць на двух сцэнічных пляцоўках: на сцэне Драматычнага тэатра і ў Тэатры лялек.

У праграме – дзевяць спектакляў для дзяцей і сямейнага прагляду і тры – для моладзі і дарослых. Рэпертуар складзены для зручнасці гледачоў, каб тыя маглі паглядзець усе спектаклі без выключэння.

 

Паводле слоў мастацкага кіраўніка фестывалю Алега Жугжды, гэта хутчэй свята мастацтва Тэатра лялек, але пакуль не фестываль.

«Я спадзяюся, што ў наступным гэта падзея стане фестывалем і Гродна будзе тэатральным цэнтрам. Гродна – адзіны абласны горад, у якім яшчэ няма тэатральнага фестывалю».

За час свята журы вызначыць пераможцаў у сямі намінацыях: Гран-пры («Лепшы спектакль»), «Лепшая праца рэжысёра», «Лепшая праца мастака-пастаноўшчыка», «Лепшы акцёрскі ансамбль», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшае музычнае афармленне спектакля».

1

Журы не будзе прымаць удзел у абмеркаваннях. Абмяркоўваць спектаклі яны могуць толькі ў сваіх закрытых кулуарах. Пры галасаванні будзе ўлічвацца не большасць галасоў, а адзіны кансэнсус. Так, на думку арганізатараў, выбар журы будзе па-сапраўднаму аб’ектыўным і дэмакратычным.

2

Таксама на свяце-фэсце прысутнічаюць крытыкі і тэатразнаўцы з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Екацярынбурга, Харкава і Варшавы.

Тэатразнаўцы Наталля Зайцава і Таццяна Кузаўчыкова, Санкт-Пецярбург: «Мы даўно ведаем Гродзенскі тэатр лялек і сочым за яго спектаклямі. Добрая практыка, калі добры рэжысёр мае свой фестываль. Творчасць Алега Жугжды выклікае вялікую цікавасць.

З праграмы было відаць, што ў Гродне пакажуць шмат добрых спектакляў. Бо фестываляў шмат, а добрых  – адзінкі.

Мы ведаем са спісу многіх рэжысёраў, таму фестываль абяцае быць вельмі цікавым. Праграма вельмі кампактная і не перанасычаная падзеямі».

3

 

Гродзенская публіка на свяце-фэсце ўбачыць спектакль «Чароўны пэндзаль» Магілёўскага тэатра лялек, які ў мінулым годзе атрымаў II Нацыянальную тэатральную прэмію Беларусі ў намінацыі «Лепшы спектакль для дзяцей».

Свята-фестываль арганізаваны для папулярызацыі жанру і прыцягнення ўвагі жыхароў да Гродзенскага тэатра лялек.

5

Алег Жугжда: «Фестываль можа і павінен быць штогадовым, для таго каб пра яго не забывалі. Колькасць удзельнікаў і краін досыць шырокая і штогод можа вар’іравацца. Гэта трэба для таго, каб падзея стала прыкметнай для горада, трэба замацавацца на гэтым месцы і дасягнутым рубяжы».

Арганізатарамі міжнароднага свята тэатральнага лялечнага мастацтва выступілі Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, Упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны тэатр лялек.

4

Юлія Лыткіна