<p>Выказаўся кіраўнік дыпламатычнай місіі Літвы і на тэму развіцця ўзаемнага турыстычнага абмену. Ён падкрэсліў, што сённяшні кошт віз перашкаджае беларусам ездзіць у суседнюю дзяржаву. Таму літоўскі бок стараецца выдаваць як мага больш бясплатных віз. Ёсць дамоўленасць аб прыгранічным руху, для якога візы ўвогуле не патрэбны. Прагучала меркаванне, што ў бліжэйшы час кошт віз для грамадзян нашай краіны можа быць зменшаны да 35 еўра.</p>

Нядаўна ў Пасольстве Літвы ў Мінску адбылося адкрыццё Дзён культуры гэтай краіны ў Беларусі. Маладзечаншчыну на мерапрыемстве прадстаўлялі члены мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» і карэспандэнт «Маладзечанскай газеты». Прыём у пасольстве быў прымеркаваны да старшынства Літвы ў Еўрасаюзе, якое павінна быць у хуткім часе.

У прывітальным слове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус (дарэчы, ён заступіў на гэту пасаду зусім нядаўна) адзначыў, што яго краіна на правах старшыні Еўрасаюза будзе адстойваць і беларускія інтарэсы. Па словах дыпламата, супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю развіваецца паспяхова. З года ў год расце ўзаемны тавараабарот. Летась суседнюю краіну наведала каля 400 тысяч беларусаў. Пастаянна павялічваецца колькасць літоўска-беларускіх кантактаў і праектаў.
Пасол Літвы прызнаўся, што ён у захапленні ад беларускай мовы.

– Мне як філолагу яна вельмі падабаецца, – сказаў Эвалдас Ігнатавічус. – Чытаю па-беларуску даволі бегла. Спадзяюся, што праз некаторы час асвою таксама і гутарковую мову.

Выказаўся кіраўнік дыпламатычнай місіі Літвы і на тэму развіцця ўзаемнага турыстычнага абмену. Ён падкрэсліў, што сённяшні кошт віз перашкаджае беларусам ездзіць у суседнюю дзяржаву. Таму літоўскі бок стараецца выдаваць як мага больш бясплатных віз. Ёсць дамоўленасць аб прыгранічным руху, для якога візы ўвогуле не патрэбныя. Прагучала меркаванне, што ў бліжэйшы час кошт віз для грамадзян нашай краіны можа быць зменшаны да 35 еўра.

Запрошаныя на мерапрыемства ў пасольстве маглі пазнаёміцца з фотавыставай «Сядзібы Літвы». Літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная творчасці Міхала Клеафаса Агінскага, нагадала прысутным аб агульнай культурнай спадчыне Літвы і Беларусі. Гэтага кампазітара лічаць сваім і жыхары Літвы, і жыхары Беларусі. Каб сувязь паміж народамі нашых краін была мацнейшай, падобных праектаў павінна быць больш.

Алег БЯГАНСКІ

Фота АЎТАРА