<div class="article_txt_intro">
<p class="introduction"><span class="zoomMe">Такую інфармацыю паведаміў начальнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі</span></p>
</div>

Такую інфармацыю паведаміў радыё «Свабода» начальнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі.

Вось як адказаў ён на пытанне, ці гатовы ўладальнік скандальнай забудовы ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні тэрыторыі Курапат:

«Ён гатовы і грошы даць, і дапамагаць фізічна. Адзінае, што на сённяшні дзень ані «Бульбаш-холу», ані мне асабіста не зразумела: а з кім супрацоўнічаць? Бо там некалькі грамадскіх ініцыятыў, якія я б не сказаў, што ў розныя бакі цягнуць, але... напэўна, трэба нейкі каардынуючы орган, каб было зразумела, што робяць адны, што робяць другія. Каб гэта ўкладалася ў лагічны кантэкст. Тады б праблем не было, і той жа «Бульбаш-хол» (я іх умоўна так называю, бо яны ўжо не «Бульбаш-хол») прымаў бы ўдзел у гэтай справе. Яны гатовыя, яны зацікаўленыя. Больш за тое — іх ніхто не абавязваў, але яны самі вось гэтую зону паміж сваёй забудовай і лесам даглядаюць, прыбіраюць. Вось нядаўна смецце адтуль вывезлі, якое за зіму туды навезлі».

Радыё «Свабода»: А як яны цяпер называюцца?

Ігар Чарняўскі: Пакуль што ніяк, нават не ведаю. Яны павінны ў Міністэрства культуры прадставіць анатацыю па дэталёвым плане. Тады мы будзем бачыць, як яны называюцца. Назва, можа, і ёсць, але пакуль у нас не з'явіцца афіцыйнага ліста, то як мы можам іх назваць?

Радыё «Свабода»: Яны ж хацелі ўжо ў маі адкрывацца. Адкрываюцца?

Ігар Чарняўскі: Не ведаю, пакуль ніякіх дакументаў не было.

Змаганне з «Бульбаш-холам»

Чатыры жылыя дамы забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» павінны быць вынесены за тэрыторыю ахоўнай зоны ўрочышча Курапаты.

Раней Мінскі райвыканкам прыняў пастанову аб распрацоўцы праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў раёне ўрочышча Курапаты. У выніку будуць удакладненыя межы ахоўных зон Курапат і тэрыторыя забудовы каля ўрочышча. Такім чынам павінен вырашыцца і лёс забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол». Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што гэты комплекс неабходна дэмантаваць.

Парушэнне межаў гісторыка-культурнай каштоўнасці «Курапаты» пры будоўлі забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» было выяўлена яшчэ ў лістападзе 2012 года.

Аднак працы на будаўнічай пляцоўцы забаўляльнага цэнтра «Бульбаш-хол» аднавіліся ў красавіку.

Даведка «Свабоды»

Курапаты — урочышча пад Мінскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.


У красавіку-маі 1988 года ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасці Зянона Пазняка і грамадскай арганізацыі «Мартыралог Беларусі».

У чэрвені 1988 года была створана ўрадавая камісія, і Пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расследавання, як пацверджана ў інфармацыйным паведамленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 года, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га размешчана 510 групавых пахаванняў, з якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 з іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзенне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяр, тут паставілі крыжы, іншыя мемарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах не раз чыніліся акты вандалізму.