https://www.traditionrolex.com/8
<p>Тавары з ТОП-10 вельмі адрозныя адзін ад другога, але маюць і супольныя рысы: нелегальныя, прыбытковыя і рызыкоўныя</p>

Нягледзячы на тое, дзе пражываем і з якімі краінамі мяжуе наша краіна, розніцы ў цэнах у паасобных дзяржавах спрыяюць кантрабанднай справе і выкарыстоўваюцца «людзьмі, якія больш прадпрымальныя за іншых», паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

У 2004 годзе Польшча ўвайшла ў Еўрасаюз, зніклі межы з Захадам, мытныя пошліны на тавары ўніфікаваліся. Мытныя законы, а таксама асобныя санітарныя і ветэрынарныя працэдуры сталі моцна абмяжоўваць доступ тавараў з іншых дзяржаў на еўрапейскі рынак. Гэта стварае пэўныя магчымасці для нелегальнай дзейнасці. І многія вырашаюць ісці шляхам кантрабанды. Што найчасцей вязуць з Беларусі ў Польшчу? З чым даводзіцца змагацца памежным і мытным службам?

Вось дзесяць самых папулярных тавараў:

1. Цыгарэты – безумоўны лідар у кантрабандзе. У Беларусі яны вельмі танныя – за блок плацім прыблізна 10 долараў. У Польшчы іх цана расце ўдвая, а калі яны даедуць, скажам, у Англію – прыбытак павялічваецца яшчэ ў некалькі разоў. За вялікай прыбытковасцю ідзе вялізарная рызыка – калі не пашанцуе, пагражаюць высокія штрафы, канфіскацыя аўтамабіля, судовы працэс.

Цыгарэты вязуць звычайныя грамадзяне, жыхары памежжа, якія такім спосабам зарабляюць грошы на жыццё, але і займаюцца гэтым арганізаваныя групоўкі, у якіх мэта – буйны заробак і павелічэнне маёмасці. Сродкі і спосабы кантрабанды тут самыя розныя: асабовыя аўтамабілі (шыны, паліўныя бакі, парогі, дзверы, багажнік, панэль, сядзенні, падлога, дах, нутро кузава), грузавыя аўтамабілі, пасажырскія цягнікі (падлога, сцены, дах, сядзенні), у ручным багажы, пад адзеннем. То бок усюды, дзе магчыма. Прадаюцца цыгарэты найчасцей на рынках або адразу пасля перасячэння мяжы, дзе «прадпрымальнікі» збіраюць іх у «ямы». Калі цыгарэт набіраецца значная колькасць, іх вязуць далей для атрымання большага прыбытку.

2. Паліва (бензін, дызельнае паліва) – тавар, які з-за розніцы ў цане таксама актыўна «цячэ» нелегальным шляхам у заходнім кірунку. У асабовых аўтамабілях можна пакуль што перавезці стандартны бак плюс 10 літраў. Большыя магчымасці ў грузавым транспарце, але тут ёсць мытныя абмежаванні да 600 літраў. Транспартныя фірмы абмінаюць гэтую «праблему», карыстаючыся пераходам на беларуска-літоўскай мяжы ў Прывалцы. На беларускай запраўцы аўтафуры запраўляюцца «пад корак» і без аніякіх праблем уязджаюць на тэрыторыю Еўрасаюза. Памежныя пераходы на беларуска-літоўскай мяжы часта называюцца «Кувэйтам усходу» або «паліўным шляхам».

3. Бурштын – яго можна ўвезці ў Польшчу легальна, але тады трэба аплаціць высокія мытныя пошліны. Таму вельмі часта ён з'яўляецца прадметам кантрабанды. У Беларусь трапляе таксама шляхам кантрабанды з Украіны (шахта ля Роўна). Найчасцей бурштын перавозяць у паліўных баках, але бывае што і ў запасных шынах ці ў вогнетушыцелях. Калі кантрабанда выяўляецца, парушальніка чакае канфіскацыя тавару і судовая справа.

4. Сабакі (шчанюкі) – вельмі часты «тавар», які з вялікім прыбыткам можна перапрадаць у Польшчы або Германіі. Для таго каб перавезці пародных сабакаў праз мяжу, трэба выканаць некалькі ўмоў (ёсць тут і абмежаванні): мусіць быць уласнік, шчанюкі не павінны мець менш чым 3 месяцы, у іх мусіць быць сабачы пашпарт, пасведчанне паходжання, прышчэпка ад шаленства, зробленая не раней, чым за 21 дзень да ўезду за мяжу. Адзін чалавек можа перавезці аднаразова 5 сабак. Калі нечага з вышэй пералічанага не хапае – уласнік з жывёлай вяртаецца назад.

5. Стаматалагічныя прылады – з-за невялікіх памераў пераважна едуць асабовым транспартам ды ў ручным багажы. Асабліва папулярныя cтаматалагічныя іголкі і свердзелы беларускай вытворчасці. Яны высокай якасці, таму іх ахвотна набываюць стаматалагічныя кабінеты. Пры выяўлянні такой кантрабанды тавар канфіскуюць, парушальніка чакае судовы працэс.

6. Жывёльныя шкуры – кантрабандысты найчасцей іх перавозяць асабовымі аўтамабілямі і хаваюць у паліўных баках, поліэтыленавых пакетах, шынах, каністрах ды ў падлозе машыны. Прадаць дарагі тавар проста – дастаткова наведаць адмысловую скупку. Mытнік з прычыны ветэрынарных абмежаванняў і правіл не можа перавозчыка пакараць штрафам, а толькі адправіць яго з таварам назад.

7. Cтэроіды – хімічныя прадукты, запатрабаваныя спартсменамі, сілавікамі, спартыўнымі клубамі. Кантрабандай уязджаюць у Польшчу стэроіды пераважна расійскай вытворчасці, у якіх склад адпавядае еўрапейскім нормам, але гандляваць імі забараняецца. У выпадку няўдачы на мяжы – канфіскацыя і суд.

8. Падробкі адзення, гадзіннікаў, электронікі – вытворчасць гэтых вырабаў адбываецца ў В’етнаме, Кітаі і Інданезіі, а кантрабанда – усялякімі відамі транспарту. Ёсць гэта парушэнне правоў на ўласнасць. Каб легальна ўвезці такі тавар, патрэбна згода ўладальніка таварнай маркі. А гэта з-за нізкай якасці падробак немагчыма. Мытныя службы тавар забіраюць і накіроўваюць справу ў суд.

9. Вакцына для жывёлагадоўчай і гаспадарчай жывёліны – адсутнасць ветэрынарных дазволаў з'яўляецца прычынай поўнай забароны на ўвоз і гандаль вакцынамі на тэрыторыю Еўрасаюза. Вельмі лёгка такі тавар прадаць, напрыклад, для лекараў-ветэрынараў.

10. Рыбалоўныя сеткі (дрыгавіцы) – у Беларусі такога тыпу сеткі агульнадаступныя, а ў Польшчы іх немагчыма набыць у крамах з прыладамі для рыбалоўства. Пры дапамозе дрыгавіцы нельга легальна лавіць рыбу, якая з прычыны пабудовы сеткі (двайная, трайная з рознай велічынёй вочак), калі ўжо патрапіць у яе, не мае шанцаў на ўцёкі.

Кантрабандны тавар прадаецца ў асноўным на рынках. Паколькі гэты тавар не абкладзены акцызамі, то ў выпадку няўдачы кантрабандысту ў найгоршым выпадку давядзецца вярнуцца ў Беларусь.

Тавары з ТОП-10 вельмі адрозныя адзін ад другога, але маюць і супольныя рысы: нелегальныя, прыбытковыя і рызыкоўныя.

https://www.traditionrolex.com/8