https://www.traditionrolex.com/8

На мінулых выхадных наш актывіст Ігар Скрыпка з'ездзіў на чарговую праверку маршрута ў Налібоцкай пушчы. І так я яго патрабаваннем справаздачы «дастаў», што напісаў ён яе ў выглядзе вось такога ліста. Ну, выкладаю ўсё, як ёсць... (Я. Харужы, старшыня праўлення), паведамляе МРТ.

Старшыні
Мінскага веласіпеднага таварыства
Харужаму Яўгену
Члена праўлення
Ігара Скрыпкі

СПРАВАЗДАЧА
па праверцы велатурыстычнага маршрута ў Налібоцкай пушчы

Вельмішаноўны Спадар Старшыня!

З захапленнем нечуваным хачу Вам паведміць аб тым, як у нядзелю, дня 19 месяца мая давялося мне ў кампаніі асоб надзвычай паважаных, а менавіта Наканечнага Дзмтрыя, уладальніка сядзібы агранамічнай «За масточкам», ды таксама стваральнікаў маршрутаў турыстычных павету Валожынскага Гагінай Наталляй ды Барысенкам Валерыем, праехаць па трасе, якая спадаром Дзмітрыем разам са спадаром Шакуном Васілём была прыдуманая. І паехалі мы на веласіпедах па сцежках лясных сярод пушчы Налібоцкай, і бачылі там шмат дзівосаў, і дыхалі паветрам свежым, і накруцілі ажно 85 кіламетраў.

Пачалося ж падарожжа нашае з вёскі Замасцяны, што на беразе цудоўнай Беразіны знаходзіцца, і дзе спадар Дзмітрый у сядзібе сваёй гатовы прымаць турыстаў-веласіпедыстаў не толькі ў хаце, але і на кемпінгу за сорак тысяч рублёў беларускіх у суткі з асобы. І паехалі мы, камарамі згрызаемыя, да вёскі Буні, а адтуль на Боркі Нізавыя, а далей праз Цаюны і Дарагунь заехалі ў Сябрынь 2. Адпачыўшы там і з гаспадаром сядзібы пагаманіўшы, рушылі мы ў дарогу адваротную, толькі іншым чынам – праз Белакорац, Пруднікі, Жураўцы ды Стайкі.

1

І прызнаць трэба, што дарога гэтая вельмі прыгожая, маляўнічая. На ёй мы звяроў размаітых шмат пабачылі, на плаціны бабровыя падзіваваліся, птушкі над галавой нашай кружлялі, і ўвогуле радасці атрымалі шмат. Ды й дарогі, прызнацца трэба, хоць і лясныя, але для праезду веласіпедамі цалкам прыдатныя, апроч аднаго адрэзку, які на Сябрынь вядзе. Што праўда, пабываўшы там, зразумелі мы, што весці туды трасу веласіпедную сэнсу няма аніякага – у сядзібы там фармат зусім іншы, фірмова-карпаратыўны, і быць там нам не гасцямі жаданымі, але прыхаднямі няўцямнымі.

А ў «Васільках Налібоцкіх», што ў вёсцы Белакорац, спадар Васіль Шакун прыняць нас гатовы заўсёды, і любіць ды шанаваць веласіпедыстаў дакляраваў. І, мяркую, скарыстацца з гэтага трэба будзе.
Дадаць жа яшчэ магу, што спадар Дзмітрый нейкія грошы на маркіроўку маршрута гэтага, хаця б частковую, знайсці маніцца, і будзем Божае ласкі прасіць і спагады на тое, каб усё ў яго атрымалася, тады ўжо і нам лягчэй дыхаць будзе.

2

Навіны гэтыя паведаміўшы, дазвольце мне з Вамі развітацца, а перад развітаннем выказаць найлепшыя зычэнні і Езусу памаліцца за Вашае здароўечка ды жыццё доўгае ды шчаслівае.

З чым і развітваюся.

Люблю, цалую,

Скрыпка

https://www.traditionrolex.com/8