<p>У Полацку іх абавязкова сустрэнеш каля Сафійскага сабора або ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Шмат іх на мясцовых турыстычных базах і аграсядзібах</p>

У Беларусі значна павялічылася колькасць расійскіх турыстаў, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Асабліва гэта заўважна ў Віцебскай вобласці. У Полацку іх абавязкова сустрэнеш каля Сафійскага сабора або ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Шмат іх на мясцовых турыстычных базах і аграсядзібах.

Незалежны эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч тлумачыць гэта некалькімі прычынамі:

– Гэта тлумачыцца тым, што мы з’яўляемся, з пункту гледжання расіян, так ці інакш Еўропай. То бок чыстыя вуліцы, больш менш танныя тавары, адносны сацыяльны парадак і спакой. З іншага боку – настальгія па Савецкім Саюзе. Тут захаваліся тыя рэчы, якія яны памятаюць са свайго дзяцінства. Таму лёгка тлумачыць гэтую плынь турыстаў.

Але ніякай еўрапейскай турыстычнай інфраструктуры расійскія турысты ў Беларусі не пабачылі, кажа Аляксандр Сінкевіч. А значыць, і дадатковых грошай не пакінулі. Калі для расійскіх турыстаў беларускі сервіс больш-менш звычны, то для заходніх гасцей ён абсалютна незадавальняючы.