https://www.traditionrolex.com/8
<p>Можна сказаць, што Мінск стаў своеасаблівай стыхіяй для самапазнання мастака. Ён акунуўся ў яе, як толькі выйшаў з аэрапорта. “Я ўбачыў вельмі герметычную краіну”, — узнаўляе ён свае першыя ўражанні ад Беларусі і — зноў апісвае той самы “безыменны натоўп”, які ён спачатку намаляваў на палатне. Не хочацца быць прадказальнай, але так, паступова, мінчане, беларусы пачалі адкрывацца Давіду, і ён убачыў людзей з адметным характарам (і, адпаведна, пэўнымі колеравымі спалучэннямі), людзей, што здолелі паўплываць на ягоную свядомасць, людзей, якія жывуць у палоне радасці і болю</p>

На сцяне — вялізнае палатно, на якім намаляваны натоўп людзей. Яны гамоняць паміж сабой, спрачаюцца, размаўляюць, маўчаць, рухаюцца кудысьці… Гэта невядомыя маса, краіна, але пакрысе шэрая (чужая) прастора і яе насельнікі пачынаюць набываць колеры ды аб’ём. Яны становяцца “бачнымі”, зразумелымі, трошкі блізкімі… “Фабулы” — так называецца карціна, якую можна лічыць галоўнай на выстаўцы каталонскага мастака Давіда Калаў Жэнэ. “Фабулы” — вось што мы бачым у жывапісным люстэрку Давіда пра сябе і сваю краіну ў экспазіцыі, якая працавала ў Гарадской мастацкай галерэі Шчамялёва, паведамляе "Культура".

Стыхія Мінска

Можна сказаць, што Мінск стаў своеасаблівай стыхіяй для самапазнання мастака. Ён акунуўся ў яе, як толькі выйшаў з аэрапорта. “Я ўбачыў вельмі герметычную краіну”, — узнаўляе ён свае першыя ўражанні ад Беларусі і — зноў апісвае той самы “безыменны натоўп”, які ён спачатку намаляваў на палатне. Не хочацца быць прадказальнай, але так, паступова, мінчане, беларусы пачалі адкрывацца Давіду, і ён убачыў людзей з адметным характарам (і, адпаведна, пэўнымі колеравымі спалучэннямі), людзей, што здолелі паўплываць на ягоную свядомасць, людзей, якія жывуць у палоне радасці і болю.

Няхай экспрэсіўная манера мастака не падманвае гледача: перад намі — не фармальныя абстракцыі, а цалкам канкрэтныя выявы — людзей, персанажаў, абліччаў, якія Давід абраў для мастацкага пераўтварэння. Напрыклад, Бабуля, што прадае цюльпаны, — у экспазіцыі гэтая работа (і шматлікія іншыя) прадстаўлена ў выглядзе інсталяцыі: жывапіснае палатно з выявай старой жанчыны дапаўняюць слоікі з жоўтымі кветкамі, што стаяць побач на падлозе. Маці Божая: гэта лікі праваслаўных ікон, сабраных у адну выяву; ля жывапіснага палатна-іконы гараць свечкі, ствараючы своеасаблівае сакральнае месца. Гэта і двайны патртэт Незнаёмца: за першай карцінай, на якой выяўлены твар-маска чалавека, знаходзіцца другая, што сімвалізуе “сапраўдны” (але ці сапраўдны ён?) стан героя. Гэта і Дзяўчына, якая плача: ейныя слёзы — у выглядзе белых вяровачак, прывязаных да работы, — “цякуць” проста на падлогу… Мы знаходзімся ў цэнтры своеасаблівага горада, дзе насустрач нам ідуць вядомыя персанажы, і ў кожнага з іх — свае турботы, радасці, смутак...

1

Давід, нібыта прабіваючыся праз уласныя “палярныя” перажыванні, бачыць і святло, і, адначасова, боль у тварах мінчан. З аднаго боку, ягоны позірк спыняецца на чымсьці экзатычным для яго культуры, з іншага — ён, нібыта праколваючы гэтую “экзатычную паверхню”, бачыць за ёй штосьці блізкае і дарагое яму. Яскравыя колеры, імпульсіўная манера няхай не ўводзяць публіку ў зман, прапануючы для трактоўкі творчасці Давіда пракладзены шлях “гарачага” каталонскага жывапісу: у выпадку выстаўкі “Фабулы” — гэта споведзь і пошук, гэта — спачуванне, гэта — энергія, што выпраменьваецца і праламляецца, шукаючы свайго адрасата.

Прынцыпова беларускія

У шматлікіх інтэрв’ю Давід Калаў Жэнэ казаў пра выкарыстанне прынцыпова беларускіх матэрыялаў для стварэння работ: фарбаў, лёну, на якім ён пісаў свае карціны, цэлафанавай плёнкі. Але мне падаецца, што гэтыя дэталі — усё адно дапасаванне да галоўнага: да стварэння аблічча горада, яго духу, які ён увабраў праз уласныя мастакоўскія поры.

2

Што яшчэ можна дадаць? Лічу, значнай перашкодай для ўспрыняцця работ каталонскага творцы з’яўляецца адсутнасць прасторы, якая неабходна для падобнага жывапісу. Палотны Давіда насычаны энергетыкай, колерамі, і для іх разгляду важна пэўная дыстанцыя. Хочацца спадзявацца, што новыя пляцоўкі, на якіх далей будзе экспанавацца выстаўка (вядома, што “Фабулы” плануецца павезці ў Гомель, а потым і ў Кіеў), выправяць гэты недахоп.

Давід Калаў Жэнэ — пра “Фабулы”: "Я пісаў гэты твор тры месяцы. Пачаў адразу як прыехаў у Мінск — у сакавіку, а скончыў — толькі ў маі, напярэдадні выстаўкі. Гэта карціна пра тое, што анёл падае ад болю, але потым падымаецца на ногі. У ёй — гісторыя кожнага гараджаніна, якога я сустрэў тут: ад мастакоў да цалкам незнаёмых людзей. Так, карціна пачыналася з шэрых тонаў, але паступова я атрымліваў натхненне ад людзей, і яна стала каляровай…"

Натуральна, што, працуючы над сабой, Давід, між іншым, праз свой “позірк Іншага” паказаў і нам тыя нечаканыя сполахі колеру на шэрым невыразным фоне будняў.

Тэатр аднаго Мастака

У экспазіцыі “Фабулы” ёсць скульптура: чалавек, створаны з, лічы, сярэбранай сеткі, вакол якога рассыпаны “ўлоў” з фатаграфій, — так убачыў Давід свайго калегу, фотамастака Данііла Парнюка, які цягам трох месяцаў прабывання ў Мінску каталонскага аўтара, дакументаваў на фотаплёнку яго творчае жыццё.

Гаворка ідзе пра працу ў майстэрні, дзе Давід літаральна стварае рытуал напісання жывапісных твораў. Данііл, апісваючы гэты працэс, выкарыстоўвае слова “тэатр”. “Я бачыў яго як своеасаблівую марыянетку, інструмент, праз які праходзяць абліччы на палотны, — кажа вядомы фатограф. — Давід  — як провад, па якім цячэ ток высокага напружання”.

3

Гэты пластычны або нават сакральны танец творчасці Данііл і захаваў у фатаграфіях у выглядзе чорна-белай серыі. Тут мы можам убачыць мастака ў момант роздуму, прыгожым парыве, у маўчанні, можам прасачыць, як узнікаюць, праступаюць лікі на тых самых ільняных палотнах. Гэты сапраўды тэатр, але — той, які звычайна знаходзіцца “за кулісамі”, пра які часам мы толькі здагадваемся.

Данііл, ветліва саступаючы на выстаўцы першае месца Давіду, стварае адмысловы міф вакол каталонскага аўтара. У той жа час, фатограф знаходзіць у самааданым рытуале Давіда пагалосак творчых пакут усіх мастакоў — без прыналежнасці да пэўнай нацыі, плыняў ды відаў мастацтва. Гэтым і цікавая серыя, што ў ёй магчыма ўбачыць, улавіць, адчуць таямніцу творчасці кожнага Мастака на прыкладзе працы канкрэтнага творцы, не прымяншаючы яго адметнасці ды ўнікальнасці.

— Безумоўна, Давід — гэта той мастак, які на кожнага робіць рознае ўражанне, — дзеліцца вопытам супрацоўніцтва Данііл. — Але тое, што ён незвычайны — не падлягае сумневу. Ягоную адметнасць апісаць цяжка, але ён можа змяняць прастору магічным чынам. Змяняецца ўсё: атмасфера, настрой, час, — бо ён прыўносіць нешта такое, да чаго нельга дакрануцца, але гэта выклікае надзвычай прыемныя эмоцыі. У яго няма добрага ці дрэннага — у ім усё ўзаемадзейнічае, ён усё прымае і злучае…

Пабачыць фотадакументацыю Данііла Парнюка сёння магчыма на выстаўцы “Фабулы”, але спадзяёмся, што праект беларускага аўтара атрымае далейшае, асобнае, творчае жыццё.

На здымках: адна з работ Давіда, напісаная ў Мінску; судакрананне каталонца з беларускай прыродай; Давід прыняў удзел у суботніку, расфарбаваўшы сцяну ў сталічным дзіцячым садку.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота Данііла ПАРНЮКА

https://www.traditionrolex.com/8