<p>Візы для наведвання Падляшскай оперы і філармоніі з сённяшняга дня сталі платнымі. Такое рашэнне прынята ў час нарады Міністэрства замежных спраў Польшчы</p>

Візы для наведвання Падляшскай оперы і філармоніі з сённяшняга дня сталі платнымі. Такое рашэнне прынята ў час нарады Міністэрства замежных спраў Польшчы, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Як тлумачыць Рафал Собчак з прэс-бюро польскага дыпламатычнага ведамства, вялікая зацікаўленасць з боку іншых культурных установаў Польшчы ў далучэнні да праекта так званых турыстычна-культурных пакетаў, прывяла да ўвядзення аплат пры атрыманні польскіх віз:

– Мы хацелі б, каб гэты рэкламны праект зрабіўся сталым. Гэта звязана з адменай консульскіх збораў за выдачу віз у мэтах культурніцкага турызму. Бясплатнымі яны застануцца для асоб, якім яшчэ няма 25 гадоў. Для астатніх жадаючых, паводле Візавага кодэксу, як і для іншых грамадзян Беларусі, кошт будзе складаць 60 еўра.

З сакавіка польскія консульствы ў Беларусі выдавалі бясплатныя візы ў Польшчу асобам, якія выкупалі г. зв. турыстычна-культуры пакет. У межах пакета беларусам прапаноўвалася наведванне Падляшскай оперы і філармоніі, начлег і экскурсіі па Беластоку.

Кошт пакета складаў 50 еўра, цяпер жадаючыя наведаць Падляшскую оперу і філармонію ў межах турыстычнага пакета павінны дадаць да гэтай сумы і кошт шэнгенскай візы.

* * *

«Не ведаю падрабязнасцяў, але гэта смутная навіна», – кажа пра адмену бясплатных віз для беларусаў, якія наведвалі Падляшскую оперу і філармонію, яе дырэктар Рабэрта Скальмоўскі:

– Амаль 5000 асоб выкарыстала гэтую магчымасць. Гэта страта не толькі для оперы, бо аўтобусы выкарыстоўваюць для аказання розных паслуг, людзі пакідаюць тут грошы, я ўжо не кажу пра крамы. Дадзеная сітуацыя засмучае.

Проста падлічыць, што нават пры самым танным варыянце білета – 40 злотых, прыбытак оперы – гэта 200 тысяч польскіх злотых. Як кажа дырэктар Скальмоўскі, у гэтай сітуацыі цешыць факт, што праграма пашыраецца на ўсе культурныя ўстановы Польшчы. Аднак кошт віз 60 еўра – надта высокі:

– Магчыма, што дырэктар консульскага дэпартамента можа зрабіць так, каб кошт візы ў выпадку пакупкі білета і цэлага турыстычнага пакета быў зніжаны.

Рабэрта Скальмоўскі адзначыў, што ён не ведае канкрэтных прычын адмены бясплатных віз на спектаклі оперы. Але не выключаў, што да гэтага маглі прывесці злоўжыванні некаторых асоб і фірмаў, якія пасярэднічалі ў продажы «візавых пакетаў».

Аднак як высветлілася ў час учарашняй рабочай сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў, гэта было не згодна з законам Еўрасаюза, а дакладна – візавым кодэксам.

* * *

З сённяшняга дня за культурніцкую візу трэба заплаціць 60 еўра – значыць, дакладна столькі, што і за звычайную візу без культурніцкіх дадаткаў. Цяпер грамадзянін Беларусі, які захоча прыехаць на двухдзённую экскурсію на Падляшша і наведаць Падляшскую оперу, мусіць заплаціць 110 еўра.

Госця «Раніцы з «Рацыяй» Юрыя Баброўскага з тураператара Junior з Беластока здзіўляе гэтае рашэнне, таму што культурніцкі камплект карыстаўся вялікай папулярнасцю.

– Гэта пачало ўжо добра функцыянаваць, таму прыязджалі амаль з усёй Беларусі: з Мінска, Гродна, Брэста. І цяпер памалу гэта заканчваецца. Але, як я казаў, і без гэтага мы мусім жыць. Канешне, будзем спрабаваць пераканаць людзей у тым, што Беласток цікавы, што сюды варта прыехаць, штосьці паглядзець, купіць. Таму, думаю, атрымаецца чымсьці іх зацікавіць, каб прыязджалі.

З сакавіка, з часу ўвядзення гэтак званай падляшскай турыстычна-культурніцкай прапановы, у Гродне было выдадзена 1400 бясплатных віз, у Брэсце – 139.