У выпадку, калі Расія і Еўрасаюз адменяць візавы рэжым, беларускім уладам трэба чакаць масавага пераходу беларусаў у грамадзянства РФ. Да гэтага вядзе і змяненне расійскага закона «Аб грамадзянстве», якіое спросціць атрыманне расійскага грамадзянства для жыхараў СНД.

Такую думку выказаў эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэй Елісееў падчас прэзентацыі даследавання аб наступствах прыняцця рашэння аб рэадмісіі паміж Беларуссю і ЕС, якая адбылася ў рамках дыскусіі «Спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС: як разарваць замкнёнае кола?».

Паводле эксперта, паведамляе nn.by, магчыма масавая міграцыя — адна з падстаў для ўлад не цягнуць з пагадненнем аб рэадмісіі (вяртанні нелегальных мігрантаў), якое ёсць неабходным крокам для спрашчэння візавага рэжыму.

«Беларусь, якая з’яўляецца сусветным лідарам па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва, таксама ёсць і аўтсайдарам у плане спрашчэння візавага рэжыму сярод краін Усходняга партнёрства. Нашы ўлады дагэтуль не зрабілі ніякіх рухаў да абмеркавання і падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, — паведаміў Елісееў. — Улады прыкрываюцца страхам перад дзясяткамі тысяч нелегальных мігрантаў, якіх нібыта адразу ж прышлюць на нашу тэрыторыю з ЕС. Аднак статыстыка не пацвярджае гэтага».

Сапраўды, колькасць асоб, якія спрабавалі нелегальна перасекчы беларуска-польскую і беларуска-літоўскую мяжу ў 2012 годзе, складала менш за тысячу чалавек. Падобныя дадзеныя паступаюць і з Украіны, якая ўжо падпісала дамову аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Паводле звестак Еўрасаюза, толькі 0,7% мігрантаў выбіраюць Беларусь для перасячэння мяжы з ЕС.

Аднак першы дарадца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар, хоць і згодны, што візавы рэжым паміж ЕС і Беларуссю шкодзіць развіццю бізнэсу і грамадства, скептычна ставіцца да высновы аб магчымасці масавага пераходу беларусаў у расійскае грамадзянства дзеля віз.

«Адзінкі могуць паспрабаваць такую схему. Аднак масавай яна наўрад ці стане.

Атрымліваць іншае грамадзянства, каб сэканоміць 60 еўра пры адным з самых нізкіх працэнтаў адмовы ў візе ў свеце — дзіўны крок. Тым больш што іншыя даследаванні BISS паказваюць, што беларусы жадаюць сябраваць і з ЕС, і з Расіяй, але тут, у Беларусі. Таму такая логіка мне дзіўная», — сказаў Рышар.

Удзельнікі дыскусіі, сярод які былі і бізнэсмены, і грамадскія актывісты, у роўнай ступені крытыкавалі як візавую палітыку беларускіх улад, так і візавы кодэкс ЕС. Аднак, на жаль, адказу на пытанне «Як разарваць замкнёнае кола?» не прагучала. Елісееў параіў бізнэсу скласці калектыўны зварот да ўлад, а ЕС — прапанаваць уладам Беларусі больш «пернікаў» для стымуляцыі цікаўнасці да пагаднення ад рэадмісіі. Напрыклад, абяцаць павелічэнне фінансавання памежных войскаў у выпадку падпісання пагаднення.