<p>На летняе пацяпленне турыстычны рынак рэагуе не менш чула, чым жывая прырода. Некаторыя сталічныя фірмы гэтай парой выпраўляюць кожную суботу пяць зборных экскурсій па Беларусі</p>

На летняе пацяпленне турыстычны рынак рэагуе не менш чула, чым жывая прырода. Некаторыя сталічныя фірмы гэтай парой выпраўляюць кожную суботу пяць зборных экскурсій па Беларусі, паведамляе «Культура».

Аднак цікавых навінак у асартыменце маршрутаў сёлета з’явілася зусім не багата. У рэкламных модулях фігуруюць даўно «раскручаныя» мясціны: Нясвіж з Мірам  і «ўраздроб» (што ўжо радуе!), радзей — Гальшаны ды Крэва (пасля рэстаўрацыйна-музеефікацыйных работ, хочацца верыць, і яны «падзеляцца») і зусім рэдка — Мсціслаў або Пінск (цікава, але — далёка!). Агулам — усяго некалькі дзясяткаў тапонімаў, і старонняму чалавеку можа падацца, нібыта «залаты запас» беларускіх адметнасцей гэтым і вычарпаны.

Эксперты ахвотна тлумачаць такую сітуацыю бракам эфектных аб’ектаў паказу — супастаўных, скажам, з рымскім Калізеем. Не паспрачаешся! Безумоўна, куды прасцей прывозіць турыстаў «на гатовае», чым самім ствараць тую «аблямоўку», якая дазволіць убачыць у новым ракурсе нават непрыглядныя руіны. Мусіць, тут і праходзіць дэмаркацыйная лінія паміж творчасцю ды вытворчасцю...

22 чэрвеня малады, але ўжо аўтарытэтны экскурсавод Цімафей Акудовіч прэзентаваў новы маршрут, прысвечаны падзеям 1863 года на Вілейшчыне. «Пераказваць» аўтарскую экскурсію — не раўнуючы, тое ж самае, што пераказваць фільм, і, каб не прыпадобніцца таму герою анекдота, які «перапеў» Каруза, абмяжуемся хіба «нататкамі на палях».

Сярод руін

Першае, што мяне прывабіла, — пералік мясцін, праз якія маршрут праходзіць: Латыголь, Вялікая Сэрвач, Даўгінава... Там калізеяў няма, і таму туды амаль ніколі не ступае нага турыста. Пакуль яго за руку не прывядзеш...

0

Шлях да закінутага бровара ў Вялікай Сэрвачы пакуль далёкі ад ідэалу турыстычнага маршруту.

Другі фактар — жорсткая тэматычнасць экскурсіі. Здавалася б, на Беларусі столькі ўсяго дзеялася за апошнюю тысячу гадоў, але ж маршруты, прысвечаныя канкрэтным падзеям нашай — і сусветнай — гісторыі (вайна з Напалеонам, жыццёвыя пуцявіны Міцкевіча або Шагала...), ладзяцца вельмі рэдка. Альбо і наогул не ладзяцца. Гэта датычыцца тэматыкі не толькі Першай сусветнай, але таксама і Другой — за выключэннем Хатыні і Кургана Славы. Няўжо не знойдзецца пара-тройка ахвотных «улезці ў скуру» абаронцаў Мінскага або Полацкага УРаў? Не кажучы ўжо пра Мазырскі  з яго сапраўднымі — а не міфічнымі — падземнымі хадамі.

Паўстанне 1863 года таксама стала ўрадлівай глебай для стварэння размаітых, часам палярных, міфалагем, характар якіх залежыць выключна ад светапогляду саміх стваральнікаў. Аўтар маршруту паставіў надзвычай сур’ёзную задачу: не «карміць троляў» ды іншых казачных персанажаў, але паспрабаваць разабрацца, што ж сапраўды адбывалася ў той складаны перыяд на беларускіх землях. Адпаведна, экскурсія — для тых, хто хоча скласці самастойнае меркаванне пра гэтыя падзеі нашай гісторыі.

І вось, на ўтульным «бусіку» з кандыцыянерам мы рушым тымі старымі гасцінцамі, па якіх увесну 1863 года пехатой перасоўваўся невялікі атрад інсургентаў на чале з мясцовым шляхцічам Вінцэнтам Козелам-Паклеўскім. Маршрут дакладна вывераны па гістарычных дакументах і нібыта нанізаны на нітку рэальных падзей.

Першы прыпынак — у вёсцы Плябань. Звычайнай беларускай вёсцы са сціплым касцёльчыкам, пераробленым пасля паўстання ў царкву (затым — ізноў у касцёл, пасля — у гаспадарчую будыніну, потым — ізноў у царкву, і гэта былі маркеры эпох), дзе на старым пагосце, больш-менш упарадкаваным сіламі валанцёраў, захавалася магіла паўстанцаў. І тут жа — першая неспадзяванка. Непадалёк ад тамтэйшай карціннай галерэі (ну так, гэта не Луўр) прыпаркаваўся вялікі аўтобус, і, мяркуючы па гамане ў двары, там адбывалася нешта цікавае.

Дзіва дзіўнае, але сціплая вёсачка на шляху ад Мінска да Маладзечна, якой наўрад ці знойдзецца месца нават у Топ-50 беларускіх адметнасцей, трапіла ў праграму аднаго з самых папулярных анімацыйных маршрутаў — «Шляхецкая гісторыя». Яго стваральнік Аляксандр Варыкіш перакананы, што цікавы ды пакручасты сюжэт здатны ўцягнуць у туріндустрыю нават тыя аб’екты паказу, на якія ніхто і ўвагі не зверне, праязджаючы міма.

Цімафей Акудовіч, у сваю чаргу, прапануе іншы шлях: факталагічна багатае экскурсійнае суправаджэнне. Канкурэнцыі ён зусім не баіцца ды сцвярджае, што забаўляльныя праграмы ды пазнаваўчыя маршруты — гэта тыя прамыя, якім назаўсёды наканавана ісці паралельна, не перасякаючыся і не перашкаджаючы адна адной.

Піетэт у адносінах да анімацыі ды іншых турыстычных атракцый цалкам заканамерны, але гэта зусім не азначае, што новыя формы павінны «пахаваць» класіку жанру. Зрэшты, і Цімафей Акудовіч не ўстрымаўся ад таго, каб прымусіць экскурсантаў прымерыць світкі паўстанцаў — на падворку сціплай драўлянай цэркаўкі ў вёсцы Латыголь.

У вёску Вялікая Сэрвач — радавое котлішча Козел-Паклеўскіх — завіталі, каб паглядзець кузню, дзе, імаверна, перараблялі звычайныя косы на халодную зброю. Кузня як кузня. Натуральна, закінутая. Колькі такіх самавітых гаспадарчых пабудоў з характэрнага бутавага каменя марнее па ўсёй краіне — ці, прынамсі, на той самай Вілейшчыне? У той самы дзень бачылі яшчэ адзін падобны «заброс» — колішні млын Багдановічаў у Мацькаўцах. На шчасце, нехта хаця б вокны там пазабіваў — хаця заканадаўства, нібыта, і не абавязвае, бо «ў Дзяржспісе не значыцца». Як, прыкладам, і сядзіба таго самаго роду ў Старынках... Пашчасціла хіба іншаму старому бровару — у Стайках: мінскія прадпрымальнікі вырашылі, што яму самы час пераўтварыцца ў прэзентабельны грамадска-культурны цэнтр міжнароднага класа. Па словах навуковага кіраўніка аб’екта Вадзіма Глінніка, планы новага ўласніка — проста грандыёзныя, на інвестыцыі ён не паскнарнічае. Але няўжо не знойдзецца хаця б які гаспадар і для іншых старых камяніц, за гадзіну язды ад Мінска? Ды ці шукалі?

Бровар, пабудаваны адным з ацалелых пасля паўстання Козел-Паклеўскіх, — непадалёк ад той самай кузні, і ўслед за гідам мы паслухмяна рушылі туды па гразі. Камяніца з’явілася ўжо на пачатку ХХ стагоддзя. У пачатку наступнага дах быў яшчэ цалюткі, а вось цяпер... Па ўсім відаць, што хутка будынку гамон: дэструктыўны працэс набывае сілу з кожным месяцам.

Здавалася б, такі аб’ект — поўны «офтоп» для тэматычнай экскурсіі. Але ж гід удала выяўляе тыя пакручастыя прычынна-выніковыя сувязі, якія, уласна, і ствараюць гісторыю, ды, на жаль, ужо абарваліся. Паглядзелі, пахадзілі сярод руін, прасякнуліся... Хаця, вядома, было б лепш, каб у тым месцы нам прапанавалі эспрэса.

Усё з сабой

Большасць пахавальняў беларускай шляхты (у цяперашнім стане) — гэта не проста адна з найпраблемных катэгорый помнікаў спадчыны, але і сапраўдная ганьба для іх нашчадкаў. Фамільную капліцу Козел-Паклеўскіх у той самай Вялікай Сэрвачы вандалы таксама не абышлі ўвагай, але цяпер яна здзіўляе свежай тынкоўкай, ды і дзверы ў ёй зачынены трывала. І ўсё гэта — стараннямі мясцовых каталікоў ды проста неабыякавых людзей.

Але найбольшая неспадзяванка чакала нас у маленькай вёсцы Альковічы, дзе захаваўся прыгожы неагатычны касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Ягоны пробашч Анатоль Парахневіч не толькі знайшоў час, каб адчыніць нам дзверы (як гэта ахвотна зрабіў і святар з класіцыстычнага касцёла ў Даўгінаве), але і зладзіў уласную экскурсію — зразумела ж, на добрай беларускай мове. Як выявілася, пры касцёле існуе нават свой музейчык  — наўпрост у сакрыстыі. Невялікі, але надзвычай цікавы. Чаго варты хаця б арнат (літургічнае адзенне святара) з ушытым у яго арыгінальным слуцкім поясам! А шыкоўная калекцыя этнаграфіі, якая ўжо сама па сабе можа разбурыць дзіўныя стэрэатыпы пра неўспрыняцце каталіцкім клірам «паганскай» народнай культуры... Карацей, турыстаў у той вёсачцы чакаюць з нецярплівасцю! Стукайце, і вам не палянуюцца адчыніць.

Натуральна, куды прасцей прыязджаць туды, дзе цябе чакаюць, а не прывозіць «усё з сабой». Ды, па словах Цімафея Акудовіча, не так часта гэтак атрымліваецца:

— Так, у нас мноства раённых музеяў ды іншых устаноў культуры, але... Максімум, што можа прапанаваць большасць з іх — звычайная занудлівая экскурсія. Зразумейце, гэтага замала для ўключэння ў маршрут. З іншага боку, нейкі «цырк» нам таксама не патрэбны. А вось узор таго, што асабіста мне хацелася б бачыць «на месцах», — Музей-сядзіба Міцкевічаў у Завоссі. Экскурсіі, якія ладзіць яе дырэктар, не проста грунтоўныя ды інфарматыўныя, яны не проста насычаны атракцыяй ды інтэрактывам — усё гэта ўтварае папраўдзе арганічны сплаў.

Ну што тут дадаць? Усім, хто не быў, — тэрмінова на майстар-клас да Анатоля Еўмянькова! Паверце, не пашкадуеце!..

Пераемнасць і логіка

Услед за туляннем паўстанскага атрада па вілейскіх лясах ды балотах (экскурсавод не парупіўся пра тое, каб насыціць ягоны шлях няіснымі подзвігамі), мы апынуліся на месцы апошняй бітвы. Ля вёскі Уладыкі часткі Інгерманландскага палка знянацку напалі на лагер інсургентаў. Гэта было скрышальнае паражэнне.

Узнікае пытанне: дык а чаму ж аўтар маршруту абраў такі негераічны сюжэт? Адказ вельмі просты: рэальны ход падзей той пары нагадвае драматычныя калізіі твораў Васіля Быкава, а не сцэнарыі галівудскіх баевікоў. Лёс атраду Козела-Паклеўскага — проста тыповы іх прыклад. Адпаведна, калі вы не хочаце пазбаўляцца таго рамантычнага флёру, які быў паспяхова засвоены вамі яшчэ на ўроках беларускай літаратуры, рэкамендую скарыстацца паслугамі іншага экскурсавода. Балазе які-ніякі выбар ужо ёсць.

...Зрэшты, на месцы апошняга бою экскурсія не скончылася. Наступны пункт — вёска Малыя Бесяды. Там яшчэ захавалася паркавая алея — напамін пра гаспадара тамтэйшай сядзібы Зыгмунта Чаховіча, экспедытара Канстанціна Каліноўскага. Вярнуўшыся з высылкі, Чаховіч асеў на Лагойшчыне ды прысвяціў увесь час кнігам. Мабыць, менавіта з гэтай прычыны да гаспадара маёнтка аднойчы завітаў юнак з суседняга засценка — нехта Янук Луцэвіч. Ды, натуральна, застаўся на гутарку. Пераемнасць пакаленняў, лагічная повязь...

Параўноўваць гэтую экскурсію з самастойнай вандроўкай па тых самых мясцінах нават большае кашчунства, чым ставіць у адзін шэраг прагляд «экранкі» ды выправу на фільм у 3D-кінатэатр. Натуральна, трэцім вымярэннем у дадзеным выпадку стала гісторыя, якую мы здолелі адчуць і нават, падаецца, трохі зразумець. Удзельнікі прэзентацыйнай экскурсіі апладзіравалі гіду. Маршрут ужо прадстаўлены на суд экспертаў Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь і ў выпадку адабрэння стане рэгулярным.

— Натуральна, я не маю ніякіх ілюзій адносна таго, што гэтая экскурсія зробіцца масавай ды прыбытковай, — кажа Цімафей Акудовіч. —  Колькасць людзей, якія сур'ёзна цікавяцца гісторыяй, — заўсёды параўнальна невялікая. Але перакананы, што, прынамсі, пару разоў на сезон групы сабраць атрымаецца…

Пару разоў на сезон — зусім не «прамысловы» паказчык. Тым не менш, такія маршруты патрэбны. Па-першае, для «біялагічнай разнастайнасці» самога рынку. І, па-другое, — гэта важна для тых мясцін, дзе турысты яшчэ «не надакучылі». Што ж да аўдыторыі...

— Ёсць такая з’ява, як давер да экскурсавода, — тлумачыць Цімафей Акудовіч. — Маю сталых кліентаў, якіх я некалі вазіў выключна па вядомых мясцінах, але цяпер магу прапанаваць ім экскурсію хоць куды. І яны пагодзяцца, бо ведаюць: будзе цікава!..

Ілья СВІРЫН