<p>У суботу, 22 чэрвеня, арганізатар вядомага Фэста экскурсаводаў Цімох Акудовіч прэзентаваў экскурсійны маршрут па мясцінах паўстання 1863 года. З дзясятак удзельнікаў першай экскурсіі праехаліся праз такія месцы як Плябань, Латыголь, Вялікая Сэрвач, Даўгінава, Альковічы, Уладыкі і Малыя Бесяды. Маршрут падрыхтаваны пры падтрымцы міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь", а тэкст экскурсіі ўжо адпраўлены ў Нацагенцтва па турызму. Ёсць спадзяванне, што праграма будзе ўключана ў агульны спіс афіцыйных беларускіх экскурсійных маршрутаў</p>

У суботу, 22 чэрвеня, арганізатар вядомага Фэста экскурсаводаў Цімох Акудовіч прэзентаваў экскурсійны маршрут па мясцінах паўстання 1863 года. З дзясятак удзельнікаў першай экскурсіі праехаліся праз такія месцы як Плябань, Латыголь, Вялікая Сэрвач, Даўгінава, Альковічы, Уладыкі і Малыя Бесяды. Маршрут падрыхтаваны пры падтрымцы міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь", а тэкст экскурсіі ўжо адпраўлены ў Нацагенцтва па турызму. Ёсць спадзяванне, што праграма будзе ўключана ў агульны спіс афіцыйных беларускіх экскурсійных маршрутаў.

Аўтарам экскурсіі з’яўляецца Цімох Акудовіч і яго творчая каманда. Ідэя належыць Васілю Грыню. Сутнасць праграмы у тым, каб паглядзець на гістарычныя падзеі 1863-64 гадоў як мага падрабязней і з розных бакоў. Дарэчы, на канец ліпеня краязнаўца са Слоніму Дзяніс Юрчык рыхтуе 2-ю серыю з цыкла краязнаўчых экскурсій, прысвечаных паўстанню 1863 года. Абедзьве экскурсіі адрозніваюцца ад сучасных хутка-анімацыйна-забаўляльных паездак сур’ёзным і грунтоўным метадычным і навуковым падыходам. Вынікі работы – два метадычных дапаможніка, распрацаваныя па правілах афармлення экскурсіі, з ілюстрацыйным матэрыялам, якія перададзены ў НАТ для распаўсюджвання паміж айчыннымі экскурсаводамі. А першымі турыстамі разлічанай на 7 гадзін экскурсіі сталі беларускія гісторыкі, калегі-экскурсаводы, у тым ліку і журналіст TIO.BY.

Па-першае, трэба адзначыць, што рэгіён, дзе праводзілася экскурсія, не вельмі аблюбаваны турыстамі. Але маршрут спецыяльна складваўся так, каб пазнаёміць беларусаў з важнымі месцамі ў гісторыі краіны. Маршрут па адлегласці не вельмі далёкі, у суме выходзіць каля 250-ці кіламетраў.

Пачынаецца экскурсія з Мінска. Як адзначае экскурсавод, усе гістарычныя інтерпрэтацыі маюць свае хібы. Таму, каб зрабіць экскурсію гістарычна найбольш дакладнай, Цімох Акудовіч выкарыстоўвае ў экскурсіі вельмі шмат дакументальных сведак, успамінаў і біяграфій.

У Беларусі паўстанцкія працэсы пачыналіся ўжо ў 1862 годзе. У Мінску адкрылася першая фотамайстэрня, уладар якой – Антон Прушынскі – пачаў фатаграфаваць жыхароў Мінска ў сялянскіх жупанах. Нашэнне жупаноў лічылася тады адзнакай рэвалюцыйнасці. Насіць іх проста на вуліцы людзі баяліся, але прыходзілі ў фотастудыю, іх фатаграфавалі і потым рассылалі гэтыя фота ва ўсе куткі Беларусі, каб паказаць, што паўстанне пачынаецца.

Паўстанне ўзнікала паступова. Шмат хто марыў пра аднаўленне старых традыцый, Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне 1850-х гадоў сітуацыя накалілася. Дэманстрацыі адбываліся ўсё часцей. Пры гэтым рускі ўрад спачатку ўзяў такую пазіцыю, каб не чапаць паўстанцаў. Тым часам людзі актыўна сыходзілі ў падполле і пачыналі рыхтаваць паўстанне.

У гэты час быў абвешчаны шэраг рэформаў. Але разам з пернікам ўлады вырашылі выкарыстаць і кнут. Яны разумелі, что галоўнымі сіламі паўстання з’яўляецца моладзь, таму выдалі спіс, па якім у рэкруты мусілі забраць каля 12 000 чалавек. Гэта было нарушэннем ўсіх норм і законаў. Бо звычайна ў рэкруты можна было забіраць не больш за 1 000 ці 2 000 чалавек. Таму, каб не ісці ў рэкруты, моладзь пачала сыходзіць у лясы.

Пачатак паўстання ў Беларусі быў адкладзены да вясны. А першая бітва адбылася недалёка ад вескі Плябань – першага прыпынку падчас экскурсіі.

IMG_20130622_100547

Калісьці даўно па гэтым месцы праязджаў пан. Але ягоная павозка загразла ў траве. Коні сталі і не хацелі ісці далей. Людзі ў тыя часы ўспрымалі гэта па-свойму, і пан вырашыў, што гэта знак для таго, каб пабудаваць тут храм. Ён пабудаваў касцёл у сярэдзіне XIX стагоддзя. Касцёл належыў католікам да паўстання 1863 года. Не зусім дакладна вядома, што тут адбывалася. Але па рапартах расійскіх вайскоўцаў вядома, што мясцовы ксёндз хаваў у гэтым касцёле зброю для паўстанцаў. Гэта стала падставай для царскіх улад адабраць гэты храм у 1863 годзе ў католікаў і аддаць яго праваслаўным. Некаторы час касцёл служыў як праваслаўны. Пасля гэтыя землі сталі належаць палякам. Тут размясціўся польскі полк, якому быў патрэбны гэты храм. І неўзабаве яны забралі яго сабе, тым самым як бы аднавіўшы справядлівасць. І храм дзейнічаў як каталіцкі да 1919 года. Падчас вайны ён быў моцна разбураны і доўгі час стаяў проста як руіны. У васьмідзесятых гадах гэтыя руіны нават аблюбавалі мінскія альпіністы. На храме трэніраваліся.

У сярэдзіне 1990-х з прыходам незалежнасці храм быў зноў перададзены праваслаўным. А ў канцы 1990-х яго і ўвогуле перадалі саюзу казакоў Беларусі, які нібыта ўзяўся яго рэканструяваць. Але, як можна бачыць, справа далёка не пайшла. Храм да гэтага часу зачынены.

Увогуле ў 1863 годзе было забрана шмат каталіцкіх храмаў. Прычым не заўсёды менавіта з-за таго, што быў даказаны ўдзел месцовых ксяндзоў у паўстанні. Але ў выпадку дадзенага касцёла ёсць падстава меркаваць, што ксёндз насамрэч удзельнічаў у паўстанні. Таму што менавіта ён арганізаваў пахаванні, якія з’яўляюцца наступным пунктам экскурсіі.

Яшчэ адзін помнік паўстання на гэтых землях – магіла паўстанцаў.

IMG_20130622_101537

Даглядаецца яна зараз толькі моладдзю.

Хаця Літоўскі правінцыйны камітэт пастанавіў, што паўстанне на нашых землях пачнецца ў красавіку, і прызначаныя кіраўнікі паўстанцкіх аддзелаў па ўсёй Беларусі чакалі загаду, было некалькі вельмі актыўных людзей, якія самі рваліся ў бой.

Адзін з такіх – Юльян Бакшанскі. Ён займаўся рэвалюцыяй здаўна. Першы раз ён патрапіў у Сібір яшчэ пасля таго, як пачаў распаўсюджваць сярод сялян заклікі аб’ядноўвацца і ісці змагацца за сваю зямлю. З катаргі ён вярнуўся толькі ў 1858 годзе, але сваёй гарачнасці не згубіў. І вось ён без загаду зверху сабраў каля 20 чалавек актывістаў і вырашыў ісці ў наступ. Яго папярэджвалі, что не трэба ісці раней за іншых. Урэшце іх злавіў рускі полк. У выніку загінула 4 чалавекі, 10 было паранена, а астатнія змаглі збегчы. Астанкі памерлых ксёндз перавёз на гэта месца.

Што датычыцца самой магілы, то, калі сюды прыйшлі палякі, яны паставілі тут новы помнік паўстанцам 1863 года. Ён стаяў і ў савецкія часы. Адраджэнне цікавасці да гэтага места адбылося ў 1983 годзе, калі сюды прыехалі два археолага, якія паставілі тут новы камень, каб ушанаваць паўстанцаў.

Наступны пункт экскурсіі – царква ў вёсцы Латыголь. Яна была пабудавана ў 1770-х гадах і спачатку з’яўлялася ўніяцкай. Уніяты на нашых землях былі небагатыя, таму будавалі храмы з дрэва, але па стылю іх ніхто не абмяжоўваў. Менавіта таму ў такіх цэрквах ёсць прыкметы барочнага стылю. Вельмі добра захаваліся такія драўляныя храмы ў заходняй Украіне, у Славакіі.

IMG_20130622_111334

У красавіку 1863 года па гэтай дарозе прамаршыравала каля 20 паўстанцаў. Кіраваў гэтымі паўстанцамі Яўген Кавалеўскі. Што тут рабілі паўстанцы -- дагэтуль невядома. Але можна прыблізна ўявіць сабе, што яны спыніліся каля царквы і зачыталі маніфест.

IMG_20130622_113452

Вёска Вялікая Сэрвач таксама важны пункт эскурсіі. Там размяшчаўся цэнтр вялікіх шляхецкіх уладанняў Козел-Паклеўскіх. Гэта вядомая шляхецкая фамілія, якая жыла тут да 1939 года. Тут знаходзіцца і іх радавая ўсыпальніца. Па знешнім выглядзе капліца вельмі простая. Зараз за ёй даглядае мясцовая парафія. У савецкія часы тут было поўнае запусценне. Старыя людзі расказваюць, что у маладосці хлопцы лазілі сюды і даставалі чарапы, якімі потым пужалі дзяўчат.

IMG_20130622_124215

Некалькі слоў пра сам род Паклеўскіх. Род паходзіць з Лепельшчыны. Але ў пачатку XIX стагоддзя Юзэф Козел-Паклеўскі ажаніўся тут з багатай шляхцянкай і атрымаў ва ўладанне вялікія землі. Козел-Паклейскія жылі тут вельмі доўга. На гэтых землях нарадзілі дзяцей, пабудавалі свой палац. А ўжо дзеці іх дзяцей, пяць сыноў, прымалі ўдзел у паўстанні 1863 года. Тут таксама быў арганізаваны адзін з атрадаў паўстанцаў.

Менавіта з-за таго, что на гэтай тэрыторыі пачынае фарміравацца партызанскі атрад, палац у Козел-Паклеўскіх улады адабралі. Падчас Другой сусветнай вайны палац быў моцна разбураны, а пасля вайны амаль канчаткова знішчаны.

Але больш-менш захавалася кузня. Можна меркаваць, што менавіта тут кляпаліся косы для паўстання.

IMG_20130622_130024

Козел-Паклеўскія, якія пасля паўстання былі высланы ў Сібір, змаглі прыехаць сюды толькі пасля Першай сусветнай вайны.

Яшчэ адзін прыпынак падчас экскурсіі – касцёл у вёсцы Даўгінава. Перад гэтым касцёлам таксама зачытвалі маніфест паўстання.

IMG_20130622_134420

Касцёл у вёсцы Альковічы пабудаваны ў неагатычным стылі. Гэты стыль быў вельмі папулярны ў той час. Людзям надакучыў сумны класіцызм. Таму было прынята рашэнне вярнуцца ў мінулае і пабудаваць касцёл, які б выклікаў пачуццё старадаўнасці.

IMG_20130622_154540

У 1930-х гадах ля гэтага касцёла як герояў сустракалі двух братоў Адамовічаў, якія нарадзіліся ў суседняй вёсцы, але потым з’ехалі ў Северную Амерыку і пабудавалі там фабрыку, на якой рабілі газіроўку. Але ў братоў была мара зрабіць штосьці эдакае. Яны купілі самалёт і здзейснілі першы пералёт праз Атлантыку як непрафесійныя лётчыкі.

Важная бітва паўстанцаў адбылася таксама каля вёскі Уладыкі. Паўстанцы размясціліся каля вёскі, каб адпачыць, але ж тут адбылася нечаканая сустрэча з рускімі войскамі. Бітва была непадрыхтаваная, таму паўстанцаў поўнасцю разбілі. Для іх гэты напад быў шокам. Паўстанцы заселі ў ляску і адстрэльваліся ад рускіх як маглі. Перастрэлка цягнулася больш за гадзіну. Урэшце тут было забіта каля 70 паўстанцаў. Забітых рускіх пахавалі каля царквы ў вёсцы, але магіл не захавалася. Паўстанцаў пахавалі ў агульнай магіле.

IMG_20130622_173438

Спачатку тут былі пахаваны і Козел-Паклеўскія, але потым іх рэшткі былі перанесены ў радавую ўсыпальніцу. Калі тэрыторыя належала Польшчы, гэтае месца было вельмі вядомым. Пасля тут пахавалі і ахвяр Другой сусветнай вайны. Зараз месца не такое ўжо і папулярнае, як у 1930-х гадах. Але даглядаецца і сёння. Нядаўна тут паклалі новую памятную пліту.

Апошнім прыпынкам падчас экскурсіі з’яўляецца ліпавая алея ў вёсцы Малыя Бесяды. Менавіта тут аднойчы яшчэ малады Янка Купала сустрэўся з былым паўстанцам Зігмундам Чыховічам.

Ліпавая алея – гэта ўсё, што засталося ад досыць вялікай сядзібы Зігмунда Чыховіча. Ён быў экспедытарам пры Каліноўскім,  праславіўся як рэвалюцыянер, хоць і не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Але ж ён ведаў усе яўкі і паролі, састыкоўваў людзей, аддаваў наказы і такім чынам адыграў вялікую ролю у паўстанні. У сябе дома ён захоўваў частку зброі. Яго перыядычна падазравалі, але толькі ў сярэдзіне паўстання змаглі даказаць яго ўдзел. Зігмунда адправілі ў Нарыльск на катаржныя работы на 9 год. Толькі ў 1880-х гадах ён вярнуўся на радзіму ў сядзібу сваёй жонкі і заняўся аднаўленнем мясцовай гаспадаркі. У канцы XIX ст. побач з гэтай сядзібай арэндаваў маленькую сядзібу Дамінік Луцэвіч. Тут яго сын Іван Луцэвіч і пазнаёміўся з Зігмундам Чыховічам. Яны шмат часу правялі ў размовах, і Янка Купала часта ўзгадваў Зігмунда ў сваіх ўспамінах. Відавочна, што ўсе гэтыя размовы моцна паўплывалі на станаўленне Янкі Купалы як беларускага паэта.