<p>Да сезону адпачынкаў яшчэ цэлы месяц, а тураператары ўжо працуюць у аўральным рэжыме: кліенты набываюць усё, што прапанавана, і... патрабуюць больш!</p>

Напярэдадні сезону не толькі ажыла, але і б'е рэкорды... турыстычная сфера! Пасля значнага заняпаду гэтай галіны падчас крызісу 2011 года сёлетні сезон адпачынкаў ужо стаў ажыятажным: імкліва расце не толькі попыт, але і разнастайнасць кірункаў абраных падарожжаў. Што ж выбіраюць беларусы?

Да сезону адпачынкаў яшчэ цэлы месяц, а тураператары ўжо працуюць у аўральным рэжыме: кліенты набываюць усё, што прапанавана, і... патрабуюць больш!

ЛІЛІЯ КОБЗІК
, «ТУРИЗМ И ОТДЫХ», РЭДАКТАР: «Усё, што прапанавана, – а гэта ў два разы больш, чым у мінулым. І дадаюцца гэтыя новыя кірункі, усё карыстаецца попытам».

Гэтак прынамсі на 60% павялічыўся попыт на аўтобусныя паездкі і авіяпералёты ў Балгарыю. На 40% больш сталі набываць тураў у Грэцыю і Чарнагорыю. З-за паляпшэння рэгулярнасці авіязносін вырасла цікавасць да Іспаніі. Ёсць рэйс на Марока. Такі ўсплёск турыстычнай актыўнасці за апошнія чатыры гады эксперты тлумачаць зменаю спажывецкіх прыярытэтаў. Замест еўрарамонту і новага аўтамабіля беларусы выбіраюцца ў падарожжы, паведамляе Belsat.eu.



МІНЧАНЕ: «Хутчэй за ўсё, за мяжу. Ёсць думка пра Балгарыю або, можа, Францыю».
«Заўсёды мара была наведаць Вялікабрытанію і, спадзяюся, улетку гэтая мара спраўдзіцца».

Сёння, каб паехаць у тую ж Грэцыю ў 4-зоркавы атэль, дастаткова аднаго сярэднямесячнага заробку 700 долараў. Некаторыя заможныя беларусы паспяваюць за лета выехаць нават два разы. Айчынная ж сфера паслуг і турызму такім попытам не карыстаецца.

МІНЧАНЕ: «Я была на Нарачы, усё было вельмі сумна. Ні кавярні, ні зоны адпачынку».
«Айчыннае патрабуе яшчэ дапрацоўвання і не дацягвае да ўзроўню, за які бяруць грошы».

А дакладней, так званага ўзроўню dolce vita – за які беларусы гатовыя адстойваць чэргі ў консульскіх аддзелах замежных дыппрадстаўніцтваў.

ЛІЛІЯ КОБЗІК
, «ТУРИЗМ И ОТДЫХ», РЭДАКТАР: «Беларусы – шмат хто плануе паездкі з Каўнасу, Варшавы, Вільні. І візавыя праблемы такія, што ў нас няма пасольстваў. У нас незалежная дзяржава, але не мае паловы прадстаўніцтваў краін, з якімі беларусы маюць моцныя стасункі».

Замест таго каб спакушаць суайчыннікаў даступнасцю прапаноў, айчынная інфраструктура адпужвае іх мізэрнаю якасцю і дарагоўляю. І хоць палітычны клімат не спрыяе пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва, адпачываючыя наладжваюць яго самі...

Вольга Саўле, «Аб’ектыў»