<p>Ці атрымае сядзіба Гутэн-Чапскіх свой кластар?</p>

Ці атрымае сядзіба Гутэн-Чапскіх свой кластар?

На бягучым тыдні Беларускі фонд культуры, Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў і гісторыка-культурны фонд «Ляліва» ладзілі ў Прылуках «круглы стол» «Роля роду Гутэн-Чапскіх у гісторыі Беларусі. Прылуцкі сядзібны ансамбль: якім яму быць?».

«Культуру» зацікавіла менавіта вынесенае па-за двукроп’е пытанне, бо пісалі мы пра Прылукі і слынны род цягам многіх гадоў.

Краязнаўцы і бізнесмены аналізавалі перадумовы ды абмяркоўвалі перспектывы пераўтварэння прыгараднага мястэчка, якое сёння можа прывабіць хіба заўзятараў таннага адпачынку на засмечаным пляжы, у буйны культурны і турыстычны цэнтр. А паколькі галоўная каштоўнасць Прылукаў — сядзіба Гутэн-Чапскіх, дык і фарміравацца інфраструктура мусіць вакол гэтага стрыжня.

Мяркуючы па сённяшнім абліччы сядзібы, ёй, можна сказаць, пашчасціла. Справа ў тым, што яна ніколі не была нічыйнай, заўжды мела гаспадара, які пра яе неяк ды рупіўся. Яе не зруйнавалі ў часе рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, не расцягалі па цаглінках пасля. Сядзіба Гутэн-Чапскіх адразу прыйшлася даспадобы савецкай уладзе як месца адпачынку. У такой жа якасці скарыстоўвалі яе потым і нямецкія акупанты. Адступаючы з Беларусі, немцы спалілі сядзібу. Але сцены засталіся, і пасля вайны сядзібу збольшага адбудавалі. Сюды ў 1950-я гады засялілі Навукова-даследчы інстытут аховы раслін, які знаходзіцца тут і зараз. Мясцовыя жыхары кажуць, што сядзіба, а разам з ёю і Прылукі «падняліся, дзякуючы каларадскаму жуку».

Праўда, пашчасціла ў сэнсе захаванасці не ўсяму сядзібнаму комплексу, а панскаму дому, палацу. А вось гаспадарчы блок і гарэў, і разбураўся, і расцягваўся на цэглу… Сёння сядзіба мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі. Гэта яе «ахоўная грамата».

Удзельнікі пасяджэння адзначалі, што для ператварэння Прылукаў у турыстычны цэнтр мясцовых высілкаў і рэсурсаў відавочна недастаткова. Аднавіць былую прыгажосць можна толькі пры дапамозе ўрада, пры чынным удзеле бізнес-супольнасці ды шырокай падтрымцы грамадскасці краіны. Напрыклад, палац не можа быць адначасова музеем, гэта значыць — установай культуры, і навуковай лабараторыяй сельскагаспадарчага профілю. Зразумела, што прылуцкага бюджэту не хопіць, для таго каб перасяліць рэспубліканскую навуковую ўстанову ў новае памяшканне, якое адпавядала б яе статусу і функцыянальнаму прызначэнню. Новы гмах для інстытута будуецца цягам ужо дзесяці гадоў, і колькі яшчэ будзе цягнуцца той даўгабуд, невядома. Такім чынам, спадзявацца на тое, што ў хуткім часе ў палац прыйдуць рэстаўратары, не даводзіцца.

На думку кіраўніка фонду «Ляліва» Івана Гардзіеўскага, зараз, разважаючы рэалістычна, трэба было б засяродзіцца на гаспадарчым блоку: аднавіць па архіўных матэрыялах яго страчаныя сегменты і стварыць на базе колішніх гаспадарчых пабудоў тураб’ект. Тут, на беразе возера, з’явяцца гасцініца, кавярня, spa-салон, танцавальная зала і шмат што яшчэ. Зрэшты, дзеля экзотыкі, можна нават музеефікаваць закансерваваную «глушылку», якая знаходзіцца непадалёк, стварыць на ёй экспазіцыю, што распавядала б пра эпоху «халоднай вайны».

Да нядаўняга часу колішнія гаспадарчыя пабудовы сядзібы фактычна былі нічыйныя. Сёння яны маюць гаспадара, які збіраецца разгарнуць тут комплекс для культурнага адпачынку (прынамсі, такія планы агучаны), — гэта прыватная фірма. Ад блізкасці сталіцы (якія-небудзь тры кіламетры ад кальцавой) уладальнік пакуль што мае толькі клопаты. Кантынгент сталічнай ускраіны, які звыкла ладзіць маёўкі на беразе возера ў Прылуках, ніяк не можа ўцяміць, што існуе такое паняцце, як «прыватная ўласнасць». На бягучы рамонт пабудоў пасля прыездаў мінскіх вандалаў фірма ўжо выдаткавала суму, адпаведную 350 тысячам долараў ЗША, і вымушана трымаць немалы штат вартаўнікоў. Але пры іншым раскладзе тая акалічнасць, што сталіца побач, будзе адыгрываць ролю пазітыўную: гэта калі ў мінскіх прыгарадах, і ў Прылуках у прыватнасці, паўстане сапраўдная турыстычная інфраструктура, зручная для культурнага адпачынку. Кантынгент гасцей у гэтым выпадку зменіцца ў лепшы бок сам сабой.

Між тым, ёсць небяспека, што, пакуль у дзяржавы або адказных перад ёю прыватных інвестараў дойдуць рукі да цывілізаванага ўладкавання ахоўнай зоны Прылуцкай сядзібы, зямлю расцягаюць на ўчасткі пад лецішчы ды катэджы. Старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп нагадаў, што праца па адраджэнні Міра і Нясвіжа пачыналася пры малым бюджэце і вялікім энтузіязме. Сёння такая ж сітуацыя і ў Прылуках. Галоўнае, на думку спадара Гілепа, — зрабіць першы крок…

На «круглым стале» абмяркоўвалася пытанне ўвекавечвання памяці Караля Чапскага. Ён займаў пасаду гарадскога галавы адзінаццаць гадоў, пры ім Мінск, калі браць да ўвагі «тэмпы эканамічнага развіцця за справаздачны перыяд», стаў свайго кшталту «ўзорным капіталістычным горадам». Прадстаўнікі прадпрымальніцкіх арганізацый гатовы фінансава паспрыяць таму, каб у сталіцы ці на тэрыторыі адной з сядзіб, што належалі Чапскім, паўстаў помнік графу-рэфарматару.

Напрыканцы ўдзельнікі «круглага стала» склалі зварот да дзяржаўных устаноў з просьбай падтрымаць агучаную тут грамадскую ініцыятыву. У прыватнасці, стварыць турыстычны кластар «Гісторыя і сучаснасць: Мінск — Прылукі — Станькава — Мір — Нясвіж», распрацаваць турыстычныя маршруты па мясцінах, звязаных з дзейнасцю роду Гутэн-Чапскіх, распрацаваць генеральны план добраўпарадкавання і рэканструкцыі сядзібнага комплексу ў Прылуках і надаць апошняму статус гісторыка-культурнага запаведніка абласнога падпарадкавання.

Гэты зварот накіраваны ў Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, мінскія аблвыканкам і гарвыканкам, Адміністрацыю Прэзідэнта краіны.

А насамрэч, чаму б Мінску не займець свой «Версаль» за два крокі ад кальцавой? Як і належыць буйной еўрапейскай сталіцы…

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ