https://www.traditionrolex.com/8
<p>Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, што знаходзіцца ў ваколіцах Бельска, з часу свайго стварэння ў 1993 годзе застаецца адным з астраўкоў беларускасці ў Польшчы. У аснове аб’екта — два дамы, сялянскі і мяшчанскі, пабудаваныя яшчэ ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Прадстаўленыя ў іх арыгінальныя прадметы дазваляюць дакрануцца да побыту нашых продкаў, пазнаёміцца з каларытам, аздобай дамоў мясцовых беларусаў</p>

Беларусы свету

Прайсціся па «юр’еўскай расе», паўдзельнічаць у абрадзе агледзін зарунелай нівы, а пасля ўпершыню ў жыцці паспрабаваць цэпам малаціць збожжа — усе гэтыя магчымасці карэспандэнт «Культуры» атрымаў на Падляшшы, у Музеі малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, што знаходзіцца ў ваколіцах Бельска. Гэты музей з часу свайго стварэння ў 1993 годзе застаецца адным з астраўкоў беларускасці ў Польшчы. У аснове аб’екта — два дамы, сялянскі і мяшчанскі, пабудаваныя яшчэ ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Прадстаўленыя ў іх арыгінальныя прадметы дазваляюць дакрануцца да побыту нашых продкаў, пазнаёміцца з каларытам, аздобай дамоў мясцовых беларусаў. Стваральнік музея — Дарафей ФІЁНІК, вядомы ў Польшчы збіральнік і папулярызатар беларускіх спеўных традыцый, выдавец, арганізатар штогадовых фальклорных фестываляў.

Як жа атрымліваецца ў Польшчы захаваць нацыянальную самабытнасць і праваслаўную веру, мясцовыя традыцыі і духоўныя скарбы народнай культуры, сабраць аўтэнтычныя артэфакты мінуўшчыны? Пра ўсё гэта — у размове з Дарафеем Фіёнікам.

— Наколькі запатрабаваны ў Польшчы лакальныя музеі традыцыйнага побыту, у тым ліку тыя, што прадстаўляюць культуру іншых народаў?

— Рэгіянальных невялічкіх музеяў, створаных дзякуючы прыватнай ініцыятыве, за апошнія дваццаць гадоў у Польшчы з’явілася даволі шмат. Малыя музеі кшталту нашага арганічна ўпісаны ў навакольную прастору. Усё таму, што такія аб’екты не выпадаюць з мясцовага кантэксту: яны спрадвеку знаходзіліся на Падляшшы. Да прыкладу, драўляны мяшчанскі дом быў узведзены на пачатку ХІХ ст. і доўгі час размяшчаўся ў цэнтры Бельска. Пад час археалагічных раскопак на месцы гэтага дома былі выяўлены шматлікія ўзоры керамікі, нават часоў Сярэднявечча, частка з якіх у цяперашні момант дэманструецца ў экспазіцыйных пакоях музея.

Трэба сказаць, што ў Польшчы дасюль няма агульнага музея народнай архітэктуры і побыту, дзе дэманстраваліся б рэгіянальныя асаблівасці ўсёй краіны. І, лічу, такі музей глядзеўся б штучна. Справа ў тым, што па ўсёй Польшчы існуюць вялікія рэгіянальныя музеі. Падобныя ж да нашага дапаўняюць іх, выконваючы тым самым культуратворчую місію на пэўнай тэрыторыі.

— А як рэагуе мясцовае насельніцтва на мерапрыемствы Музея малой Бацькаўшчыны? Ці далучаюцца вашы суседзі да ўдзелу ў старадаўніх народных абрадах?

— З самога пачатку правядзення падляшска-палескага фестывалю «Там, па майскай расе» мы разлічвалі на тое, каб мясцовае насельніцтва было яго сустваральнікам. Да прыкладу, пад час першага фэсту, калі мы былі вельмі абмежаваны ў сродках, мае суседзі бясплатна прымалі ў сябе дома фальклорныя калектывы. Людзі разумеюць, што гэта іхняя культура, традыцыі, а таму з цікавасцю ставяцца да нашых праектаў. Да прыкладу, пасля двух стагоддзяў забыцця на Падляшша мы вярнулі карагоды з ваджэннем куста, дык мясцовыя людзі пад час фестывалю выходзілі на падворкі, сустракалі гэты карагод. Гэта было для іх незвычайным і вельмі цікавым. Праўда, з цягам часу студзіводцы прызвычаіліся да аўтэнтыкі, а таму мы вырашылі, што з фестывалем трэба выходзіць шырэй, ахопліваць і іншыя мясцовасці Падляшша.

Летась з народнымі калектывамі мы наведалі 33 вёскі Беласточчыны. Некаторыя населеныя пункты налічвалі ўсяго пяць хат, і тым не менш мы іх не абміналі. Тым больш, што тэхнічна арганізаваць такія мерапрыемствы адносна проста: усе выступленні ў рамках фестывалю адбываюцца на прыродзе — на полі ці ў лузе, проста на вуліцы. Аўтобус з народным калектывам едзе па пэўным маршруце, які ўключае пяць вёсак. У кожнай з іх праходзіць канцэрт, паказваюцца і развучваюцца народныя гульні. У выніку мясцовыя жыхары пачынаюць спяваць самі, а канцэрт ператвараецца ў незапланаваную экспедыцыю. Паверце, гэта выклікае неверагодныя адчуванні! Калі ж казаць пра канкрэтныя даты, то летась фестываль «Там, па майскай расе» распачаўся 5 мая, а скончыўся 29 ліпеня. Гэта цэлы цыкл святаў земляробчага календара, пяць розных мерапрыемстваў, па выніках якіх выпускаем кнігі, часопіс, дыскі з фальклорнымі запісамі.

— Наколькі мне вядома, да вас прыязджаюць самабытныя творцы з розных куткоў Беларусі. Відаць, ужо выпрацавана сістэма майстар-класаў народных майстроў, музыкантаў?

— Так, мы займаемся майстар-класамі па традыцыйных рамёствах цягам ужо дзесяці гадоў. Бацькі з задавальненнем запісваюць сваіх дзяцей на лета. Нават маецца чарга жадаючых павучыцца аўтэнтычным рамёствам. А ўсё пачалося з некалькіх кроснаў, што трапілі ў музей. Каб яны не заставаліся статычнымі прадметамі, з дапамогай мясцовай майстрыхі вырашылі на іх базе авалодваць асновамі ткацтва.

Дзякуючы фестывалю пашчасціла пазнаёміцца з палескімі майстрамі. У 2009 годзе адбыўся супольны праект з Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам і асабіста з Ларысай Быто. Прайшлі чатыры вялікія выстаўкі дваццаці народных творцаў з Палесся. Сярод іх — такія вядомыя імёны, як Мікола Тарасюк, Іван Супрунчык, славутыя ганчары з Гарадной. Дзякуючы таму праекту мы пачалі запрашаць на майстар-класы некаторых самабытных творцаў, да прыкладу, ганчара Васіля Логвіна, майстра па выцінанцы Ніну Міхайлаву. Марына Кулецкая з Пружан вучыла дзяцей малюнку па шкле, Наталля Клімук з Дзівіна — саламянаму мастацтву.

Дарэчы, з фестывалю і майстар-класаў выйшаў і наш мясцовы музычны калектыў «Жэмэрва», удзельнікі якога ўсе песні, запісаныя ад аўтэнтычных выканаўцаў у вёсках Беласточчыны, імкнуцца выконваць у манеры, максімальна набліжанай да арыгінала. У рэпертуары гэтага ансамбля ёсць абрадавыя, вясновыя, жніўныя і нават вадохрышчанскія песні.

— Думаецца, што фальклорных калектываў, якія маюць у рэпертуары беларускія народныя песні, багата і на самім Падляшшы. Чаму вы актыўна запрашаеце на свае мерапрыемствы гурты з Беларусі?

— Наш фестываль — падляшска-палескі: ён скіраваны на паказ нашай супольнай і адметнай культуры, якая не можа падзяляцца дзяржаўнымі межамі. Таму хочацца кожны раз запрашаць як мага больш спевакоў. Часам бывае, што выканаўцаў збіраецца больш, чым гледачоў. Але для мяне не існуе падзелу на гледача і выканаўцу — усе з’яўляюцца ўдзельнікамі. Да таго ж, геаграфія фестывалю не абмяжоўваецца калектывамі з Заходняга Палесся, хоць яны і пераважаюць, мы таксама запрашаем выканаўцаў і з Мінска. Да прыкладу, у першым фестывалі ўдзельнічаў гурт «Кудзмень» пад кіраўніцтвам Ірыны Мазюк, які мае ў рэпертуары палескія песні.

Напачатку запрашалі гурты, лічыце, «навобмацак». Цяпер жа, перш чым уключыць калектыў у праграму, імкнёмся яго пабачыць у Беларусі. Такім чынам ужо не першы год адбываецца вельмі важнае супрацоўніцтва з грамадскасцю Палесся, найперш — Брэсцкай вобласці, ці не з кожным раёнам якой ужо даўно наладжаны цесныя і добрыя стасункі ў справе папулярызацыі народнай творчасці, падпісаны адпаведныя пагадненні. У прыватнасці, каштоўным для спазнання адметнасцей аўтэнтычнага беларускага фальклору з’яўляецца дыск «Песні і музыка Падляшша і Палесся», створаны «Жэмэрвай» сумесна з трыа сясцёр Лук’яновіч з вёскі Леснікі Драгічынскага раёна.

Спачатку раённыя аддзелы культуры ў Беларусі нас не ведалі, таму ставіліся скептычна. Вядома ж, наша ўстанова не мела вялікага штату, цагляных будынкаў. Але з часам раённае кіраўніцтва пераканалася ў тым, што мы — надзейныя партнёры, у тым ліку, калі пабачыла, што вясковыя бабулі з народных калектываў прыязджаюць дамоў з Польшчы шчаслівымі ад паспяховых выступленняў.

— Ці складана знайсці фінансаванне для вашых ініцыятыў?

— Мы не маем пастаяннага дзяржаўнага фінансавання — пад кожны праект даводзіцца пісаць абгрунтаванне на атрыманне гранта. Улічваючы, што маем абмежаваную колькасць людзей, гэта вельмі абцяжарвае. Тым больш, кожны з нас мусіць зарабляць на жыццё. Так, мая жонка яшчэ працуе ў Бельскім гарадскім Доме культуры. Безумоўна, найбольшую падтрымку атрымліваем ад дзяржавы. Ёсць у нас і спонсары, але іхнія ўкладанні складаюць неістотны працэнт у бюджэце музея і нашых культурных праектах.

— Не магу не пацікавіцца: наколькі цяжка захоўваць беларускасць на Падляшшы?

— Што да Падляшша, то тут якраз параўнальна лёгка захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, бо мы жывём на зямлі, на якой жылі тысячы гадоў нашы продкі. Безумоўна, існуе шэраг момантаў, калі пачуваеш сябе цяжка. Інтэнсіўна адбываюцца працэсы «дапасоўвання да большасці». На жаль, толькі некалькі працэнтаў беларусаў Польшчы размаўляюць са сваімі дзецьмі на роднай мове, хаця для маёй сям’і апошняе — абсалютна нармальна і натуральна.

Падтрымка сям’і ў справе захавання нацыянальнай ідэнтычнасці — велізарная. Цяжка сказаць, ці атрымалася б у мяне стварыць музей, арганізаваць фестываль без дапамогі маці, сястры і, вядома ж, жонкі. Нават дзеці таксама, па меры магчымасцей, імкнуцца дапамагаць. А гэта дарагога каштуе.

Акрамя таго, праваслаўе таксама дае той падмурак, на якім мы захоўваем сваю тоеснасць. І гэта прытым, што існуюць тэндэнцыі, спробы ўвядзення польскай мовы ў Праваслаўную Царкву.

— Напрыканцы распавядзіце, калі ласка, пра апошнія дасягненні музея.

— Акрамя правядзення разнастайных мерапрыемстваў, агульнымі намаганнямі беларусаў Падляшша рэгулярна выходзяць кнігі на беларускай мове, краязнаўча-культурны часопіс «Бельскі гостінэць», у якім матэрыялы змяшчаюцца не толькі па-беларуску ці па-польску, але і на мясцовай гаворцы. Нядаўна ў мясцовай беларускай гімназіі адбылася прэзентацыя кнігі баранавіцкай даследчыцы Людмілы Антыховіч-Валынец «Антыховічы з Бельска-Падляшскага», выйшаў дыск «Чы я ў лузі не каліна? Песні беларускай вёскі Гусакі». Цяпер Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах мае намер стварыць багата ілюстраваную кніжную серыю для дзяцей, якая таксама будзе прысвечана гісторыі і культуры краю...

 Канстанцін АНТАНОВІЧ
https://www.traditionrolex.com/8