<p>Гэта музей для сваіх. Сюды не прадаюць квіткоў, у турыстычных бюро няма яго рэкламак. Хутчэй, гэта калекцыя, выстаўленая з прэзентацыйнымі мэтамі: пабачыўшы яе, кожны зразумее, што за край — Беларусь. Асабліва калі экскурсаводам — сам айцец Надсан</p>

Гэта музей для сваіх. Сюды не прадаюць квіткоў, у турыстычных бюро няма яго рэкламак. Хутчэй, гэта калекцыя, выстаўленая з прэзентацыйнымі мэтамі: пабачыўшы яе, кожны зразумее, што за край — Беларусь. Асабліва калі экскурсаводам — сам айцец Надсан, паведамляе «Наша Нiва»

Гэты музей месціцца ў адным з дамоў сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра імя святога Кірылы Тураўскага. Музей займае другі паверх. У тым самым доме з рыпучымі лесвіцамі на першым паверсе змяшчаецца бібліятэка імя Францішка Скарыны. Тамсама жыве і апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, айцец Аляксандр Надсан.

Вызначыць, дзе сканчаецца бібліятэка і пачынаецца музей, досыць цяжка: кнігі паўсюль. Зрабіць гэта дапамагаюць хіба дыхтоўныя, па ўсіх правілах аформленыя музейныя стэлажы з экспанатамі.

Гэта музей для сваіх. Сюды не прадаюць квіткоў, у турыстычных бюро няма яго рэкламак. Хутчэй, гэта калекцыя, выстаўленая з прэзентацыйнымі мэтамі: пабачыўшы яе, кожны зразумее, што за край — Беларусь. Асабліва калі экскурсаводам — сам айцец Надсан.

1

Агляд невялікага па плошчы музея займае гадзіну. За кожным экспанатам — гісторыя. Унікальныя слуцкія паясы, якіх у музеях Беларусі няма, расказвае Надсан, яму пашчасціла купіць... на «блышыным рынку», у якогасьці габрэя. Падобным чынам прывандравала ў музей і Скарынава Біблія.

2

3

Большасць экспанатаў музея прысвечана ХХ стагоддзю: мапа Беларускай Народнай Рэспублікі, артэфакты ваенных часоў, значкі, шаўроны, грошы незалежнай Рэспублікі Беларусь — ад прадметаў, якія ёсць мала не ў кожным беларускім доме, да нацыянальных святыняў. Такіх, як аўтограф «Кургана» Купалы ці турэмная роба Ларысы Геніюш.

Музей пачынаў збірацца яшчэ тады, калі непахісна стаяў мур між Захадам і Усходам і Беларусь здавалася назаўсёды зняволенай у савецкай імперыі. Беларускія арганізацыі за мяжой засноўвалі людзі, якія не спадзяваліся калісьці вярнуцца, пабачыць родных, што засталіся там, за калючым дротам.

4

Завітайце ў музей, як будзеце ў Лондане. Натхніцеся энергіяй, жыццялюбствам, верай айца Надсана.

Беларускі культурна-рэлігійны цэнтр

Знаходзіцца ў раёне Finchley (Фінчлі) у паўночным Лондане, на скрыжаванні Holden Avenue і Holden Road. Найпрасцей дабрацца метро: паўнoчнай лініяй да станцыі Woodside Park.

5

На аўто: з Паўночнай кальцавой шашы (North Circular) звярнуць на А1000, а потым улева да Tally Ho Corner.

Аўтобусам: 82-м з аўтобусных станцый Victoria або Golders Green; 134-м з Oxford Street — абодвума аўтобусамі да Tally Ho Corner; 221-м з Mill Hill Broadway і 326-м з Brent Cross — да прыпынку Sussex Ring.

6

7

8

Тэкст і фота Сяргея Зініна