Экскурсія па знакамітай салігорскай спелеалячэбніцы

23.05.2013 - Новости

Экскурсія па знакамітай салігорскай спелеалячэбніцы

У час экскурсіі мы прайшліся па калідорах спелеалячэбніцы. Іх дыяметр складае 5 метраў (па калідорах спакойна можа ехаць велікагрузны аўтамабіль). Палаты ўяўляюць сабой шахты дыяметрам 3 метры, даўжынёй метраў 10–15 (у іх стаіць па 6 ложкаў). Прычым падлога аддзялення ўсыпана звычайнай паваранай соллю. Гэта зроблена дзеля таго, каб павысіць лячэбны эфект

Карэспандэнт «Маладзечанскай газеты» нядаўна здзейсніў падарожжа ў часе і прасторы. Ён апусціўся на 420 метраў углыб зямлі і даведаўся, што адбывалася на поўдні сучаснай Міншчыны 350 мільёнаў гадоў таму. А ў дадатак яшчэ атрымаў зарад бадзёрасці і здароўя.

Наведаць Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння невялікую дэлегацыю з Маладзечна запрасіў былы галоўны ўрач гэтай установы А..С. Багдановіч (Анатолій Сцяпанавіч нядаўна выйшаў на заслужаны адпачынак). Арганізаваў жа азнаямленчую паездку намеснік старшыні праўлення Мінскага абласнога аб’яднання «Беларускі фонд культуры» Мікалай Іванавіч Тамашэўскі.

Едуць нават з Сахаліна
– Для многіх знаходжанне пад зямлёй асацыіруецца з небяспекай, – гаворыць Анатолій Сцяпанавіч. – Між тым асяроддзе, якое фарміруецца ў саляных выпрацоўках, дапамагае справіцца з астмай, алергіяй, пнеўманіяй, бранхітам і іншымі бронха-лёгачнымі захворваннямі. Таму каб заняцца спелеалячэннем (лячэннем ва ўмовах мікраклімату саляных пячор і шахт), у Салігорск едуць і жыхары Беларусі, і грамадзяне іншых краін. Адна жанчына рэгулярна прыязджае да нас з далёкага вострава Сахалін.

Па словах былога галоўнага ўрача, вывучаць спрыяльнае ўздзеянне мікраклімату пячор на арганізм чалавека ён пачаў яшчэ ў 1965 годзе. Затым абараніў дысертацыю на тэму спелеалячэння і заняўся на практычнай дзейнасці ў гэтым напрамку.

Саляныя шахты, пераробленыя пад бальнічныя палаты, адносяцца да Першага рудаўпраўлення і знаходзяцца прыкладна ў дзесяці мінутах язды ад горада.

Даведка.

* Першае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння (якое мы наведалі) працуе ўжо 22 гады. Яно размяшчаецца на плошчы 2500 квадратных метраў. Другое аддзяленне прыняло першых пацыентаў у жніўні мінулага года. Яго плошча складае больш за 3 тысячы «квадратаў». Падземныя палаты разлічаны на прыём 70–250 пацыентаў у суткі. Бальніца працуе ў двухзменным рэжыме. Лечацца тут і дарослыя, і дзеці.

Шахцёрскай дарогай

А вось і знакамітыя салігорскія тэрыконы. Мільёны тон пустой пароды займаюць велізарную плошчу. Ноччу контуры тэрыконаў бачныя дзякуючы штучнаму асвятленню.

Клець, на якой пацыенты спускаюцца ў шахту, выкарыстоўваюць таксама шахцёры. Перад «пасадкай» горны майстар старанна пералічвае людзей. Нельга, каб чалавек, які спусціўся пад зямлю, заблудзіўся ў незлічоных лабірынтах. Прадугледжваюцца тут і іншыя меры бяспекі. Так, дзверы клеці адчыняюцца толькі ўнутр.

Спуск на глыбіню 420 метраў заняў прыкладна тры хвіліны. Нягледзячы на тое, што клець апускалася даволі павольна, ад перападу ціску вушы ўсё ж залажыла. Шлях да аддзялення спелеалячэння пралягае праз прамысловыя штольні. Пасля таго як пацыенты аказваюцца на тэрыторыі падземнай бальніцы, каскі ім не патрэбныя. Пароду ўтрымліваюць 1,5-2-метровыя анкеры, укручаныя ў столь.

Калідоры і палаты спелеалячэбніцы выразаны праходнымі камбайнамі ў суцэльным масіве горных парод. На сценах бачныя светлыя пласты солі, якія перамяжоўваюцца з больш цёмнымі гліністымі адкладаннямі.

– Радовішчы калійных соляў утварыліся ў Прыпяцкай упадзіне ў канцы дэвонскага перыяду палеазою, калі на Зямлі з’явіліся першыя наземныя пазваночныя, – расказвае А.С. Багдановіч. – У тыя часы на гэтым месцы знаходзілася мелкаводнае мора з шырокімі лагунамі, якія раз-пораз перасыхалі. Белы колер пароды азначае, што яна ўтварылася на значным аддаленні ад берага, а соль, змешаная з глінай, – што ў гэты час лагуна змялела і стала даступнай для прадуктаў эрозіі з мацерыка. Некаторыя слаі горных парод шэрыя. Такімі іх зрабіў попел старажытных вулканаў.

У час экскурсіі мы прайшліся па калідорах спелеалячэбніцы. Іх дыяметр складае 5 метраў (па калідорах спакойна можа ехаць велікагрузны аўтамабіль). Палаты ўяўляюць сабой шахты дыяметрам 3 метры, даўжынёй метраў 10–15 (у іх стаіць па 6 ложкаў). Прычым падлога аддзялення ўсыпана звычайнай паваранай соллю. Гэта зроблена дзеля таго, каб павысіць лячэбны эфект.

Назіралі мы і за работай спецыяльных пеналаў, пры дапамозе якіх руда падымаецца на паверхню для далейшага абагачэння. Працуе канструкцыя па прынцыпе процівагі (калі адзін пенал падымаецца, другі – апускаецца), і за раз можа перамяшчаць да 25 тон пароды.

Даведка.

  • Калійныя солі ў раёне Салігорска размяшчаюцца ўнутры пластоў каменнай солі. Усяго ў Старобінскім радовішчы выяўлена некалькі дзясяткаў калійных гарызонтаў. Цікавасць уяўляюць чатыры з іх, найбольш буйныя па плошчы і па магутнасці. Прамысловыя гарызонты залягаюць на глыбінях ад 400 да 1200 і больш метраў. Іх магутнасць вагаецца ад 4 да 20 метраў.

Суперэкран

– На глыбіні 420 метраў ад паверхні зямлі (на 290 метраў ніжэй за ўзровень мора), як вы заўважылі, дыхаецца крышачку па-іншаму, – гаворыць Анатолій Сцяпанавіч. – Дадатковы ціск, які складае прыкладна 40 міліметраў ртутнага слупка, літаральна «заганяе» ў кроў кісларод. Акрамя таго, паветра ў штольні насычана соллю (гэта адчуваецца адразу, як спускаешся пад зямлю) і ёдам. Не трэба забывацца і аб лячэбным дзеянні эфекту экрана.

Справа ў тым, што на гэту глыбіню не пранікае электрамагнітнае выпраменьванне (ад яго ў сучаснай кватэры літаральна няма куды схавацца). Дарэчы, па гэтай прычыне мабільныя тэлефоны ў шахце – самая непатрэбная рэч. Пад зямлёй арганізм таксама можа адпачыць ад інфрачырвонага і ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Дадайце сюды пастаянную тэмпературу ў 16-17 градусаў, адсутнасць у паветры бактэрый і вірусаў (як вядома, соль – цудоўны антысептык), а таксама незвычайнасць абстаноўкі – і лячэбны эфект гарантаваны.

Сістэма вентыляцыі ў бальніцы спраектавана так, што пацыенты не дыхаюць адным і тым жа паветрам. Гэта забяспечвае яшчэ большую стэрыльнасць атмасферы падзямелля.

Мы спусціліся ў шахту разам з чарговай групай пацыентаў і павінны былі правесці там 5 гадзін (з 14.00 да 19.00). Час прайшоў вельмі хутка, а клаўстрафобіі (боязі замкнёнай прасторы) не было наогул. Абстаноўка тут такая ж, як і ў любой іншай «наземнай» бальніцы: ардынатарская, працэдурныя кабінеты, спартыўныя залы, туалеты і душавыя пакоі. Нават не верыцца, што над табой больш за 400 метраў горнай пароды і важыць гэта «столь» мільёны тон. Сталовая – адзіны пакой, якога няма ў незвычайнай здраўніцы. Людзі, якія застаюцца тут на ноч, бяруць «ссабойку». Той, хто лечыцца днём, прагаладацца не паспявае. Каб не было сумна, хворыя чытаюць, глядзяць тэлевізар, займаюцца спортам або нават арганізуюць дыскатэкі. Дарэчы, у актавай зале лячэбнага аддзялення падземнай бальніцы аднойчы выступаў хор кубанскіх казакоў.

Па словах А.С. Багдановіча, у распараджэнні спелеалячэбніцы ёсць спецыяльны трактар. Рэгулярна па некалькі разоў у суткі ён збірае смецце, а таксама сцёкі з лакальнай каналізацыйнай сістэмы і дастаўляе гэтыя адходы да тэхналагічнай клеці. Затым іх падымаюць наверх.
Нацыянальнае багацце
– Для таго каб у нашай краіне запрацаваў вытворчы канвеер па здабычы калійных угнаенняў, былі прыменены ўнікальныя тэхналогіі, – гаворыць Анатолій Сцяпанавіч. – Але ўкладанні сябе акупілі. Такіх радовішчаў, як Старобінскае, у свеце ўсяго некалькі. Унікальнай з’яўляецца і Рэспубліканская бальніца спелеалячэння. Ці шмат вы ведаеце медыцынскіх устаноў, дзе эфектыўнасць лячэння дасягае 97 працэнтаў?

Алег БЯГАНСКІ

Рубрики: Санатории

Страны: Беларусь


Комментарии

Аватар

23.05.2013 23:29
Andrei Burdenkov, guide
ответить

Печально только, что индивидуальные туристы в эти шахты их не интересуют...

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах