https://www.traditionrolex.com/8
<p>25 мая ў Крычаўскім гістарычным музеі, які з 2008 года займае адрэстаўраваны будынак палаца князя Рыгора Пацёмкіна (помнік архітэктуры ранняга класіцызму з элементамі псеўдаготыкі канца ХVІІІ стагоддзя), пройдзе шляхецкі баль. Ініцыятарам балю з'яўляецца віцебскі клуб гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа», а падтрымаў ініцыятыву дырэктар музея ў Крычаве Вадзім Рыськоў</p>

25 мая ў Крычаўскім гістарычным музеі, які з 2008 года займае адрэстаўраваны будынак палаца князя Рыгора Пацёмкіна (помнік архітэктуры ранняга класіцызму з элементамі псеўдаготыкі канца ХVІІІ стагоддзя), пройдзе шляхецкі баль. Ініцыятарам балю з'яўляецца віцебскі клуб гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа», а падтрымаў ініцыятыву дырэктар музея ў Крычаве Вадзім Рыськоў, паведамляе «Звязда».

Мяркуецца, што ў балі возьмуць удзел гістарычныя клубы, якія займаюцца рэстаўрацыяй танца: «Барысаўская мыза» і L'Еmріrе (Барысаў), «Залаты двор» і «Версаль» (Мінск), «Паўночная вежа» (Віцебск). Баль будзе вытрыманы ў стылістыцы першай паловы ХІХ стагоддзя і складацца з праграмы ў трох аддзяленнях. Тут заяўлены танцы, напрыклад, з такімі назвамі: «Падмані даму», «Герцаг Пёрцкі», «Вольныя муляры», «Дзірка ў сцяне», «Свечкі ў цемры» і іншыя.

Арганізатары распавядаюць, што менавіта такія танцы былі папулярныя ў тыя часы ў Англіі і Францыі, якія задавалі тон усёй еўрапейскай танцавальнай культуры. Сярод тагачаснай беларускай шляхты гэтыя танцы былі не менш папулярныя, чым у краінах паходжання. Удзельнікі балю змогуць паглядзець на знаўцаў старадаўніх танцаў, а таксама патанцаваць самі. Пакуль мяркуецца, што будзе больш за 70 гасцей. Але ўсе ахвотныя, пераапрануўшыся ў адпаведныя эпосе строі, змогуць узяць удзел у балі.

— Для нас вельмі важна правесці шляхецкі баль не ў адным з найбольш вядомых палацаў кшталту Мірскага або Нясвіжскага, але прыцягнуць увагу да больш дробных, малавядомых і не менш адметных мясцін, — тлумачыць Эля ПЕТРАЧЭНКА, каардынатар праекта «Шляхецкі баль». — Праблема ў тым, што часта ў такіх месцах знаходзяцца розныя ўстановы, або ідзе рэканструкцыя, або стан такі, што ніякі баль там не правядзеш. Вось, напрыклад, цудоўны палац у Жылічах, як нам паведамілі, цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі. Але мы вельмі спадзяёмся, што пасля яе заканчэння там таксама можна будзе аднаўляць традыцыі беларускага шляхецкага балю.

Верагодна, што яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя беларуская шляхта, якую тады ўжо нават не лічылі за асобнае саслоўе і якую імкнулася паглынуць расійскае дваранства, ладзіла падобныя камерныя балі ў невялічкіх, але вельмі адметных палацах па ўсёй Беларусі. Акурат адрадзіўшы старадаўнія беларускія спосабы адпачынку, адраджаць і падтрымліваць беларускую нацыянальную культуру будзе куды лягчэй. Тым больш што беларуская шляхта, калі меркаваць па балях, абсалютна жывая.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

https://www.traditionrolex.com/8