<p>У галіне агратурызму ў Еўропе ёсць ідэал – Італія. 50% турыстаў, якія прыязджаюць адпачываць у італьянскія вёскі, – гэта замежнікі. Пра падобны паказчык мараць і ў Беларусі. Пустыя мары, скажуць некаторыя. Зусім наадварот, пераконваюць прадстаўнікі ГА «Отдых в деревне»</p>
У галіне агратурызму ў Еўропе ёсць ідэал – Італія. 

50% турыстаў, якія прыязджаюць адпачываць у італьянскія вёскі, – гэта замежнікі. Пра падобны паказчык мараць і ў Беларусі. Пустыя мары, скажуць некаторыя. Зусім наадварот, пераконваюць прадстаўнікі ГА «Отдых в деревне». Прапануем вашай увазе размову са старшынёй дадзенай арганізацыі, паведамляе Polskie Radio S.A.

У Беларусі агратурызм развіваецца імклівымі тэмпамі. За апошнія 10 гадоў – гэта найбольш дынамічны сектар у беларускім турызме. На пачатку 2000-х гадоў у Беларусі не было ніводнай аграсядзібы, цяпер зарэгістравана больш за 2000. Гэта адбылося дзякуючы зацікаўленню людзей, зменам у заканадаўстве ды настойлівасці грамадскіх арганізацый, як вышэйзгаданая «Отдых в деревне».

Пра сельскі турызм у Беларусі мы размаўляем з Валерыяй Кліцуновай, старшынёй ГА «Отдых в деревне».

 Валерыя Кліцунова: Усё пачалося ў 2002 годзе з нуля. Тады была створана наша арганізацыя «Отдых в деревне». Цяпер, паводле апошніх дадзеных, зарэгістравана 2057 сядзіб. Цяжка сабе ўявіць галіну з больш імклівым развіццём. У асноўным развіццё ідзе за кошт уласных грошай ды інвэстыцый гаспадароў. Ёсць праграма крэдытавання Белаграпрамбанка з таннымі грашыма пад 5%. Многія скарысталіся гэтымі сродкамі, але цяпер яна не працуе. Дзяржаўных грошай няма, але ёсць вельмі лаяльны закон. Людзі, якія займаюцца агратурызмам, не плацяць падаткаў. Гэтая дзейнасць не лічыцца прадпрымальніцтвам.

У сувязі з гэтым беларускі агратурызм развіваецца за кошт свабоды творчасці ды інавацый. Паспяховых прыкладаў вельмі шмат, кажа суразмоўца.

Валерыя Кліцунова: Напрыклад, у нас ствараюцца «зялёныя маршруты». У нас цяпер з'яўляюцца кластэры. Людзі аб’ядноўваюць свае рэсурсы, каб прасоўваць свой рэгіён. Ствараюцца экамузэі. Вельмі шмат новых фестываляў ладзіцца на розныя і  надзвычайныя тэмы, таксама лакальнага і  рэгіянальнага характару. Галоўнае тое, што шмат дзе запрацавала прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Калі людзі працуюць на сваёй тэрыторыі, яны ўсе зацікаўленыя ў паляпшэнні свайго месца пражывання, каб яно дынамічна развівалася. Вельмі часта турызм – гэта адзінае, што можа прынесці грошы.

Патэнцыял гэтай дзейнасці пачынае заўважаць усё больш беларусаў, кажа Валерыя Кліцунова.

Валерыя Кліцунова: Калі 10 гадоў таму мы пачыналі прасоўваць гэтую ідэю, ніхто не верыў. Усе казалі: тут не Літва і  не Польшча. Законаў няма, а нашы людзі – няздольныя. Удалося і заканадаўства стварыць, і людзі апынуліся вельмі творчыя. Цяпер пайшоў працэс, што шмат людзей пераязджаюць жыць з горада ў вёску, дзе займаюцца агратурызмам.

Сярод тых, хто едзе адпачываць на вёску, дамінуюць жыхары краіны, потым ідуць грамадзяне Расіі, а на трэцім месцы – палякі.

Валерыя Кліцунова: Статыстыка амаль аднолькавая для ўсіх еўрапейскіх краін. Асноўная колькасць турыстаў – гэта турысты з краіны. 85% – гэта жыхары сваёй краіны. У Беларусі гэта 85% беларусаў, 11-12% расіян, а далей – госці з 59 краін. Але трэцяе месца займаюць палякі.

Агратурыстычным «ідэалам» у Еўропе часам называюць Італію. Дзякуючы сельскаму турызму яна змагла прыцягнуць да сябе больш за 50% замежных гасцей. Гэта ставяць сабе за мэту і беларускія энтузіясты сельскага турызму.

Валерыя Кліцунова: Мая мара, каб Беларусь стала краінай агратурызму. Таму што ў нас людзі вельмі душэўныя, шмат традыцый на вёсцы, краіна бяспечная, мы можам стварыць свой агратурыстычны прадукт і стаць такой славянскай Італіяй для ўсёй Еўропы. Але на гэта трэба працаваць. Трэба вырашыць пытанне віз, вывучыць англійскую мову, указальнікі ды інфраструктуру падымаць, але гіпатэтычна мы можам. Пакуль жа ў нас у першую чаргу гэтым цікавяцца беларусы, але вельмі хутка прырастаюць расіяне. Для іх тут вельмі добрыя цэны, няма бар’еру замежнай мовы, і прыязджаюць на тыдзень і даўжэй. Нашых людзей гэта задавальняе. Таму наш рынак расце.

Сельскі турызм, або агратурызм, – гэта ў першую чаргу арганізацыя адпачынку блізка да прыроды, ва ўмовах чыстага навакольнага асяроддзя, вясковай цішыні ды прасторы.

Размаўляў Юрый Ліхтаровіч