https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дабрацца новым цягніком з літоўскай сталіцы да беларускай каштуе столькі ж, колькі аўтамабілем. Праўда, дарога займае ўсяго 2,5 гадзіны</p>

«Людзі прыйшлі на пашпартны кантроль за дзве гадзіны да адпраўлення. І кожны справіўся хвілін за 20, — канстатуе шэра-бела-жоўтая правадніца цягніка Вільня — Мінск. — Цяпер вось сядзяць у вагонах, чакаюць».

Мы ж прыехалі на віленскі вакзал за гадзіну да адпраўлення цягніка, і працэдура мытна-памежнага кантролю заняла ўсяго 12 хвілін, паведамляе Euroradio.

Нечым яна нагадала аэрапорт. У секцыі CUSTOMS (мытня), збудаванай прама на вакзале, спачатку афармляюць TAX FREE і выбарачна правяраюць сумкі. Некаторых адводзяць убок на больш пільны дагляд, могуць і разуць для татальнай праверкі.

Далей становяцца чатыры чаргі на пашпартны кантроль. Дакументы трэба падаваць у спецыяльныя кабінкі. Выглядаюць яны акурат так жа, як у буйных міжнародных аэрапортах.

Пасля — выхад на платформу, спецыяльна агароджаную.

1

«Не фатаграфуйце тут, калі ласка, — ветліва звяртаецца да мяне памежнік у салатавай камізэльцы. — Рэжымная зона».

«Еўрарадыё»: Дык агароджа невысокая, спрытны нелегал можа і пераскочыць…

Памежнік: «Таму нас тут і паставілі па перыметры платформы».

Аглядаем цягнік новаўведзеных міжнародных ліній. Вагоны — былога карыстання, але ахайныя, расійскай вытворчасці, пафарбаваны ў шэра-жоўта-чорныя колеры. У самым танным класе людзі сядзяць па тры ў адзін шэраг. Другі клас вельмі нагадвае мяккія сядзенні ў агульных вагонах беларускіх электрычак. Праўда, сядзенні ўмантаваны выключна па ходзе руху. Месца шмат, сядзець зручна. Калі ты не баскетбаліст, то можна выпрастаць ногі.

«А ў першым класе ёсць тэлевізары і кандыцыянеры, якія, праўда, сёння не працуюць», — рэкламуе правадніца опцыі «элітнага» вагона.

Увесь новы цягнік Вільня — Мінск напакаваны відэакамерамі: лепш не хуліганіць. На сем вагонаў прадугледжана тры туалеты. Замест высокага ўнітаза, праўда, усталявалі нізкі, кшталту «дзюркі». Каб справіць патрэбу, трэба станавіцца на «пастамент». У туалеце не смярдзіць, тут не пашкадавалі вадкага мыла, але не было сурвэтак для выцірання рук. Пакой правадніка — цалкам празрысты, у стылі «акварыум». Бачна ўсё начынне: паўлітровікі з мінералкай, печыва і сумкі.

Аб’явы робяцца толькі па-руску, хоць было б больш патрыятычна рабіць абвесткі па-беларуску. Не перашкодзіла б і англійская мова, усё ж збіраемся развіваць турызм.

«Дарма так рана сунуліся на вакзал, маглі яшчэ гадзіну лёгка па «Акропалісе» пахадзіць, — абмяркоўвае свой першы досвед міжнародных ліній сямейная пара. — Вагоны ў прынцыпе нармальныя, сядзець свабодна».

«У правадніц форма сапраўды класная, — усхваляе маладая беларусачка, якая ўладкавалася непадалёк ад сямейнай пары. — Вагон другога класу ў прынцыпе такі ж, як у звычайных беларускіх электрычках. Толькі дэкарацыі больш сучасныя і камер зашмат. Але калі гэта дзеля бяспекі, то нармальна».

Беларускія памежнікі і мытнікі ўзялі кантроль над цягніком, як звычайна, у Гудагаі. І няспешліва, без фанатызму правяралі сумкі і дакументы. Наш шэра-жоўты вагон людзі ў пагонах пакінулі толькі ў Маладзечне.

Дарога ж з Вільні да Мінска заняла ўсяго дзве з паловай гадзіны.

Цягніковае ноў-хаў, натуральна, падняло кошты. Месца ў другім класе каштуе каля 165 тысяч рублёў. Каб пракаціцца ў самым крутым вагоне, рыхтуйце 250 тысяч. А самае таннае месца абыходзіцца ў 120 тысяч рублёў. Праўда, такі вагон — толькі адзін, і прабіцца ў яго няпроста.

Калі ж ехаць у другім класе, то білеты на дваіх туды–назад абыдуцца прыкладна ў 76$. Калі ехаць у Вільню машынай (з сярэднім бензінавым рухавіком, які на 400 кіламетраў шляху з’есць 27$), сплаціць страхоўку (45$, яе можна выкарыстаць на дзве вандроўкі), то атрымаецца прыкладна 72. Тое на тое выходзіць. Што праўда, машынай на мяжы можна прастаяць і паўдня, а цягнік стабільна даязджае за 2,5 гадзіны.

2

3

Пад'ём на рэжымную платформу

4

Платформа агароджана спецыяльным плотам, каб у цягнік не прабраліся нелегалы.

5

6

Самы «танны» вагон

7

Вагон другога класа

8

Самы дарагі вагон. Тут прадугледжаны кандыцыянеры і тэлевізары.

9

Беларускія мытнікі працуюць гэтак жа, як і раней, у вагонах.

10

Такія камеры нашпігаваны па ўсім цягніку.

11

На сем вагонаў — тры такія туалеты.

12

Звычайны агульны вагон, у якім людзі ехалі з Мінска да Вільні яшчэ у суботу, 25 мая.

13

Цягнік Pesa Bydgoszcz, які таксама будзе ездзіць па маршруце Вільня–Мінск. Білет каштуе каля 17 долараў.

14

Яўген Валошын

https://www.traditionrolex.com/8