https://www.traditionrolex.com/8
<p>Першую экспазіцыю ў музеі «Вытокі» адкрылі чатыры гады таму, і ўжо сабралася столькі экспанатаў, што імі цікавяцца не толькі землякі, але і госці з Польшчы, Украіны. Нядаўна прыязджалі з Масквы. Будзеце на Бераставіччыне — пабывайце ў гэтым музеі, не пашкадуеце</p>

У Бераставіцкім раёне больш за сто населеных пунктаў, і ў кожным з іх — сваё мінулае, насычанае не толькі падзеямі, але і легендамі, паданнямі. Захаваць усё гэта для нашых сучаснікаў і нашчадкаў імкнуцца ў Малабераставіцкай сярэдняй школе, дзе стварылі музей «Вытокі», паведамляе «Звязда».

— Каб стаць у нас экскурсаводам, трэба пастарацца. Гэта вельмі прэстыжна, — кажа ініцыятар арганізацыі і кіраўнік музея, настаўнік гісторыі Тамара Эйсмант.

А далей бяруцца за справу тутэйшыя школьнікі-экскурсаводы, якія заслужылі такое права на конкурснай аснове. Прычым робяць гэта так зацікаўлена, творча, што «дадуць фору» нават некаторым прафесійным гідам, якія шаблонна агучваюць тэксты з інтэрнэту.

Напрыклад, Павел Кацуба апавядае пра Верхаўлянскае свяцілішча — язычніцкі культавы комплекс побач з вёскай Верхаўляны. Гэта помнік з далёкіх часоў, калі нашы продкі лічылі багамі агонь, ваду, дрэва, камень, гром, маланку. Свяцілішчы ўзніклі яшчэ ў каменным веку і прысвячаліся Перуну — богу маланкі. На ўзгорку абкладвалася каменем пляцоўка дыяметрам сем метраў, якая была акружана ровам.

— Уявіце сабе, як правадыр племені прыводзіць на гэтае святое месца сваіх людзей, яны распальваюць вогнішча, языкі полымя ўпіваюцца ў цемру. І гучыць песня-заклінанне ... — вось як Павел уяўляе гэтае язычніцкае дзейства.

Дарэчы, школьныя краязнаўцы ўжо неаднойчы накіроўваліся туды ў экспедыцыі. Некаторыя знаходкі — камяні са знакамі — цяпер можна ўбачыць у музейнай археалагічнай калекцыі. А яшчэ адзін вынік гэтых падарожжаў — пачутыя ад тутэйшых старажылаў паданні. Паводле аднаго з іх, аднойчы за нейкую правіннасць людзі прынеслі да свяцілішча ў ахвяру не жывёлу, як звычайна, а маладую дзяўчыну. Пасля чаго гэтае месца стала праклятым, і нават цяпер людзі баяцца падыходзіць да яго, засяваць побач палеткі.

У музейным раздзеле «Хлеб — усяму галава» гасцей вітае ўжо іншы гід — Кірыл Панасевіч. Ён расказвае аб даўнейшых прыладах, якімі карысталіся мясцовыя земляробы, прапануе гасцям самім папрацаваць на жорнах і паспаборнічаць у веданні прымавак пра хлеб. А хтосьці, магчыма, і сёння зацікавіцца старажытным рэцэптам выпечкі хлеба.

Музей таксама знаёміць з адзеннем, якое калісьці насілі ў гэтых мясцінах, з побытам сялянскай хаты 1940-1950 гадоў. Нядаўна там з'яўвіўся яшчэ адзін экспанат — стойка для дзіцяці. Адно дзіця цяпер у калысцы, а другое можа і пастаяць (на здымку).

Адзін з самых каштоўных экспанатаў музея — драўлянае крэсла, абабітае скурай. Яно, верагодна, знаходзілася ў маёнтку графа Юндзіла побач з Малой Бераставіцай.

Усё ў музеі сабрана мясцовымі жыхарамі. У тым ліку і экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне: фатаграфіі, асабістыя рэчы франтавікоў, узнагароды, падзякі камандавання, пісьмы з вайны дадому... Пайменна названы ўраджэнцы гэтых мясцін — тыя, хто загінуў на франтах, і тыя, хто вярнуўся, а таксама падпольшчыкі і ахвяры фашызму.

Першую экспазіцыю ў музеі «Вытокі» адкрылі чатыры гады таму, і ўжо сабралася столькі экспанатаў, што імі цікавяцца не толькі землякі, але і госці з Польшчы, Украіны. Нядаўна прыязджалі з Масквы. Будзеце на Бераставіччыне — пабывайце ў гэтым музеі, не пашкадуеце! Тамара Эйсмант кажа, што тут з радасцю правядуць экскурсію нават для аднаго чалавека.

Барыс ПРАКОПЧЫК

https://www.traditionrolex.com/8