https://www.traditionrolex.com/8
<p>Шмат цікавых адкрыццяў зрабіў бераставіцкі  краязнаўца і выкладчык мастацкіх дысцыплін Бераставіцкай ДШМ Андрэй Втарушын.  Адно з іх – бераставіцкая мануфактура накшталт слуцкай. У гэтым годзе ён падрыхтаваў кнігу «Ад малюнка стужкі да залотнай тасьмы», прысвечаную 265-годдзю дзейнасці мануфактуры Мнішкаў у Вялікай Бераставіцы (1747 г.)</p>

Шмат цікавых адкрыццяў зрабіў бераставіцкі  краязнаўца і выкладчык мастацкіх дысцыплін Бераставіцкай ДШМ Андрэй Втарушын, паведамляе «Гродзенская праўда».

Адно з іх – бераставіцкая мануфактура накшталт слуцкай. У гэтым годзе ён падрыхтаваў кнігу «Ад малюнка стужкі да залотнай тасьмы», прысвечаную 265-годдзю дзейнасці мануфактуры Мнішкаў у Вялікай Бераставіцы (1747 г.).

– У Вялікай Бераставіцы была ткацкая мануфактура? –
цікаўлюся ў аўтара.
– Існавала ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя. Фінансаваў мануфактуру прадстаўнік буйнейшага магнацкага роду Мнішкаў, уладальнік мястэчка Ежы Аўгуст Вандалін (1715–1778 гг.). Доказ гэтаму дае польская даследчыца Марыя Чапліньская ў артыкуле «Ежы Мнішак» шматтомнага выдання «Польскі слоўнік біяграфічны». На аснове архіўных крыніц Дрэздэна і Кракава яна піша аб Ежы Мнішку: «Не забываў ён свой гданьскі дом, прывозіў рэчы хатняга ўжытку з радзівілаўскіх мануфактур, фінансаваў тую ж працу, вядомую ў сваёй дзедзічнай Бераставіцы каля Гродна». «Вядомай працай» у ХVІІІ стагоддзі было трыманне мануфактуры ва ўласных маёнтках.

Наогул ХVІІІ стагоддзе адзначана буйным ростам мануфактурнага прадпрыемства на тэрыторыі Беларусі. Магнаты Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Агінскія адкрывалі ў сваіх уладаннях мануфактуры па вырабу разнастайнай прадукцыі са шкла, тканіны, паперы, кафлі і іншыя. Не выключэннем стала і Вялікая Бераставіца. Уладальнік мястэчка маршалак надворны каронны Ежы Мнішак наведаў радзівілаўскія мануфактуры ў сярэдзіне ХVІІІ ст. і быў у захапленні ад іх вытворчасці.

– Гэта мануфактура стала прататыпам для бераставіцкай?
– Паведамленні аб існаванні невядомай мануфактуры ў ХVІІІ стагоддзі, якая капіравала слуцкія паясы, маюцца ў выдатным фотаальбоме «В граде Слуцке» аўтара М. Яніцкай. Другой крыніцай, але ўжо выяўленчай, з’яўляецца сам герб мястэчка Вялікая Бераставіца 1754 года, які аздоблены вырабамі са сваёй мануфактуры. Картуш герба «Вавёрка» завершаны малюнкам стужак з геаметрычным арнаментам у сярэдзіне. Прыклад такога ўзора можна знайсці на слуцкіх паясах. Але найбольш дакладна адпавядае малюнку стужак з бераставіцкага герба вышыўка на рэлігійным адзенні – далматыка сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя, якая захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. Тое, што на картушы бераставіцкага герба з’яўляецца малюнкам у выглядзе касой сеткі з кружочкамі і паласатай стужкай па краях, ёсць элементы вышыўкі залатой тасьмой, ніткамі і бліскаўкамі на паверхні атласнай тканіны далматыкі. Гэта не толькі супадзенне, але і пацвярджэнне прымянення правіла-ўзора з пячаткі на практыцы – на далматыцы. А прататыпам для бераставіцкай мануфактуры стала адна з радзівілаўскіх, якая ў 1740-х гадах выпускала пазументы. Гэта слуцкая.

– Хто непасрэдна займаўся вытворчасцю?

– Для наладжвання вытворчасці і кіраўніцтва мануфактурай былі запрошаны спецыялісты з Заходняй Еўропы. Бераставіцкая мануфактура Мнішкаў выпускала тасьму, гісторыя з’яўлення якой звязана з Германіяй. Вядомая кёльнская тасьма з ХV стагоддзя пачала сваё шэсце па ўсёй Еўропе. Тасьма ўяўляла сабой палоску, якая служыла каймой на дэкаратыўнай тканіне і форменным адзенні (мундзірах). Выраблялася з баваўняных, шаўковых, залатых, срэбных нітак. Мела раслінны ўзор і геаметрычны арнамент.

– А якая тасьма выраблялася ў бераставіцкай мануфактуры?
– Напэўна, самая каштоўная і шляхетная – пазументы. Гэта тасьма з залатых і срэбных нітак. Пазументы нашываліся на форменнае адзенне (мундзір, жустакор), а таксама на рэлігійным адзенні (далматыка, арнат). Пазументамі аздабляліся сукенкі, пакрывала і мэбля ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Што тычыцца бераставіцкіх пазументаў, то яны прадстаўлены на вышэйзгаданай далматыцы сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя з геаметрычным арнаментам у паласе.

– Якія вырабы выпускаліся, акрамя тасьмы?
– Вядомую папулярнасць на той час ткацкім вырабам Рэчы Паспалітай прынеслі шаўковыя паясы. І па прыкладу слуцкай персіярні ў мястэчку таксама мог быць наладжаны выраб паясоў. Але ў бераставіцкай мануфактуры ён меў вузкі, прыватны характар, аб чым сведчыць малая колькасць паясоў, якія захаваліся. У мануфактуры выконваліся асобныя паясы як па малюнку заказчыка, так і па ўзору бераставіцкаму. Бераставіцкія паясы не вылучаліся сваёй шматколернасцю. Мелі ў асноўным два – цёмны і светлы. Напрыклад, чорны і залаты альбо чырвоны з золатам. Замежныя майстры выкарыстоўвалі ў якасці малюнка геаметрычны арнамент з вышэйзгаданых пазументаў, але ўводзілі і мясцовыя сімвалы Бераставіцы: картуш, скрутак з віслай пячаткай, пазументныя вырабы самой мануфактуры.

Строгі геаметрычны арнамент на асноўнай, сярэдняй частцы пояса не вылучаўся багаццем форм і ліній. Уся прыгажосць была сканцэнтравана на канцоўках з махрамі. І ў адрозненне ад слуцкіх паясоў з іх багатым раслінным арнаментам бераставіцкія мелі іншую, так званую форменную тэматыку. Прыкладам можа служыць пояс, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі мастацтваў імя М.К. Чурлёніса ў Каўнасе (Літва).

– Што ён сабой уяўляе?

– Гэты пояс 1760-х гадоў вытворчасці дзеляць паміж сабой мануфактуры Гродна і Ліёна (Францыя). Але пры першым аглядзе кампазіцыі малюнкаў на гэтым поясе можна ўбачыць бераставіцкія сімвалы – скрутак (картуш), віслую пячатку і таямнічую літару М у выглядзе падстаўкі з двума букетамі пёраў. Аналогіі гэтаму поясу сярод паясоў слуцкага тыпу, якія захаваліся, не сустракаецца.

На першы погляд пояс гэты не вылучаецца багаццем колераў (залачоны шоўк на цёмна-карычневым фоне). Асноўны ўзор яго не сустракаецца на гарадзенскіх і ліёнскіх паясах, узорамі якіх сталі слуцкія паясы з раслінным арнаментам. Галоўная частка пояса – канцоўка – аздоблена сіметрычным узорам з двух пёравых букетаў, злучаных падстаўкай у выглядзе літары М. Гэтую літару можна ўбачыць і на гербе Бераставіцы 1754 года як прыналежнасць да роду Мнішкаў. Выявы пёраў не сустракаюцца на слуцкіх паясах, няма іх на гродзенскіх і ліёнскіх. Але ёсць пёры ва ўласным гербе Ежы Аўгуста Мнішка – уладальніка Бераставіцы і яе мануфактуры. Гэта герб «Сяміпер'е»: у чырвоным полі ляжыць сем чорных пёраў страуса.

Можна толькі меркаваць, што гэты пояс з залачонага шоўку, які захоўваецца ў літоўскім музеі мастацтваў імя М.К. Чурлёніса, быў выраблены ў бераставіцкай мануфактуры. Той самай, сляды якой захоўваюць гістарычны герб Бераставіцы (1754 г.), мастацкія музеі Беларусі, Польшчы і Літвы, гістарычныя архівы Дрэздэна, Кракава і Варшавы.

Галіна Раманчук

https://www.traditionrolex.com/8