https://www.traditionrolex.com/8
<p>Насільшчык з вакзала: «Я, напрыклад, французскай трохі валодаю».  А ў прадаўцоў беляшоў два слоўнікі — французскі і англійскі</p>

Дыктараў, касіраў і насільшчыкаў на чыгуначным вакзале плануюць навучыць англійскай мове да чэмпіянату свету па хакеі. Але ж і цяпер да нас прыязджаюць цягнікі з-за мяжы.
 
«I speak English little, — адказваюць «Еўрарадыё» ў чыгуначных касах. Пра тое, што будуць вучыць англійскую, тут ведаюць, але і дагэтуль праблем не было. — Нават не магу ўзгадаць, каб зусім ніхто не ведаў. Я трошкі валодаў мовай, нехта яшчэ. Такога яшчэ не было, каб замежнік не аформіў у нас білет праз моўнае непаразуменне».
 
Насільшчыкі рэчаў на платформе чакаюць цягнік з Піцера. Кажуць, ходзяць чуткі, што выдадуць размоўнікі і па іх будуць вучыць.
 
«Гэта нармальна. Трэба сувязь з пасажырамі мець. Я, напрыклад, французскай трохі валодаю, давядзецца і англійскую падвучыць. Вось цяпер, дапусцім, прыязджаюць з Іспаніі ці Амерыкі, пачынаеш па-французску, хоць праз слова, але разумееш, і яны разумеюць. Так дамаўляемся і едзем. Недзе жэстамі, недзе па карце, недзе на паперцы пішам. У цэнніках увогуле няма праблем — напісаў лічбамі. Недзе можам па-польску, па-беларуску, па-нямецку».
 
Побач з вакзалам, на вуліцы Ленінградскай — невялікая крама. Тут замежнікі купляюць кандытарскія вырабы і магніты.
1
 
«Да нас заходзяць замежнікі, бо мы знаходзімся каля чыгуначнага вакзала. У асноўным прыходзяць італьянцы, амерыканцы, немцы бываюць, рускія таксама замежнікі. Мы трошкі валодаем англійскай мовай, бывае, з перакладчыкамі прыходзяць. Цікавяцца ў асноўным нашымі айчыннымі таварамі. Магніты больш за ўсё бяруць з гербам, з нашымі славутасцямі — бібліятэка, Чырвоны касцёл, вароты насупраць вакзала».
 
Побач з вакзалам шмат таксі. Дарэчы, іх колькасць можа зменшыцца, калі ўвядуць абмежаванне на ўзрост аўтамабіляў. Што тады будзе — невядома. Але таксісты кажуць, што мінчанам у дні чэмпіянату будзе цяжка з таксоўкамі, якіх і цяпер не хапае, нават у моцны дождж. Замежнікі звычайна маюць напісаны на паперцы адрас.
 
«У любым выпадку яны ведаюць адрас, які напісаны недзе. Таксама сустракаюць знаёмыя: калі не разумееш, то даюць нумар таго, хто сустракае, з ім размаўляеш. Як правіла, яны прыязджаюць і хоць неяк рускую ведаюць. Ну, і ў школе ж мінімальна англійскую мову вучылі ўсе».
 
Самымі паліглотамі на чыгуначным вакзале ў Мінску аказваюцца прадаўцы… беляшоў.
 
«Ну, у мяне, напрыклад, два слоўнікі — французскі і англійскі. Я па слоўніку чытаю. Мы нават з глуханямымі размаўляем».
 
«Людзі, якія даўно працуюць на вакзале, эрудыраваныя і псіхолагі. Калі мы з глуханямымі паразумеліся, то з неграм лёгка».
 
Замежнікі нешта разумеюць. Купляюць ежу і пітво. «Кажуць: пліз мі». А што ўнутры: каўбаса, мяса ці павідла — прадаўцы тлумачаць па слоўніку.
Віталь Ругайн
https://www.traditionrolex.com/8