https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мінск дарэвалюцыйны, Мінск савецкі, Мінск ваенны... А якім быў горад паміж дзвюма сусветнымі войнамі? <strong></strong></p>

Мінск дарэвалюцыйны, Мінск савецкі, Мінск ваенны... А якім быў горад паміж дзвюма сусветнымі войнамі? Экскурсавод Павел Ма?хінаў, натхніўшыся творамі вядомага пісьменніка і кантрабандыста Сяргея Пясецкага, стварыў незвычайны маршрут. Губляючыся ў рэальных і прыдуманых падзеях, мы прайшлі шляхамі мінскіх злачынцаў 80—90-гадовай даўніны, паведамляе «Звязда».

Чамадан кантрабандыста

Павел Махінаў сустрэў экскурсантаў у стылізаваным строі махляра-інтэлігента-пралетарыя 1920—1940-х гадоў. У адпаведнасці з вобразам, твар паўпрыкрываў капялюш, на руках былі пальчаткі з абрэзанымі пальцамі, а ў руках — чамадан.

— Сяргей Пясецкі апісваў Мінск у творах «Багам ночы роўныя», «Яблычак», «Гляну я ў вакенца», «Ніхто не дасць нам выбаўлення», «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», «Пяты этап», — абвясціў Павел, вобраз якога дапаўняла гаворка, расцягнутая на жаргонны манер. — Усе гэтыя творы зараз перакладаюцца на беларускую і рускую мовы, ёсць у кнігарнях Мінска. Кошт — каля 100 тысяч беларускіх рублёў. Можна зрабіць праз мяне замову — прывязу кантрабандай з-за мяжы.

Першай кропкай экскурсіі стаў ЦУМ — пляцоўка, дзе сёння можна купіць фактычна ўсё. Але, паведаміў Павел, у той час, калі Мінск быў разбураным прыфрантавым горадам, жыхары пакутавалі ад недахопу прадуктаў харчавання, не кажучы ўжо пра прадметы раскошы. Рынкі былі пустыя. Кіло солі абменьвалі на кіло цукру ці масла. Месячнага акладу рабочага не хапала на адзін прыстойны абед. Каб выжыць у такіх цяжкіх умовах, рэчы неабходна было дзесьці даставаць. І тут на першы план выходзілі кантрабандысты, пра якіх Сяргей Пясецкі ведаў не па чутках. Сам пісьменнік быў польскім шпіёнам і таксама займаўся кантрабандай: пераходзіў савецкую мяжу, усталяваную паводле Рыжскай мірнай дамовы, і з Ракава пастаўляў тавары ў Мінск, Дзяржынск, Бабруйск і іншыя памежныя гарады.

1

Адчыніўшы цыркавым жэстам чамадан, Павел пачаў пералік:

— У кантрабандыстаў можна было знайсці... ружы для жанчын, трымайце, — дастаў з чамадана кветку і працягнуў яе дзяўчыне з экскурсантаў. Наступныя прадметы таксама «прайшлі» наглядную дэманстрацыю. — Добры алкаголь і спецыяльныя біклажкі, якія іншы раз выратоўвалі ад стрэлаў у сэрца. Для таго, каб перасячы мяжу, неабходны быў ножык, добры бінокль — каб убачыць чырвонаармейцаў ці міліцыянераў. Пастаўлялі прэзерватывы, добры тытунь у партсігарах, трубкі, цукар, шакалад. Акрамя таго, у кантрабандыста было самае важнае на той момант — розная валюта.

— А за што ж усё куплялі, калі не было грошай? — спытала экскурсантка.

— Ведаеце, шляхі знайсці можна, — разважліва адказаў Павел. — Можна на што-небудзь абмяняць. Вось, напрыклад, гадзіннік у вас добры...

Бандыцкая Камароўка

Акрамя кантрабандыстаў, Мінск міжваенных часоў насялялі і бандыты. «Другі мінскі бандыт» (па словах Паўла, першым быў легендарны Менеск), якога звалі Камар, жыў у раёне сённяшняй Белдзяржфілармоніі. Вядома, што на месцы, дзе цяпер віруе Камароўскі рынак, раней было балота. Натуральна, там вадзілася шмат камароў, і некаторыя звязваюць назву рынка з крылатымі крывасмокамі. Але Павел мяркуе, што назва Камароўкі пайшла менавіта ад мянушкі злодзея, які валадарыў тут.

У Мінск з'язджаліся злачынцы з усёй былой Імперыі: былі тут «прафесіяналы» з Адэсы, Варшавы, Масквы, Кіева, Растова, Петраграда, Вільні. Вышэйшы свет бандытаў, якія жылі на Камароўцы, быў прадстаўлены такімі персанажамі, як Аляксандр Ба?ран, Ясь Нацэвіч, Грозны Ажура, Піліп Лысы, Піліп Жардоня, Янэк Залатыя Зубы, Казік Марэцкі... Сябе яны называлі «клавішнікамі і далінярамі», бо лічылі сваё «мастацтва крадзяжу» вельмі далікатным і вытанчаным.

За філармоніяй, дзе сёння пралягае бульвар імя Мулявіна, знаходзіўся цесны і крывы Бондарскі завулак. На той час гэта была апошняя вуліца дзікага мінскага прадмесця — Камароўкі.

— Хадзіць сюды ноччу было вельмі небяспечна, бо вас маглі папросту... прырэзаць, — паведаміў Павел, зрабіўшы асаблівы націск на апошнім слове.

Бандыты жылі ў драўляных хатах і багацце напаказ не выстаўлялі, а хавалі ўсе свае «чорныя справы» ў Камароўскім балоце.

Ахвярай такіх «спраў» часта станавілася яўрэйская малочная крама, якая знаходзілася на месцы сучаснага салона «Іў Рашэ». Сталічныя злодзеі лічылі, што ўсе яўрэі абрабоўваюць простых людзей, таму нападалі на іх крамы. Уяўляючы сябе «робін гудамі», бандыты імкнуліся пазбавіць заможных ад іх багацця і раздаць яго бедным — гэта значыць, сабе.

З іншага боку, некаторыя яўрэі, акрамя таго, што займаліся законным бізнесам, вялі і «цёмную» дзейнасць. Таму часта злачынцы былі вымушаны з імі супрацоўнічаць. Адным з іх быў Цыпа, які жыў на Нямізе.

— У Цыпы, — апавёў экскурсавод, — можна было задаволіць любы інтарэс: купіць фальшывыя і сапраўдныя долары (за дваццаць фальшывых давалі шэсць сапраўдных), набыць пашпарт любой краіны, какаін і морфій, здабыць неабходныя для крадзяжу і злачынства прылады.

Калі прыйшлі «таварышы»...

Калі да ўлады прыйшлі бальшавікі, яны сутыкнуліся з праблемай жылля. Булгакаўскі Воланд казаў, што масквічоў сапсавала жыллёвае пытанне. Тое самае можна было сказаць і пра мінчан. Павел Махінаў прывёў статыстыку:

— У 1922 годзе ў Мінску пражывала толькі 102 тысячы чалавек. У 1935 годзе — ужо 200 тысяч, а ў чэрвені 1941 года — каля 300 тысяч чалавек.

Адпаведна, трэба было забяспечыць усіх гэтых людзей жыллём. Таму ў той час «у трэндах» трэба было будаваць дамы-камуны. Адзін з такіх дамоў стаў чарговай кропкай нашага кантрабандна-бандыцкага маршруту. Сёння ён стаіць уздоўж праспекта Незалежнасці, недалёка ад плошчы Якуба Коласа. Апроч гэтага, дамы-камуны ў Мінску захаваліся ў раёнах Інстытута культуры і Траецкага прадмесця. Павел распавёў:

— Цэны на жыллё ў дамах-камунах былі наступныя: для рабочых, якія атрымлівалі менш за 20 рублёў, арэнда складала 5,5 капейкі за квадратны метр. Для тых, хто атрымліваў 50 рублёў, жыллё каштавала 18 капеек. Для нэпманаў арэндная плата была яшчэ вышэйшай.

Акрамя будаўніцтва дамоў-камун жыллёвае пытанне вырашалася і куды больш проста.

— Паводле Пясецкага, высяленне «буржуяў» з патрэбных памяшканняў рабілася такім чынам, што апошніх адпраўлялі ў вязніцу, а пасля — на Камароўку для знішчэння (цяпер гэта раён парка Дружбы народаў). Затым улады маглі «ачысціць» жытло ад срэбра, золата і ўсяго каштоўнага, а пасля за вялікі хабар аддаць жыллё таму, хто яго дамагаўся.

Спачатку бандыты не маглі нават уявіць сабе такога развіцця падзей і з нецярпеннем чакалі прышэсця новай улады.

— «Прыйдуць «таварышы» — новае жыццё пачнецца! Красці не трэба будзе, кожнаму працу дадуць, усе будуць жыць у шчасці!» — працытаваў Павел Махінаў бандыцкія спадзяванні.

Але «таварышы» прынеслі свае парадкі, зусім неспрыяльныя для злачынцаў. Зладзейскі свет стаў ахвярай улады бальшавіцкай структуры, а шарм міжваеннага Мінска знік пад цяжарам дыктатуры пралетарыяту.

Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота аўтара


https://www.traditionrolex.com/8