<p>Камандзіры атрадаў на сваім савеце прынялі сем законаў санаторыя «Случ»: любоў, клопат, дабрыня і міласэрнасць; бяспека і здароўе; беражлівасць, эканомія і працалюбства; памяць і павага; актыўнасць; гонар і ўсмешка. Але, бадай, самы галоўны — вяртанне ў дзіцячы санаторый «Случ»</p>

Дзіцячы санаторый «Случ», што ў Слуцкім раёне, чакае гасцей, паведамляе «Звязда». Тут пройдзе рэспубліканскі семінар, які збярэ  прадстаўнікоў зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, уласнікаў і кіраўнікоў аналагічных устаноў, іх намеснікаў па медыцынскай рабоце і харчаванні, а таксама культурна-масавай рабоце. Прадстаўнічая аўдыторыя азнаёміцца з сучаснымі падыходамі ў арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей, якія пражываюць на забруджаных у выніку чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях.

Для калег нічога не шкада

Чаму ж менавіта санаторыю «Случ» выпаў гонар прымаць гасцей? Вычарпальны адказ на гэтае пытанне даў генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Белаграздраўніца» Іван Аверчанка.

— Па выніках мінулага года санаторый заняў трэцяе месца ў Беларусі сярод дзіцячых санаторыяў. «Случ» — гэта ўстанова асаблівая, бо тут адпачываюць дзеці розных узростаў: малодшага, сярэдняга, а таксама падлеткі. Сёння 500 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымліваюць тут паўнавартаснае лячэнне. Частку пуцёвак мы прадаём дзяржаве, а таксама знаходзім пакупнікоў у Расіі, Беларусі. З намі супрацоўнічаюць банкі, буйныя прадпрыемствы. Бадай, самае галоўнае, што хвалюе бацькоў, якія даручаюць нам сваіх выхаванцаў, — іх бяспечнае знаходжанне ў санаторыі. Мы распрацавалі методыку па гэтым пытанні, там сабраны ўсе неабходныя дакументы, і многія з нашых калег карыстаюцца гэтай нарматыўнай базай. Па-другое, Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва папрасіў нас паказаць іншым, як арганізаваны адпачынак і лячэнне дзяцей з Чарнобыльскай зоны.

У «Случ» заўсёды ездзілі калегі яшчэ і для таго, каб пераняць вопыт выхавання, арганізацыі культурнай праграмы. Дзеці і падлеткі тут цалкам заняты карыснымі справамі, удзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах. А як вядома, той, хто заўсёды пры справе, не будзе займацца чымсьці непатрэбным. Акрамя таго, у санаторыі напрацаваны цесныя сувязі з навуковымі медыцынскімі цэнтрамі рэспублікі. Сюды прыязджаюць мэтры айчыннай медыцыны, прафесары, дацэнты, акадэмікі, якія бясплатна кансультуюць дзяцей. Вядома, што скарыстацца такой магчымасцю захоча кожная маці.

Дарэчы, менавіта «Белаграздраўніца» першай у краіне пачала займацца продажам пуцёвак самастойна.

— Спачатку выйшлі на 10 працэнтаў, затым — на 25. А сёння і на ўсе 90, у тым ліку 40 працэнтаў ідзе на экспарт, — кажа Іван Фёдаравіч. — Да нас прыязджаюць грамадзяне Расіі, краін Балтыі, Польшчы, Францыі, ЗША, Ізраіля. Як правіла, усе яны выхадцы з былога Савецкага Саюза. Знаходзяцца ў санаторыях 30–35 дзён. За гэты час маюць магчымасць не толькі прайсці аздараўленне і лячэнне, але і наведаць сваю малую радзіму.

...І ніякіх чыпсаў

— Мы адзіныя ў Беларусі, хто ў аснову санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей паклаў прыродныя фактары, — уступае ў размову намеснік генеральнага дырэктара Віктар Панамароў. — Для лячэння выкарыстоўваем мінеральную ваду, сапрапелевыя гразі, якія здабываем у Дзятлаўскім раёне. На базе санаторыя «Радон» наладзілі яе вытворчасць. Акрамя таго, стварылі надземную спелеалячэбніцу, дзе выкарыстоўваецца натуральная соль з Салігорска. Такога няма ні ў адным санаторыі Беларусі. Усяго ж у сістэме «Белаграздраўніцы» 6 спелеалячэбніц, дзе лечаць захворванні дыхальных шляхоў. Але самае галоўнае — што знаходжанне тут служыць прафілактыцы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Адпачываюць жа і праходзяць санаторнае аздараўленне ў «Случы» дзве групы дзяцей: так званыя сацыяльныя і з тэрыторый, якія кантралююцца. Для іх арганізавана збалансаванае харчаванне, а для дзяцей з забруджаных тэрыторый яно ўзмоцненае, змяшчае больш вітамінаў, бялкоў, вугляводаў.

— Як вядома, у свеце каля 40 працэнтаў дзяцей маюць атлусценне першай ступені з-за няправільнага харчавання дома. Існуе такая праблема і ў Беларусі, — канстатуе Віктар Аляксеевіч. — Мы цалкам выключылі з рацыёну сваіх падапечных каляровыя напоі, чыпсы, салодкае, акрамя мармеладу. Якасныя, экалагічна чыстыя прадукты набываем непасрэдна ў пастаўшчыкоў: чатыры гады таму правялі тэндар, вызначылі лепшых вытворцаў.

Падчас заезду дзецям прапаноўваюць адказаць на пытанне, якія прадукты ім падабаюцца. Яны, як правіла, адказваюць: каўбаса, сасіскі, сардэлькі, шашлыкі, чыпсы. А ў санаторыях за кароткі час іх трэба адвучыць ад ежы, якая прыносіць шкоду здароўю. Кантралююць працэс харчавання пяць чалавек: дзяжурная медсястра, выхавацель, загадчык сталовай, загадчык вытворчасці і начальнік медыцынскай часткі. Акрамя таго, дзяцей вучаць культуры паводзін за сталом, сервіроўцы.

Бяспека ў рэжыме анлайн

У «Случы» шмат увагі надаюць бяспецы дзяцей. Дырэктар санаторыя Міхаіл Марачкоўскі дэманструе сістэму відэаназірання. На камп'ютары ў яго кабінеце добра відаць, што адбываецца не толькі ў памяшканнях, але і на двары.

— На набыццё і ўстаноўку сістэмы мы патрацілі 173 мільёны. Цалкам нясём адказнасць за жыццё і бяспеку сваіх падапечных. У рэжыме анлайн можам кантраляваць сітуацыю: адпачынак, лячэнне, харчаванне дзяцей.

Варта сказаць і пра тое, што санаторый «Случ» карыстаецца попытам не толькі ў беларусаў, але і замежнікаў. Шмат пуцёвак сюды набываюць грамадзяне Расіі. Напрыклад, група школьнікаў з Санкт-Пецярбурга разам з педагогам адпачывае ў пяты раз. Сёлета тут чакаюць наведвальнікаў па лініі Саюзнай дзяржавы — Беларусі і Расіі, паколькі санаторый выйграў адпаведны тэндар. Дарэчы, на конкурс Саюзнай дзяржавы ён заявіў больш высокую цану, чым канкурэнты, але камісія вызначыла менавіта «Случ». Як кажуць, выбралі якасць і прафесіяналізм. Пра гэта сведчаць як самі дзеці, так і педагогі, што іх суправаджаюць.

— Дзеці трапілі ў сапраўдную казку! — кажа Людміла Рудая з Рэчыцкага раёна. — Вакол прыгажосць, харчаванне выдатнае, мерапрыемствы цікавыя. Дзеці з вясковай школы змаглі пабачыць нават цыркавое прадстаўленне. І наогул, тут цудоўныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы: пакаёўкі, медсёстры, педагогі. Мы напісалі падзяку, дзе гаворым работнікам санаторыя: не «да пабачэння», а «да хуткай сустрэчы!»

Аліну Музычэнка з сяброўкамі мы сустрэлі ў спелеалячэбніцы.

— Тут мы праводзім штодня паўгадзіны. Пасля курсу лячэння цэлы год не хварэем, — сцвярджаюць яны.

— Што яшчэ падабаецца? — цікаўлюся ў дзяўчат.

— Усё! — гучыць у адказ. — Але найбольш імпануе, што тут можна сябе праявіць творча, раскрыць свой талент, адчуць сябе дарослымі ў добрым сэнсе слова.

Камандзіры атрадаў на сваім савеце прынялі сем законаў санаторыя «Случ»: любоў, клопат, дабрыня і міласэрнасць; бяспека і здароўе; беражлівасць, эканомія і працалюбства; памяць і павага; актыўнасць; гонар і ўсмешка. Але, бадай, самы галоўны — вяртанне ў дзіцячы санаторый «Случ».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ