Вайцюшкевіча не пусцілі ў Вялікабрытанію

Як паведамляе nn.by, музыка падаваў дакументы на шасцідзённую візу, каб трапіць на імпрэзу, якую 1 чэрвеня ладзяць беларусы Вялікабрытаніі. 31 мая Вайцюшкевіч атрымаў адмову.

«Справа ў тым, што я — беспрацоўны, вольны мастак, і таму не магу пазначыць нічога ў адпаведным полі ў анкеце. Але ж я прадставіў выпіску, якая сведчыць, што ў мяне на рахунку дастаткова грошай, каб пражыць у Вялікабрытаніі гэтыя шэсць дзён. Мой пашпарт трымалі ў пасольстве два тыдні», — кажа музыка. Заставацца ў Вялікабрытаніі Вайцюшкевіч, ясная справа, не планаваў.

Для таго каб атрымаць візу ў Вялікабрытанію, акрамя звычайных звестак з месца працы, трэба прадставіць біяметрычную інфармацыю, у некаторых выпадках — прайсці невялікае сумоўе. Калі краіну плануе наведаць беспрацоўны, ён мусіць паведаміць у анкеце, хто яго фінансава падтрымлівае і з якой нагоды гэта робіцца. Вайцюшкевіч кажа, што меў запрашэнне ад брытанскіх беларусаў, якое таксама аддаў у пасольства. Але там, відаць, да персоны музыкі падышлі бюракратычна. У расстроеных пачуццях Вайцюшкевіч з’ехаў на Нёман, імпрэза ў Лондане пройдзе без яго.

Зміцер Вайцюшкевіч — спявак і музыка, які таксама вядомы пад мянушкай Todar. Былы ўдзельнік гуртоў KRIWI і «Палац», зараз лідар гурту WZ -Orkiestra. Акрамя таго, імя Зміцера занесена ў «чорны спіс» дзеячаў культуры, якім негалосна забаронена выступаць публічна і «гучаць» па радыё.