<p>Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 172 краінамі ў свеце, у 50 з якіх працуюць 62 нашых дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтва.</p>

Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 172 краінамі ў свеце, у 50 з якіх працуюць 62 нашых дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтва.

«Заўтра тваёй краіны» вырашыла паглядзець не толькі на лічбы, але і на біяграфіі дыпламатаў.

Гісторыю дыпламатычнай службы ў незалежнай Беларусі можна падзяліць на некалькі перыядаў, лічыць выпускнік факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта Яўген Прэйгерман.

— У 1991 годзе літаральна па радыё шукалі людзей, якія валодаюць замежнымі мовамі, бо не было каму працаваць у сферы міжнародных адносін, — кажа эксперт. — Напрыканцы 1990-х на службу ў Міністэрства замежных спраў (МЗС) сталі паступаць дзеці высокіх чыноўнікаў. Па шыльдах на міністэрскіх кабінетах адразу было бачна, у каго бацька чыноўнік, прафесар ці дырэктар буйнога прадпрыемства. Зараз дзеці чыноўнікаў ужо не хочуць працаваць у МЗС, бо рабіць трэба шмат, а заробкі невялікія. І сёння ў міністэрскія кабінеты могуць патрапіць паспяховыя выпускнікі Белдзяржуніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін.

Заробкі ў міністэрстве, па словах суразмоўцы, вагаюцца ад 350 да 1000 долараў.

— Але ўсе імкнуцца з’ехаць на працу за мяжу. Яшчэ тры гады таму ў замежных прадстаўніцтвах плацілі 2 тысячы долараў, — адзначае Яўген Прэйгерман.

Вяршыня дыпламатычнай кар’еры — праца паслом

Сённяшніх беларускіх паслоў, паводле думкі Прэйгермана, можна падзяліць на дзве групы — кар’ерныя дыпламаты і палітычныя прызначэнцы.

Сярэднестатыстычны беларускі пасол — гэта мужчына, якому больш за 50 год. Яго дыпламатычная кар’ера пачыналася з дробнай працы ў Міністэрстве замежных спраў, пасля ў замежных консульскіх і дыпламатычных прадстаўніцтвах на пасадах сакратара ці дарадцы.

Праўда, сярод цяперашніх паслоў шмат былых чыноўнікаў — ад намесніка старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Пацкевіча (зараз — пасол у Азербайджане) да віцэ-прэм’ера Уладзіміра Дражына (зараз — пасол у Літве і Фінляндыі па сумяшчальніцтве). Ім удалося мінуць паступовы дыпламатычны кар’ерны рост.

Таксама моцнае прадстаўніцтва ў пасольствах ад былых вайскоўцаў і сілавікоў. Напрыклад, паслом у Арменіі працуе былы старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Сцяпан Сухарэнка. Былы міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў апошнія два гады прадстаўляе інтарэсы нашай краіны ў Туркменістане. А колішні камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і вайскамі супрацьпаветранай абароны Алег Пафёраў летась быў прызначаны пасолом у Венесуэлу.

Па меркаванні палітолага Аляксандра Класкоўскага, у Беларусі дагэтуль захаваўся савецкі прынцып – накіраваць на працу за мяжу чыноўніка, які або набліжаецца да пенсіённага ўзросту, або недасканала выконвае сваю працу.

— Гэта савецкая завядзёнка: праваліў участак — саслаць падалей ад вачэй. Засядзеўся ў чыноўніцкім крэсле — хай дапрацуе за мяжой, — кажа эксперт. — Але ў нашых прадстаўніцтвах працуюць і сапраўдныя спецыялісты. Таму  ў прафесійным плане мы маем нядрэнны дыпламатычны апарат.

Усяго толькі тры жанчыны-пасла прадстаўляюць інтарэсы Беларусі за мяжой — Алена Грыцэнка ў Нідэрландах, Наталля Жылевіч у Карэі і Вольга Гаўрук у Таджыкістане. Усе яны з’яўляюцца кар’ернымі дыпламатамі. Астатнія паслы — мужчыны.

Што датычыцца адукацыі, большасць кар’ерных беларускіх дыпламатаў вучыліся ў Лінгвістычным універсітэце ў Мінску або вывучалі міжнародныя адносіны ў Маскве. Дыпламатычную акадэмію ў Еўропе скончыў толькі Сяргей Алейнік, пасол у Вялікабрытаніі і Ірландыі.

Большасць беларускіх паслоў ведаюць дзве еўрапейскія замежныя мовы. А сапраўдным паліглотам можна назваць пасола ў Венгрыі і Славеніі: Аляксандр Хайноўскі валодае французскай, англійскай, іспанскай і венгерскай мовамі.

Другую вышэйшую адукацыю многія сённяшнія паслы атрымалі ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе, больш маладыя заканчвалі ўжо Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце.

Дарэчы, што датычыцца ўзросту, самы малады пасол працуе ў Індыі: Віталю Прыме 37 год, самы сталы — ва Украіне: Валянціну Вялічку 69 год. Ён працуе ў Кіеве з 2001 года — гэта самы працяглы стаж сярод сённяшніх паслоў.

Следам за ім ідзе пасол Беларусі ў Азербайджане Мікалай Пацкевіч (у Баку з 2006 года) і пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка (у Рызе з 2006 года).

Калі глядзець на паходжанне беларускіх паслоў, то першыя пазіцыі займаюць выхадцы з Мінскай вобласці — 14 прадстаўнікоў, далей ідзе Гомельская вобласць і Расія — сем і пяць прадстаўнікоў адпаведна. З Гродзенскай вобласці ўсяго толькі адзін пасол — Віталь Прыма. Сваю кар’еру ён пачынаў на барысаўскім заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік», адтуль перайшоў на БелАЗ. Ужо ў 33 гады стаў намеснікам міністра прамысловасці, а летась быў прызначаны Надзвычайным Паслом у Індыі і Шры-Ланцы па сумяшчальніцтве.

Спадар Прыма, дарэчы, мае трох дзяцей. Апроч яго, шматдзетнымі бацькамі з’яўляюцца толькі паслы Кубы (Уладзімір Астапенка) і Бельгіі (Андрэй Еўдачэнка). Большасць паслоў, як і ўвогуле беларускіх чыноўнікаў, маюць двух дзяцей. На жаль, афіцыйная біяграфія не паведамляе, як склаўся іх лёс. Інфармацыя пра беларускіх паслоў выкладзена ў сціслым фармаце на афіцыйных старонках прадстаўніцтваў. Пры гэтым на сайтах пасольстваў Ізраіля, ЗША, Інданэзіі, Аргенціны, Нігерыі, Швейцарыі і Канады наогул адсутнічае біяграфічная даведка. Онлайн-пашукавікі таксама мала што ведаюць пра нашых замежных прадстаўнікоў — паслы рэдка даюць інтэрв’ю і не актыўнічаюць у сацыяльных сетках.

Наколькі публічная і самастойная фігура – беларускі пасол?

Гэта залежыць ад асобы самога пасла, мяркуе Яўген Прэйгерман.

— Натуральна, што прадстаўніку ў Еўрасаюзе, з якім у Беларусі зараз напружаныя адносіны, вельмі складана прысутнічаць у публічным жыцці. Возьмем, напрыклад, Вялікабрытанію, дзе вельмі шмат эмігрантаў з Беларусі, якія могуць задаваць нязручныя пытанні адносна палітыкі і рэжыму Лукашэнкі. З іншага боку шмат яшчэ залежыць ад жадання самога пасла быць на публіцы. Сярод замежных прадстаўнікоў у Беларусі таксама былі актыўныя — Стэфан Эрыксан са Швецыі, Раман Бяссмертны з Украіны, але нямала і тых, хто не любіць шмат увагі да сваёй персоны.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначае, што выбудоўваць цывілізаваныя адносіны з Захадам беларускім паслам цяжка.

— Справа ў тым, што пасол — гэта ўсяго толькі функцыянер, задача якога – адстойваць інтарэсы дзяржавы, але пры гэтым адлюстроўваць афіцыйную пазіцыю, — даводзіць эксперт, адзначаючы, што зараз у Беларусі напружаныя адносіны з Еўрасаюзам. — Дыпламаты не могуць змяніць сітуацыю карэнным чынам, пакуль не будзе выканана асноўная ўмова — вызваленне палітвязняў. Да гэтага часу нашыя паслы проста спрабуюць знаходзіць кампрамісы.

З суседнімі краінамі, з якімі Беларусь мае вялікі таваразварот, паслам часткова ўдаецца дамовіцца.

— Раз-пораз ад літоўскіх і латышскіх чыноўнікаў можна пачуць, што варта адмовіцца ад санкцый у адносінах да Беларусі. Калі казаць пра эканамічныя адносіны, то ад паслоў вельмі часта патрабуюць, каб яны проста займаліся збытам тавараў, якія ляжаць на беларускіх складах і, па вялікім рахунку, нікому не патрэбныя, — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

ТОP-5 самых вядомых беларускіх паслоў

1. Павел Латушка зараз працуе ў Францыі, а дагэтуль уваходзіў у дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Польшчы. Аднак сапраўды публічным чалавекам яго зрабіла пасада міністра культуры.

На яго ўскладалі спадзяванні па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, папулярызацыі беларускай мовы. І хоць пад кіраўніцтвам Латушкі была перароблена рэканструкцыя Нясвіжскага палацу, сістэмнасці ў аднаўленні помнікаў культуры так і не з’явілася. Інвестары неахвотна адрэагавалі на спіс аб’ектаў, якія прапанавалі набыць за мінімальны кошт з умовай аднаўлення. А мясцовыя чыноўнікі, як і раней, знішчалі помнікі гісторыі і культуры.

Што тычыцца беларускай мовы, то асаблівых зрухаў у гэтым накірунку таксама не назіралася. З аднаго боку міністр публічна размаўляў па-беларуску (за выключэннем камунікацыі з Лукашэнкам), справаводства Міністэрства культуры перавялі на беларускую мову, але пры гэтым старшыні рэгіянальных упраўленняў культуры дасылалі сваім падначаленым загады аб недапушчальнасці прапаганды беларускай мовы. Пасля трохгадовага перапынку на пасадзе міністра Паўла Латушку ізноў накіравалі на дыпламатычную працу, гэтым разам у Парыж.

2. Сцяпан Сухарэнка працуе на пасадзе пасла ў Арменіі ўжо пяты год, але дагэтуль асацыіруецца са сваёй папярэдняй працай: ён быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Менавіта пры ягоным кіраўніцтве КДБ пачаў займацца забеспячэннем асабістай бяспекі ўлад. Барацьба з апазіцыяй набыла варожы характар. А заявы пра замежных агентаў і дохлых пацукоў, якімі апазіцыянеры хацелі атруціць каналізацыю Мінска, назаўсёды сталі асацыіравацца з асобай Сухарэнкі.

У сілавых органах Сцяпан Мікалаевіч працаваў 23 гады. І хоць паводле першай адукацыі ён хімік-тэхнолаг, у КДБ даслужыўся да генерал-майора.

У 2008 годзе Сухарэнку нечакана прызначылі на пасаду пасла ў Арменіі, нягледзячы на крытыку з боку Лукашэнкі падчас яго звальнення з КДБ. Сцяпан Сухарэнка застаецца ў спісе асоб, якім забаронены ўезд у Еўрасаюз, супраць яго таксама дзейнічаюць санкцыі ЗША.

3. Алег Пафёраў — прафесійны вайсковец. Яшчэ за савецкім часам ён скончыў Вайсковую інжынерную радыётэхнічную акадэмію супрацьпаветранай абароны, а таксама Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ. У Беларусі ён узначальваў Вайскова-узброеныя сілы (ВПС) і войскі супрацьпаветранай абароны (СПА). А выйшаўшы на пенсію, стаў намеснікам старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта.

Да дыпламатычнай службы Пафёраў быў галоўным экспертам па знешнеэканамічных пытаннях ЗАТ «Белтэхэкспарт», якое займаецца пастаўкамі зброі і вайсковага абсталявання. Пафёраў стаяў ля вытокаў стварэння СПА ў Венесуэле. А ягонае прызначэнне на пасаду пасла ў Венесуэле супала са звальненнем камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі Дзмітрыя Пахмелкіна пасля шведскага «плюшавага дэсанту».

4. Віктар Гайсёнак апошнія пяць год з’яўляецца паслом Беларусі ў Польшчы, ягоны дыпламатычны стаж складае 13 год. Большасць жыцця спадар Гайсёнак займаўся навукай. Па адукацыі ён фізік, прайшоў шлях ад выкладчыка да міністра адукацыі.

У лютым 2012 па рашэнні МЗС пасол Гайсёнак быў адкліканы з Варшавы ў адказ на рашэнне Рады ЕС аб пашырэнні спісу беларускіх чыноўнікаў, якім закрыты ўезд у Еўрапейскі саюз. Пазней дыпламатычныя адносіны былі ўзноўлены.

Нядаўна беларускі пасол выступіў з крытыкай фільма «Жыве Беларусь». «Гэта спроба пасварыць беларусаў і палякаў. Ніводзін з паказаных у стужцы фрагментаў не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнарыя», — заявіў Гайсёнак.

5. Міхаіл Хвастоў — кар’ерны дыпламат. Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «міжнароднае права». Апошнія чатыры гады з’яўляецца Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. Дагэтуль працаваў на пасадзе міністра замежных спраў, паслом у ЗША. Неаднаразова заклікаў Еўрасаюз і ЗША адмовіцца ад санкцый у дачыненні да нашай краіны. На апошнім пасяджэнні ААН у чарговы раз заявіў, што заўвагі адносна парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі надуманыя, а стаўленне краін, якія настойваюць на працягу мандата спецдакладчыка па Беларусі, перадузятае.

 Адар’я Гуштын