https://www.traditionrolex.com/8
<p>Апошнім часам мы заўважаем, што сапраўды змены ёсць. Замест вагончыкаў і часовых пунктаў харчавання з'явіліся і цывілізаваныя аб'екты: кавярні, стаянкі, аўтазаправачныя станцыі</p>

Прыдарожны сэрвіс у Беларусі даволі малады. Упершыню на яго звярнулі ўвагу ў 1994 годзе, калі быў прыняты Закон «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці». З таго часу ў развіццё прыдарожнага сэрвісу неаднаразова ўносіліся карэктывы, паведамляе «Звязда».

Для таго каб прыцягнуць інвестараў, трэба знізіць падатковую нагрузку, спрасціць працэдуру выдзялення зямлі пад інфраструктуру. І апошнім часам мы заўважаем, што сапраўды змены ёсць. Замест вагончыкаў і часовых пунктаў харчавання з'явіліся і цывілізаваныя аб'екты: кавярні, стаянкі, аўтазаправачныя станцыі.

Якое ж бачанне развіцця гэтай сферы ў Дзяржынскім раёне? Пытанне зусім не выпадковае, паколькі рэгіён размешчаны амаль пад бокам у Мінска і лічыцца варотамі сталічнай вобласці.

 — Многія лічаць, што развіццю прыдарожнага сэрвісу ў Дзяржынскім раёне перш за ўсё спрыяе геаграфічнае становішча, блізкасць да сталіцы. Але ў гэтым ёсць свае плюсы і мінусы. Справа ў тым, што чалавек, які выехаў з горада, дзе ёсць і кавярні, і запраўкі, і гасцініцы, яшчэ не паспеў прагаладацца, ды і бак заліты палівам, што называецца, «пад завязку». Тыя, што спяшаюцца дадому, у Мінск, таксама не будуць спыняцца ў Дзяржынску. Вельмі спадзявацца на транзітных пасажыраў таксама не даводзіцца, паколькі дарожная сетка рэгіёна мае свае адметнасці, — распавёў намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Павел Юхневіч.

І тым не менш прыдарожная інфраструктура ў рэгіёне паступова развіваецца, пашыраюцца, рэканструююцца дзейныя аб'екты, будуюцца новыя. Напрыклад, кавярня «Дзедава карчма», якая працуе ўжо 18 гадоў, узводзіць домікі гасцінічнага тыпу, лазневы комплекс. Уладальнік кавярні «Вясна» ўзяў зямельны ўчастак для будаўніцтва комплексу. На першым паверсе размесціцца аб'ект грамадскага харчавання, а на другім — невялікая гасцініца. Прадпрымальнікі за гэтыя гады добра вывучылі рынак паслуг, займелі пастаянных кліентаў, дасягнулі значнага ўзроўню абслугоўвання і, як вынік, напрацаваны капітал укладваюць у пашырэнне справы. Нядаўна на карце раёна з'явіўся прыдарожны рэстаран «Чырвоная горка» на дзве вялікія залы. Аб'екты будуюцца на выездзе з Дзяржынска каля вёскі Хамічы, праектуюцца ў Фаніпалі каля вёскі Вязынь??— кавярня і невялікая гасцініца. Мяркуецца, што імі будуць карыстацца як жыхары і госці горада, так і транзітныя пасажыры. Усяго ж у раёне дзейнічаюць 33 аб'екты прыдарожнага сэрвісу. У тым ліку такі ўнікальны, як «Сэрвісны цэнтр «Веста», якому летась споўнілася 20 гадоў.

Комплексаў такога ўзроўню няма ў Беларусі і няшмат нават у Еўропе. На невялікім зямельным участку сканцэнтраваны цэлы «букет» паслуг: аўтазаправачная станцыя, гасцініца, пункты грамадскага харчавання. Тут аказваюць аздараўленчыя, забаўляльныя паслугі. Напрыклад, зрабілі штучныя вадаёмы, пункт пракату спартыўнага інвентару. Ёсць футбольнае і баскетбольнае палі, тэнісныя корты. Тут можна адпачыць сям'ёй, арганізаваць банкет, карпаратыўнае мерапрыемства. «Па вялікім рахунку, «Веста» перарасла такое паняцце, як «прыдарожны сэрвіс» і стала сапраўдным месцам адпачынку. На маю думку, зарабіць вялікія грошы выключна на прыдарожным сэрвісе цяжка, трэба развіваць і іншыя кірункі», — лічыць Павел Юхневіч.

Будаўніцтва аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, па сучасных мерках і стандартах, задавальненне даволі дарагое, не кожнаму пад сілу. Прайшлі тыя часы, калі можна было адкрыць кавярню ў звычайным вагончыку. Толькі на ўзвядзенне аўтазапраўкі з камунікацыямі патрабуецца больш за 8 мільярдаў рублёў. Разам з тым, нельга сказаць, што гэта высокадаходная справа. Разлічваць на хуткі прыбытак у гэтай сферы нельга. Гэта доўгатэрміновыя праекты. Каб іх пачаць, каб «раскруціцца», трэба мець дадатковы бізнес.

— Нельга навязваць інвестару афіцыйны пункт гледжання. Як прадстаўнік улады, я магу сцвярджаць: менавіта на гэтым месцы павінна быць кавярня, таму што побач знаходзяцца два населеныя пункты. А значыць, будуць і наведвальнікі, і прыбытак. У інвестара ж іншыя меркаванні: непадалёку ўжо ёсць пункт грамадскага харчавання добрага ўзроўню, а дарога не мае вялікага транзітнага патэнцыялу і г.д. Прыдарожны сэрвіс — гэта камерцыйны праект. І там, дзе выгадна будаваць аб'екты, яны ўжо пабудаваны. Бачанне дзяржавы і інвестара на яго развіццё можа значна адрознівацца. У гэтай сферы, на мой погляд, павінна быць дзяржаўна-прыватнае партнёрства. На ўзроўні раёна мы імкнёмся прытрымлівацца такой пазіцыі, — канстатуе мой суразмоўца.

Міністэрства спорту і турызму прапанавала сфарміраваць абавязковы пералік інфраструктуры каля аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу: гасцініца, сувенірныя кіёскі, пляцоўка для адпачынку, пункты харчавання, аўтастаянкі. Ды і ўлады арыентуюць зацікаўленыя бакі будаваць не асобныя аб'екты, а цэлыя комплексы з аўтазапраўкай, шынамантажом, атэлем, грамадскім пунктам харчавання.

— Так павінна быць у ідэале. І з цягам часу мы да гэтага прыйдзем. Але пакуль гэта толькі пажаданні. І перш за ўсё іх трэба ацэньваць з камерцыйнага боку: ці будуць яны прыносіць прыбытак. Так, такія комплексы ёсць у краінах Еўропы, напрыклад, у той жа Чэхіі, Польшчы, але яны часцей за ўсё аддаленыя ад вялікіх гарадоў. У буйным цэнтры ёсць свая прыцягальнасць: крамы, атэлі, добры сэрвіс, дзе зусім іншы ўзровень цэн. Таму ў нас такія цэнтры варта адкрываць бліжэй да Баранавічаў, Брэста, паколькі яны знаходзяцца на транзітных шляхах, — лічыць Павел Юхневіч.

Разам з тым, ён не адмаўляе, што бюджэтныя гасцініцы маюць права на жыццё. І іх можна размясціць паміж Мінскам і Дзяржынскам, але зноў жа трэба ўлічваць: ці будуць яны выконваць галоўную функцыю прыдарожнага сэрвісу, наколькі будуць запаўняцца. Акрамя таго, нельга параўноўваць Беларусь з Еўропай, дзе прыдарожны сэрвіс наладжваўся дзесяцігоддзямі. Хаця, зрэшты, і там ёсць розныя аб'екты, трапляюцца і звычайныя «забягалаўкі».

— Наша задача ў тым, каб павысіць узровень, культуру абслугоўвання. У той жа Польшчы ў любой прыдарожнай кавярні можна адведаць нацыянальныя стравы: бігус, флякі, у Германіі — запечаную свіную рульку. У нас жа не ўсюды прапануюць нават дранікі, а калі яны і ёсць, то кошт іх амаль заўсёды «кусаецца», — разважае намеснік старшыні райвыканкама. Айчынныя кавярні былі б больш прыцягальнымі для замежных гасцей, калі б больш актыўна выкарыстоўвалі беларускую кухню.

Па-другое, аб'екты прыдарожнага сэрвісу павінны выдзяляцца нейкім агульным архітэктурным рашэннем, завершанасцю. Напрыклад, пэўным арнаментам, каляровай гамай ці нейкім агульным элементам, лагатыпам, каб той жа замежнік, едучы па трасе, бачыў, што тут знаходзіцца аб'ект прыдарожнага сэрвісу. У прыватнасці, аўтазапраўкі той жа «Весты» выкананы ў адным архітэктурным стылі, а АЗС «Беларуснафты» — у адной каляровай гаме.

Для таго каб прыдарожны сэрвіс у Беларусі развіваўся прадумана, з улікам еўрапейскіх стандартаў, ён павінен знаходзіцца ў руках аднаго гаспадара. Іншымі словамі, падпарадкоўвацца аднаму каардынуючаму органу, які б распрацоўваў агульныя падыходы, схемы размяшчэння аб'ектаў, — упэўнены Павел Юхневіч.

...У Беларусі пастаўлены задачы дасягнуць еўрапейскіх стандартаў да 2014 года: інакш кажучы, на кожныя 40 кіламетраў аўтатрасы мець хаця б адзін аб'ект. Але многія прадпрымальнікі, з якімі давялося гутарыць, лічаць гэта «пажаданне» з раздзелу фантастыкі.

Дзяржаўная падтрымка ў гэтай сферы, на іх думку, носіць, хутчэй, дэкларатыўны характар. напрыклад, Указ Прэзідэнта «Аб мерах па развіцці прыдарожнага сэрвісу» дае права на льготнае крэдытаванне для будаўніцтва або рэканструкцыі аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і інжынернай інфраструктуры да іх. Але на самой справе атрымаць банкаўскі крэдыт для гэтага вельмі цяжка...

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

https://www.traditionrolex.com/8