<p>Вандроўнікі, якія ў пошуках сонца даехалі аўтаспынам да Малайзіі, параўноўваюць Беларусь з Паўднёвым Усходам і разбураюць стэрэатыпы пра Іран і Чачню</p>

Амаль два гады таму беларускія вандроўнікі Жэня і Верасень ужо аб’ехалі палову зямнога шара падчас падарожжа “З табурэтам да акіяна”.

За гэты час яны праехалі аўтаспынам 30 тысяч кіламетраў па 14 краінах Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, пабраліся шлюбам у Нью-Ёрку і вывучылі некалькі моў.

Па вяртанні ў Беларусь вандроўнікі набылі дом у вёсцы, але ўжо праз некаторы час зноў з’ехалі ў падарожжа. Гэтым разам — аўтаспынам праз Паўднёвы Усход у Аўстралію.

Вырашылі паехаць за сонцам, а знайшлі яго толькі ў Індыі

Еўрарадыё: Распавядзіце, як вы планавалі падарожжа і ці складалі маршрут?

Жэня: Мы складалі маршрут ужо ў дарозе. У гэтым падарожжы нас было трое — мы з Вераснем і наш сябар украінец, які з намі падарожнічаў і па Амерыцы. Мы ўжо выехалі з Беларусі, даехалі да Кіева, і толькі тады разам з нашым сябрам узялі мапу і паглядзелі: “Ага, куды нам можна паехаць?” Мы ведалі, што паедзем кудысьці на Паўднёвы Усход. Але не ведалі дакладна, якім шляхам, ды дзе мы скончым падарожжа. Спачатку думалі праехаць праз Казахстан, Узбекістан, а пасля вырашылі, што паедзем больш на Поўдзень праз Іран. Ехалі як едзецца, і дабраліся да самай паўднёвай кропкі Еўразіі Малайзіі — ды вярнуліся назад.

Еўрарадыё: Не сядзіцца вам у Беларусі. Ці хацелася прыгадаць адчуванні пасля амерыканскіх прыгодаў?

Верасень: Стала халадаць, захацелася крыху сонейка. А сонейка — на Поўдні! Таму вырашылі паехаць за сонцам, а як стала цяплець тут — вярнуліся.

Жэня: Але мы крыху спазніліся. Прыязджаем мы, напрыклад, у Грузію, і нам кажуць: “Вось яшчэ тры дні таму было цёпла, а цяпер акурат халады насталі!" Прыязджаем у Арменію: “Ой, ну толькі ўчора яшчэ сонца свяціла, а цяпер ужо снег ідзе!” Калі мы прыехалі ў Турцыю, там ужо ўвогуле былі сумёты снегу ў гарах. У Іране былі завірухі. І толькі ў Індыі мы нарэшце знайшлі сонца.

Аказалася, што цяпер мамы не спяваюць калыханкі

1

Еўрарадыё: У Амерыку вы накіраваліся з табурэтам, які давезлі аж да Мыса Горн. Ці была ў вас цяпер нейкая мэта?

Жэня: Мы ехалі з інструментамі, як і ў мінулым падарожжы. Спявалі беларускія песні і збіралі фальклор іншых краін. Думалі збіраць калыханкі, але так аказалася, што калыханкі цяпер мамы не спяваюць.

Мамы працуюць, або, калі спяваюць — то проста якую-небудзь самую простую мелодыю. Хаця мы спецыяльна вывучылі калыханку, спявалі яе ў дарозе, а нам так ніхто і не спеў! Затое спелі іншыя песні. А так, каб браць што-небудзь з сабой… Мы вырашылі: “Ды ну яго! І так хапае рэчаў”.

Еўрарадыё: Ці можна было зарабіць грошы, спяваючы песні ў краінах Паўднёвага Усходу? Падаецца, што там усе так зарабляюць...

Верасень: Я думаю, што ігрой на музычных інструментах можна зарабіць грошы. Але нейкія невялікія. Гэта як у Беларусі — здаецца, грошай многа, паперак, але набыць за іх можна мала. Таму асаблівага сэнсу ў такой працы няма. Мы гралі для задавальнення — за ежу, за начлег.

Жэня: У Азіі нават не даводзілася шмат граць. Таму што ў Амерыцы мы гралі нон-стоп і спявалі з раніцы да вечара — у адной машыне, у другой, трэцяй. Ці калі шукалі начлег. А ў Азіі, асабліва на Каўказе, нават спяваць не даводзілася — нас усе цягнулі за рукі-ногі да сябе дамоў, кармілі і паілі. Таму спявалі для свайго задавальнення, а не для таго, каб нам штосьці за гэта было (смяюцца).

У амбасадзе нам 2 гадзіны “чыталі лекцыю” пра тое, як небяспечна ехаць у Пакістан

2

Еўрарадыё: Ці былі ў вас нейкія праблемы з атрыманнем віз?

Верасень: Ужо напрыканцы нашага падарожжа здарыўся адзін такі выпадак, калі мы паехалі ў Сінгапур. Мы думалі, што нам не патрэбная віза ў гэтую краіну, але аказалася, гэта не так. І калі мы прыехалі ў Сінгапур, нас адправілі назад — нібыта дэпартавалі. Але ўсё гэта было вельмі міла.

Жэня: Было цяжка атрымаць іранскую візу. Мы спрабавалі зрабіць яе ў Арменіі, але, аказалася, там вельмі бюракратычная амбасада. Там нам сказалі, што візы робяць толькі армянам, хоць яны грамадзянам Арменіі ўвогуле не патрэбныя. І прапанавалі нам рабіць візы праз турыстычнае агенцтва, дзе яны каштавалі вельмі дорага. Таму мы звярнуліся па дапамогу праз нейкі сайт, які мусіў заняцца нашай візай. Як толькі мы заплацілі за паслугі, яны сказалі, што віза будзе рабіцца мінімум 45 дзён! Мы вырашылі, што сядзець у Арменіі 45 дзён мы не будзем, наплявалі на грошы і вярнуліся ў Грузію. І там, у амбасадзе ў Батумі, нам без усялякіх праблем зрабілі візу.

3

Была яшчэ вельмі цікавая гісторыя з пакістанскай візай. Мы планавалі трапіць у Індыю і Іран праз Пакістан — то бок, па зямлі, а не самалётам. Апынулася, што пакістанскую візу можна атрымаць толькі ў сваёй краіне, то бок у Беларусі. Але калі мы хочам атрымаць яе ў іншай краіне, як у Іране, нам трэба звярнуцца ў Амбасаду Беларусі ў Іране, каб яны ў сваю чаргу звярнуліся ў Амбасаду Беларусі ў Пакістане. А тыя ўжо мусілі звярнуцца ў МУС Пакістана, каб яны напісалі, што дазваляюць выдаць нам візу. І гэтак далей па ланцужку.

Мы пайшлі ў Амбасаду Беларусі, дзе нам 2 гадзіны чыталі лекцыю пра тое, як небяспечна ехаць у Пакістан. Мы сказалі, што ўсё гэта ведаем і звярнуліся да іх па візу. На гэта нам адказалі, што Амбасады Беларусі ў Пакістане няма, а з Амбасадай Расіі яны не супрацоўнічаюць і прапанавалі напісаць прашэнне, па якім бы ў Беларусі пацвердзілі, што мы — гэта мы. Толькі пасля мы даведаліся, што беларускі пасол у Іране выконвае абавязкі беларускага пасла ў Пакістане. Карацей, нас падманулі.

Гэта ўсё магло зацягнуцца вельмі доўга, і мы вырашылі не займацца гэтымі дурнымі бюракратычнымі праблемамі, а паляцець у Індыю з Ірана.

У Іране нас з табой за гэта пабілі б палкамі

4

Еўрарадыё: За якія грошы можна пражыць на Паўднёвым Усходзе?

Жэня: Мы назбіралі крыху грошай перад падарожжам. Наш месячны бюджэт складаў прыкладна 150 долараў. Гэта не шмат, але ў падарожжы гэтага дастаткова, калі не жыць у гатэлях, не ездзіць на аўтобусах, а карыстацца аўтаспынам і начаваць у мясцовых людзей.

Верасень: Можна жыць і ўвогуле без грошай у кожным падарожжы. Распавяду пра гэта на платным семінары (смяюцца)

Еўрарадыё: Што вас больш за усё ўразіла падчас гэтай паездкі?

Верасень: Па шчырасці, я ўжо не ведаю, што адказваць на гэтае пытанне. Я магу адказаць, што мне ўвогуле падабаецца ў іншых краінах — там іншага колеру неба і гэта тое, чаго нас увогуле ніколі не ўбачыш. Што зоры і месяц павернутыя ў іншы бок. І ўвогуле, іншыя колеры. Мы прывыкаем да таго, што ў нас над галавой адзін колер — блакітны. І гаворым — неба блакітнае! У іншых краінах — неба розных колераў, іншыя зоркі і сузор’і. Вось гэта мяне і здзіўляе. Неба над пустыняй зусім па-іншаму свеціць, а роднае неба таксама роднае.

5

Я раней глядзеў амерыканскія фільмы і думаў — вось гэта да, якая карцінка! Калі я падрос, то вырашыў, што ўсё гэта — такі фаташоп для кіно. А пасля высветлілася, што гэта ўсё сапраўднае, і так неба свеціць. Бліжэй да экватара — амаль няма прыцемкаў: сонца ўпала і ўсё, яго няма. А ў нас прыцемкі па тры гадзіны. Але калі доўга гэтага не бачыш — то зноў сумуеш і гэта зноў нібы цуд.

Вельмі цікава знаёміцца з новымі людзьмі. Вось былі мы ў Іране — краіне з 2000-гадовай гісторыяй. І, напрыклад, мы з табой цяпер сядзім удвох і размаўляем, а ў Іране гэта было б супрацьзаконна. За гэта цябе і мяне павінны пабіць палкамі — таму што ты не мая жонка, і ты сядзіш без мужа. Таму хлопцу і дзяўчыне нельга сядзець побач, калі яны не жанатыя. Зойдзе рэлігійная паліцыя і паб’е.

Я вось неяк ішоў па вуліцы Мінска, гляджу — парачкі сядзяць, цалуюцца. Па сутнасці, у нас толькі з бел-чырвона-белым сцягам нельга выходзіць на вуліцы, а так — рабі, што хочаш.

Моладзь у Іране размаўляе па-англійску і выглядае, як амерыканскія падлеткі

6

Еўрарадыё: Такую “дысцыпліну” вы сустрэлі толькі ў Іране?

Верасень: За гэты час мы былі ў двух краінах з дыктатарскім рэжымам: у Чачні і ў Іране. Гэтыя краіны нечым падобныя на Беларусь. Калі там знаходзішся, то разумееш, што няма сэнсу жыць несвабоднымі. Лічы, што няма гэтага жыцця. І яго не застанецца ні для цябе, ні для гісторыі, ні для дзяцей. Мы застанемся як фотаздымкі, якія могуць быць яркімі, але бессэнсоўнымі. Няма ніякага сэнсу жыць без свабоды. Я, праўда, не ведаю, як гэта змяняць, бо ў гэтых краінах ужо адбывалася шмат пратэстаў.

Яшчэ мяне здзівіла, што грамадзянам Ірана нельга нікуды выязджаць, акрамя Пакістана, Афганістана і Турцыі. Да іх таксама амаль ніхто не прыязджае, таму што вельмі складана атрымаць іранскую візу, ды і ўсе баяцца ехаць у Іран, таму што гэтая краіна мае дрэнныя дыпламатычныя адносіны з ЗША. Але ўся моладзь у Іране размаўляе па-англійску і выглядае, як амерыканскія падлеткі. Я ўвесь час гэтаму здзіўляўся, бо ім жа няма з кім размаўляць на гэтай мове! І я нават не ведаю, ці вучаць яны англійскую мову ў школах.

Калі я пытаўся ў іранскіх падлеткаў пра гэта, яны адказвалі, што размаўляюць адзін з адным дома. І мне згадалася, як мы падлеткамі таксама спрабавалі размаўляць па-англійску дома, але гэтага хапіла на 2 разы. Мы нават пасля школы не гаворым па-англійску! У краіне, дзе нават проста прайсціся з дзяўчынай па вуліцы, калі вы не жанатыя, нельга — столькі імкнення і веры ў нешта.

Еўрарадыё: Вам даводзілася даказваць, што вы — муж і жонка?

Верасень: Недаверлівых людзей паўсюль хапае. “Бюракраты” у нас пыталі пасведчанне пра заключэнне шлюбу, тады я паказваў.

У Індыі не ведаюць, што такое суботнік. А Грозны вельмі падобны на Мінск.

7

Еўрарадыё: Як жывуць людзі ў іншых краінах, якія вы наведалі?

Верасень: Па-рознаму: у Індыі жывуць вельмі бедна і брудна. У іх вельмі шмат розных рэлігій і вераванняў. Там цёпла, танна і брудна, і там вельмі шмат людзей — мільярд дзвесце! Яны не ведаюць, што такое суботнік. Але затое там людзі ўсміхаюцца. У нас вось чыста, а ўсе панурыя ходзяць.

Жэня: Я насамрэч зразумела, што для мяне гэта вялікая праблема — бруд. Я раней неяк пасмейвалася з тых замежнікаў, якія прыязджалі ў Беларусь і захапляліся чысцінёй нашай краіны. А цяпер думаю: о, не, калі б у нас было так брудна, як у Індыі, я лепш бы жыла з дыктатурай, але каб чыста, чым у такім брудзе. Тут хаця б дыхаць можна нармальна ў прамым сэнсе. У Індыі мне даводзілася пастаянна затыкаць нос — паўсюль смярдзіць, паляць пластык.

Еўрарадыё: Такія ўражанні ў вас выклікаў Поўдзень Індыі?

Верасень: Гэта паўсюль! Увогуле, па Індыі можна не падарожнічаць, таму што там усе адно і тое ж. Розная рэлігіі, храмы, але калі ты прыязджаеш цягніком з пункта А ў пункт Б, не заўважаеш асаблівай розніцы.

8

Малайзія

А ўвогуле, вельмі чыста было ў Чачні! Грозны вельмі падобны на Мінск: чыста, прыгожа, пуста і паўсюль партрэты Рамзана Кадырава. Проста пусты горад! Людзі ёсць, але ніхто не захапляецца гэтай прыгажосцю, не карыстаецца ёй.

Жэня: Вельмі цікавая краіна — Тайланд. Гэта адзіная краіна на нашым шляху з усіх, дзе нам даводзілася быць, дзе людзям падабаецца іх улада. Яны вельмі любяць свайго караля. Яны нават гавораць не “наш кароль”, а “мой кароль”. Усюды вісяць яго партрэты, але гэта не загад — яны рэальна ім захапляюцца і кажуць, што ён сапраўды вельмі добры чалавек і вынаходнік. Напрыклад, у Тайландзе кароль аплачвае 60% першага аўтамабіля. Ну як не любіць такога караля?!

Верасень: У Тайландзе ўвогуле няма такога класа — пешаход. Калі ты ідзеш па вуліцы, на цябе дзіўна глядзяць не таму, што ты па-іншаму выглядаеш і ў цябе іншы колер скуры, разрэз вачэй, а проста таму, што ты ідзеш пешшу, і яны не разумеюць, навошта. Ва ўсіх ёсць ці матацыкл, ці скутар, ці машына з мінімальным прабегам. Я амаль не бачыў старых машын — прабег пяць—дзесяць тысяч кіламетраў.

Жэня: І ўсе людзі такія шчаслівыя! Так усміхаюцца, заўсёды дапамагаюць! Там у нас быў выпадак, калі нас падвезлі 150 кіламетраў да мора, хоць людзям у той бок не трэба было ехаць. Проста яны хацелі нам дапамагчы. Запыталіся ў нас, куды мы едзем. Мы адказалі, што на мора і што яны нас могуць зусім крышачку падвезці. А яны нас давезлі літаральна на пляж, высадзілі на пяску і сказалі: “Ok, good bye” і паехалі назад.

У Іране жанчыны хаваюць валасы і твар, а дома ходзяць у міні-спаднічках і маечках на брытэльках. У Індыі — ніводнай прыбіральні на сотні кіламетраў.

9

Арамболь, Гоа

Еўрарадыё: Наколькі супалі вашы чаканні ад гэтага падарожжа з тым, што вы знайшлі?

Жэня: Ну, вось, з Індыяй мае чаканні не супалі. З таго, што я чула пра Індыю, гэта мусіла быць нейкая вельмі цудоўная краіна. Насамрэч, мне туды больш не хочацца вяртацца, пакуль там будзе такі бруд. Хаця людзі там сапраўды добрыя. З Іранам таксама не супалі чаканні, таму што я баялася гэтай краіны, думала, што там жывуць тэрарысты і ўсё жорстка. А аказалася, там нармальныя людзі, проста знешне такая абалонка: жанчыны на вуліцы хаваюць валасы і твар, а дома ходзяць у міні-спаднічках і маечках на брытэльках. Такога я ніяк не чакала ад Ірана.

Еўрарадыё: Куды б яшчэ вы хацелі паехаць?

Жэня: Хочацца трапіць у Пакістан і Афганістан — краіны, у якія мы не трапілі. Людзі, якія там былі, адгукаюцца пра іх вельмі добра. Я разумею, гэта як з Іранам: спачатку баішся, а аказваецца — дарма. Ці, напрыклад, як калісьці было ў Гватэмале: ніхто асабліва не ведае пра гэту краіну, турысты туды не едуць, а прыязджаеш — там такі рай!

У Іран я б хацела яшчэ раз трапіць, хаця б дзеля таго, каб давучыць фарсі. Гэта вельмі прыгожая мова, якую я пачала там вучыць. Мне хочацца яшчэ раз туды паехаць, хаця б яшчэ трошку патусавацца і папрактыкаваць мову.

Верасень: Што тычыцца маіх чаканняў… Ведаеш, ёсць такія папулярныя месцы, пра якія часта чуеш і ўжо хочацца заехаць туды і паглядзець, ці праўду кажуць. І ў многіх ёсць такая мара і меркаванне, што калі ты паспяховы чалавек, то з’едзеш з Беларусі ў Маскву. А калі ты будзеш паспяховым у Маскве, заробіш шмат грошай і паедзеш на Гоа. А там — рай. Такі стэрэатып пра Гоа быў і ў мяне. А на практыцы Гоа аказваецца вялікім наркапрытонам з пляжам для людзей, якія не могуць знайсці сябе і прыязджаюць за таннай экзотыкай у Індыю.

Жэня: Але, тым не менш, Гоа — гэта ледзь не найлепшае месца ў Індыі з тых, дзе мы былі. Як раз такі таму, што там ёсць турысты. Там хаця б ёсць прыбіральні ў кавярнях! Бо ў іншых месцах няма ніводнай прыбіральні на сотні кіламетраў. І ўсюды людзі! Нават няма дзе схавацца! Дзякуй Богу, калі знойдзеш якое кукурузнае поле (смяюцца).

10

Еўрарадыё: Ці прывезлі вы якія-небудзь рэцэпты экзатычных страваў, якія будзеце спрабаваць прыгатаваць тут для сяброў?

Жэня: Мне спачатку вельмі гэтага хацелася, тым больш, што я люблю вегетарыянскія стравы, а ў Індыі іх вельмі шмат. Таму я хацела прывезці адтуль нейкія рэцэпты. Але пасля двух месяцаў у Індыі гэтая ежа мне так абрыдла! Ды і дагэтуль яна асацыюецца ў мяне з брудам. Таму цяпер мне хочацца толькі беларускай бульбачкі і капустачкі.

Верасень: Калі з пазітыўнага, то ў Грузіі мы пакаштавалі дамашні хлеб, які пякуць у спецыяльнай печы — тандыры.І мне таксама захацелася зрабіць такую печ дома, бо наш хлеб, які прадаюць у крамах, есці ўжо немагчыма.

Еўрарадыё: Што ж атрымалася з Аўстраліяй? Ці паедзеце вы ў гэтую краіну ці ўжо вырашылі змяніць накірунак, напрыклад, у бок Афрыкі?

Жэня: Гэтым разам мы не паспелі даехаць да гэтай краіны: трэба было вяртацца дамоў, саджаць агарод. Але мы вырашылі, што наступнае падарожжа пачнём з Аўстраліі. І там акурат добрая сітуацыя з зарабляннем грошай! Таму можна спачатку зарабіць грошай і далей ужо падарожнічаць і падымацца ўверх: Інданезія, Філіпіны, Кітай, Манголія, Расія і дадому!

Фота: з асабістага архіву вандроўнікаў